Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі Дзень нацыянальнага адзінства – фальшывая гістарычная памяць?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы лічаць, што новае расейскае сьвята Дзень нацыянальнага адзінства і згоды было прымеркаванае да гадавіны выгнаньня польска-беларускіх аддзелаў з Масквы, пабудаванае на гістарычных стэрэатыпах і палітыцы пошуку зьнешніх ворагаў.

Анджэй Новак – гісторык, прафэсар Ягелёнскага унівэрсытэту ў Кракаве лічыць, што і расейцы і палякі, узгадваючы пра падзеі чатырохсотгадовай даўніны, кіруюцца гістарычнымі стэрэатыпамі.

(Новак: ) “Што тычыцца гэтак званай “вялікай смуты”, дык яна, насуперак распаўсюджанаму сярод расейцаў меркаваньню, не была выкліканая уварваньнем сілаў Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, але ўнутранай вайной баярскіх клянаў за ўладу пасьля сьмерці апошняга прадстаўніка дынастыі Рурыкавічаў. Выйгралі гэтае змаганьне Раманавы, якія са свайго слугі Атрэп’ева зрабілі царскага нашчадка, выкарыстаўшы пры гэтым палякаў. Потым, ужо заваяваўшы ўладу, Раманавы перарабілі гісторыю, прадставіўшы грамадзянскую вайну як змаганьне іхнага гераічнага роду супраць экспансіі ворагаў-каталікоў. Трэба памятаць, што на пачатку дэлегацыя Рэчыпаспалітай на чале выбітным палітыкам і мысьляром Вялікім канцлерам ВКЛ Львом Сапегам прыехала ў Маскву, каб запрапанваць саюз, зьбліжэньне з Захадам, на што Гадуноў не пагадзіўся. У гэтым палягае фальшывая гістарычная памяць расейцаў. А палякі, якія думаюць, што вось, мы заваявалі Крэмль – таксама памыляюцца. Нашых продкаў толькі выкарысталі ва ўнутранай барацьбе. Я б гэтым не ганарыўся”.

Паводле прафэсара Новака, у сваёй гісторыі расейцы некалікі разоў зьвярталіся да створанага Раманавымі міфу.

(Новак: ) “Яшчэ ў часе першай вайны з Напалеонам, расейцы паставілі помнік Мініну і Пажарскаму, выдумалі Івана Сусаніна, зьявіліся паэмы, опэры, якія праслаўлялі выгнаньне палякаў і ліцьвінаў. Гэта было патрэбна, каб падкрэсьліць адвечную варожасьць Захаду да Расеі. Цяпер, калі Пуцін хоча адбудаваць імпэрскую пазыцыю Расеі, гэта ізноў патрэбна. Так што выгнаньне нашых продкаў застаецца сымбалем, які выкарысталі 400 гадоў таму, 200 гадоў таму, а цяпер яшчэ раз выкарыстоўваюць на пачатку ХХІ стагодзьдзя”.

Між тым былы прэзыдэнт Польчшы Лех Валэнса лічыць, што расейцы заўсёды шукалі зьнешніх ворагаў і таму новая сьвята пасуе да гэтай палітыкі.

(Валэнса: ) “Расейцам заўсёды патрэбны быў зьнешні вораг, каб падтрымаць унутранае адзінства. Калі такога ворага не было, дык яго выдумлялі. Цяпер на гэтую ролю абралі палякаў. Ня варта на гэта зьвяртаць увагі”.

У сваю чаргу былы амбасадар Польчы ў Расеі Стэфан Мэлер, які некалькі дзён таму стаў новым міністрам замежных справаў Польшчы заявіў нашаму радыё, што ў гэты дзень будзе ўзгадваць іншыя падзеі, таксама зьвязаныя з польска-беларускай гісторыяй.

(Мэлер: ) “Я хутчэй ўзгадаю разьню, якую войска маршала Суворава зрабіла ў Варшаве ў гэтыя дні напрыканцы васямнаццатага стагодзьдзя, калі расейскія аддзелы душылі паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта для раўнавагі з тымі расейскімі ўгодкамі, якія на маю думку не пасуюць, каб быць нацыянальным сьвятам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG