Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія сьпевакі разам з БНФ зладзілі канцэрт у дзіцячым доме


Галіна Абакунчык, Менск Актывісты культурніцкай камісіі моладзевай арганізацыі партыі БНФ зладзілі дабрачынную акцыю для выхаванцаў менскага дзіцячага дому №4. У падарунак дзецям яны перадалі фотаальбомы й беларускія кніжкі. Дабрачынны канцэрт зладзілі таксама вядомыя беларускія музыкі: Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў і гурт “Палац”.

Канцэрт распачаў “Палац” й гэта адразу ж выклікала ў залі аплядысмэнты. Яны не сьціхалі й падчас выступленьня ўсіх артыстаў. Вось што казалі пра канцэрт юныя гледачы.

(Юначка: ) “Вельмі падабаецца”.

(Юначка: ) “Мне таксама вельмі падабаецца гэты канцэрт. Вельмі прыемныя артысты, вельмі хораша сьпяваюць”.

(Юнак: ) “У нас шмат імпрэзаў адбываецца, але такіх вельмі мала. Хацелася бы пабольш”.

Гаварылі выхаванцы менскага дзіцячага дому.

Аляксандр Памідораў, які ня першы раз прымае ўдзел у дабрачынных канцэртах для дзяцей-сіротаў, вось як патлумачыў свой удзел у гэтай акцыі.

(Памідораў: ) “Гэта абсалютна натуральна, каб удзельнічаць у дабрачынных акцыях. Гэта дзеля дзяцей, дзеля будучыні. У мяне таксама дзіця ёсьць, а дзяцей трэба выхоўваць у пэўным кірунку”.

Дабрачынны канцэрт у дзіцячым Доме №4 актывісты моладзі БНФ праводзяць ня першы раз. І кожны раз кіраўніцтва застаецца задаволенае імпрэзай. Вось як пракамэнтавала падзею намесьніца дырэктара Галіна Ганчарова.

(Ганчарова: ) “Канечне, мы толькі “за”. Мне вельмі падабаюцца гэтыя акцыі, бо яны дапамагаюць далучацца да беларускай мовы й культуры. Вучаць дзяцей па-беларуску размаўляць. Нават вось і я загаварыла”.

Актывісты моладзі БНФ кажуць, што будуць працягваць дабрачынныя культурніцкія акцыі й надалей. Мэту іх правядзеньня "Свабодзе" патлумачыў Алесь Мазанік.

(Мазанік: ) “Сёньняшняя акцыя мае на мэце паказаць, што ў нашай краіне беларуская мова мусіць быць у пашане. Што ня толькі БРСМ нейкія акцыі праводзіць, але моладзь БНФ таксама здольная праводзіць добрыя імпрэзы. Тут дзеці жывуць больш самастойна й самі мусяць прымаць жыцьцёвыя рашэньні. Менавіта ім, у першую чаргу, трэба паказаць што культура й мова павінныя стаць на першую прыступку ў гіерархіі каштоўнасьцяў для маладога пакаленьня беларусаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч

Самае папулярнае

XS
SM
MD
LG