Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці змогуць беларусы аздараўляцца ў санаторыях?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 3 лістапада) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

(Валер Карбалевіч: ) “Рыхтуецца прэзыдэнцкі ўказ аб рэарганізацыі санаторна-курортнай сыстэмы. Падчас учорашняй нарады па гэтым пытаньні Лукашэнка паставіў задачу ў наступным годзе скараціць бюджэтнае фінансаваньне санаторна-курортнага аздараўленьня ў два разы, а ў 2007 годзе — яшчэ ў два разы. Дзяржаўныя субсыдыі за пуцёўкі захаваюцца толькі для некаторых неабароненых катэгорыяў насельніцтва: шматдзетных сем’яў, інвалідаў і іншых. Усе астатнія грамадзяне будуць плаціць за пуцёўкі самі. Сярэдні кошт пуцёўкі — каля 500 тысяч рублёў. Санаторыі, прафілякторыі, дамы адпачынку павінны перайсьці на самаакупнасьць.

Калі ацэньваць гэтыя захады з гледзішча рынкавых дачыненьняў, то, здаецца, усё правільна. Ільготаў павінна быць як мага менш, грамадзянін павінен сам аплачваць свае расходы. Гэта нешта падобнае на тое, што ў Расеі назвалі манэтызацыяй ільготаў. Лукашэнка падчас нарады назваў гэтыя захады крокам да сацыяльнай справядлівасьці, таму што значная частка адпачынкоўцаў у санаторыях — “штатныя” наведнікі, адны і тыя ж людзі, якія бліжэй да начальства. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую рэарганізацыю?”

(Генадзь Фядыніч: ) “У ідэі гэтай рэарганізацыі, відаць, ёсьць сэнс. Ня так усё добра ў нашых санаторыях і дамах адпачынку. Я ведаю, што Міністэрства аховы здароўя яшчэ летась накіравала кіраўніку дзяржавы запіску, у якой адзначыла: цяперашняе аздараўленьне не патрэбнае Беларусі. Але ж яно не сказала, якое патрэбнае, і што для гэтага павінна зрабіць дзяржава. Калі падыходзіць да гэтай праблемы зь дзяржаўнага гледзішча, то трэба падлічыць, якая колькасьць людзей мае патрэбу ў аздараўленьні, чаго не хапае ў санаторыях (лекаў, спэцыялістаў, мэдычнага абсталяваньня). Але ж гэтага не было зроблена. Лукашэнка даў каманду: скараціць дзяржаўныя субсыдыі ўдвая. А чаму ня ў тры разы, чаму не ў паўтара? Гэта ж народныя сродкі ідуць на гэтае аздараўленьне.

Падыход да гэтай праблемы павінен быць празрыстым. Людзі павінны ведаць пра магчымасьці аздараўленьня ў санаторыях. Купіць пуцёўку за 500 тысяч рублёў будзе цяжка. Магчыма, што людзі аддадуць перавагу адпачынку ў Турэччыне ці Баўгарыі, а не ў Беларусі”.

(Аляксандар Ярашук: ) “Гэтая праблема даўно насьпела. Шкада, што толькі цяпер да яе нарэшце падышлі. Тут існуюць пэўныя супярэчнасьці. Дзяржава ў якасьці сацыяльна-эканамічнай палітыкі дэкляравала, што ў нас будуецца нейкі сацыялізм з чалавечым тварам, што ў нас сацыяльна арыентаваная эканоміка. А гэтае рашэньне супярэчыць згаданым дэклярацыям. Я б ня стаў казаць, што гэтае рашэньне прадыктаванае нейкай сацыяльнай справядлівасьцю. Таму сацыяльнай справядлівасьці тут якраз найменей, калі мець на ўвазе магчымасьць доступу да санаторна-курортнага лячэньня. Але трэба прыходзіць да высновы, што час сацыялізму ў гэтай сфэры мінуў. Гэтай абставінай і прадыктаванае такое рашэньне”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, як сказаў спадар Ярашук, Лукашэнка і дзяржаўная прапаганда ўвесь час цьвердзяць, што ў нас сацыяльна арыентаваная дзяржава — адрозна ад іншых краінаў, дзе прайшлі рынкавыя рэформы. І вось такая рэарганізацыя санаторна-курортнай сыстэмы пэўным чынам разбурае гэты імідж. Чаму Лукашэнка ідзе на гэта? Чым гэта тлумачыцца?”

(Фядыніч: ) “Гэты крок зроблены цяпер, магчыма, таму, што ў дзяржавы няма сродкаў для ўтрыманьня гэтых санаторыяў у такім стане. Але колькасьць людзей, якія аздараўляюцца ў санаторыях і прафілякторыях, меншая, чым тых, хто не аздараўляецца. Гэта відавочна. Лукашэнка пайшоў на гэты крок, відаць, пад уплывам Міністэрства аховы здароўя. Было адзначана, што ў выніку рэарганізацыі будзе зэканомлена дзесьці 175 мільярдаў рублёў. Але гэта дэклярацыя. Гэта папулісцкі крок.

Для мяне, як грамадзяніна, не зразумела, куды пойдуць гэтыя зэканомленыя сродкі. Павінна быць празрыстасьць, ці сапраўды гэтыя грошы пойдуць на падтрымку дзяцей ці будаўніцтва жыльля, як дэкляравана. І колькі гэтага жыльля будзе пабудавана, калі адзін квадратны мэтар каштуе 300—400 ці нават 700 даляраў?

Але ня думаю, што ў выніку людзям стане лепш. Трэба было рабіць зусім іншыя захады, каб нашая аздараўляльная сыстэма адпавядала сусьветным стандартам”.

(Ярашук: ) “Як гэта ні парадаксальна гучыць, але я лічу, што з гледзішча папулізму Лукашэнкі гэта правільны крок. Ён толькі вонкава можа выглядаць непапулярным. Насамрэч ён выкліча і пэўную станоўчую рэакцыю. Карыстацца санаторыямі мела магчымасьць абмежаванае кола грамадзтва. А большасьць людзей зь невялікім матэрыяльным узроўнем не маглі разьлічваць на атрыманьне льготных пуцёвак. Гэты чыньнік можна назваць здаровай беларускаю зайздрасьцю. Лукашэнка арыентуецца на тых людзей, якія скажуць: “Правільна. Мы ня езьдзім, няхай і яны ня езьдзяць”.

(Карбалевіч: ) “На нядаўнім зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай яе старшыня Козік выступіў з прапановаю, каб замест дзяржавы кошт пуцёвак аплачвалі суб’екты гаспадараньня. Але Лукашэнка гэтага пакуль не падтрымаў. Якія наступствы будзе мець гэтая рэарганізацыя? Тыя людзі, у якіх ёсьць грошы, сярэдняя кляса аддае перавагу адпачынку каля мора, у Турэччыне альбо Эгіпце. А ці будуць тыя людзі, у якіх грошай няшмат, купляць пуцёўкі за свой кошт за 500 тысяч, каб атрымаць беларускі сэрвіс? Ці вытрымае санаторна-курортная сыстэма такую рэарганізацыю, ці здольная яна быць на самаакупнасьці?”

(Фядыніч: ) “Жыць у рынку бяз рынку, відавочна, немагчыма. Шмат санаторыяў і прафілякторыяў пасьля Новага году апынуцца нерэнтабэльнымі. І ў прадпрыемстваў няма грошай для іх падтрымкі. Яны ня здольныя ўтрымаць дзіцячыя аздараўляльныя лягеры, якія альбо прададзеныя, альбо прыходзяць у нягоднасьць. Прадпрыемствы, у якіх яшчэ ёсьць сродкі для падтрымкі сацыяльнай сфэры, можна пералічыць на пальцах адной рукі. З кожным годам скарачаюцца сродкі на сацыяльную сфэру, якія зафіксаваныя ў калектыўных дамовах.

Найперш праблемы ўзьнікнуць у санаторыях Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай і прафсаюзаў аграрнага комплексу, у якіх больш за ўсё санаторыяў. Іншая справа з санаторыямі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. У яго ўласнасьці знаходзіцца дзіцячы санаторый у Місхоры, дзе таксама цяпер адпачываюць чыноўнікі высокага рангу. Ёсьць санаторый гэтай структуры ў Туапсэ, санаторый “Сосны” на Нарачы. Яны будуць падтрымлівацца за дзяржаўныя грошы і ня будуць існаваць на аснове самафінансаваньня.

Немагчыма ў Беларусі зрабіць так, каб чалавек сам плаціў за пуцёўку 250 даляраў, а санаторыі былі самаакупнымі. Гэта няправільная дзяржаўная палітыка. Нельга ісьці шляхам скарачэньня фінансаваньня. Галоўная мэта дзяржавы павінна быць — каб людзі маглі ня толькі адпачыць у санаторыях, але і паправіць сваё здароўе”.

(Ярашук: ) “Я скептычна стаўлюся да пэрспэктываў, лёсу нашай аздараўляльнай сыстэмы. Эканоміка — упартая рэч, яна павінна разьвіцца па ўласным законам, а не па правілах ідэалёгіі, як гэта адбываецца ў нас. Не магу ўявіць, якім чынам без прыцягненьня інвэстара і інвэстыцыяў (а іншых крыніцаў не існуе) можна зрабіць гэтую галіну канкурэнтаздольнай. Я згодзен з спадаром Фядынічам, што найперш незайздросная пэрспэктыва ў санаторыяў, якія належаць Фэдэрацыі прафсаюзаў беларускай і прафсаюзаў аграрнага комплексу.

Кошт пуцёўкі названы 500 тысяч рублёў. Насамрэч гэта будзе і 600 тысяч, і 700 тысяч, і болей. Без інвэстыцыяў і сапраўднага гаспадара санаторыі ня будуць канкурэнтныя на рынку аздараўленчых паслуг. Хутчэй за ўсё, людзі будуць аддаваць перавагу адпачынку ў санаторыях Расеі, Украіны, Баўгарыі, Румыніі, Кіпру”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, здаецца, рэарганізацыя санаторна-курортнай сыстэмы, так бы мовіць, манэтызацыя гэтай сфэры, можна было б лічыць рацыянальным крокам. Але ў беларускіх умовах, калі ўсе нармальныя дачыненьні перакручаныя, любыя, нават разумныя захады, даюць зусім ня той эфэкт, на які разьлічваюць іхныя ініцыятары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG