Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве завяршыўся Форум Рады Эўропы (фотарэпартаж)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве завяршыўся Форум Рады Эўропы ў справе будучыні дэмакратыі, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх 46 краінаў Рады Эўропы, а таксама Беларусі. Генэральны Сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс заявіў Радыё Свабода, што Беларусь у бліжэйшы час ня мае шансаў далучыцца да гэтай арганізацыі.

Галоўная мэта Форуму рады Эўропы ў справе будучыні дэмакратыі, гэта абмен досьведам пашырэньня і ўдасканальваньня дэмакратычных мэханізмаў у краінах, якія належаць да Рады, але гаворка таксама ішла і пра сытуацыю ў адзінай эўрапейскай краіне, якая да Рады Эўропы не належыць – Беларусі.

Адзіная прадстаўніца Беларусі на форуме – намесьніца старшыні АГП Людміла Гразнова, а на яе ўдзел у мерапрыемстве зьвярталі ўвагу амаль ўсе выступоўцы, лічыць такі абмен думкамі вельмі важным.

(Гразнова: ) “Той абмен думкамі, які тут быў, спрыяе агульнаму дэмакратычнаму працэсу ня толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Эўропе”.

Новаабраны сьпікер польскага Сэнату Багдан Барусэвіч, які кіраваў працай Форуму, завіў нашаму радыё, што верыць у перамогу дэмакратыі ў Беларусі, бо яшчэ паўстагодзьдзя таму ў сьвеце было ў некалькі разоў менш дэмакратычных краінаў, чым цяпер.

(Барусэвіч: ) “Нагадваць сьвету аб тым, што ў Беларусі ёсьць праблема з дэмакратыяй вельмі важна і Польшча будзе працягваць гэта рабіць. Але рэшта залежыць ад саміх беларусаў – ніхто акрамя іх не прынясе перамены ў іхнай краіне. Беларуская грамадзкасьць не заўсёды была пасіўнай – я памятаю стотысячныя дэманстрацыі ў Менску. Тады падавалася, што Беларусь апярэдзіла сваіх суседзяў у справах дэмакратызацыі, але потым усё зьмянілася. І гэта прыклад таго, што дэмакратыя не даецца назаўсёды”.

У сваю чаргу генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс, які таксама ў часе сваё прамовы адзначыў, што Беларусь, гэта адзіная краіна Эўропы, якая застаецца па-за гэтай арганізацыяй, заявіў нашаму радыё:

(Дэвіс: ) “Мы расчараваныя, я б вельмі хацеў, каб Беларусь была сябрам Рады Эўропы. Але цяпер пытаньне аб далучэньні гэтай краіны да Рады ня можа нават разглядацца, бо Беларусь не зрабіла ніякіх крокаў у кірунку да дэмакратызацыі і пашаны правоў чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG