Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абараняць будынак прыйшлі тры чалавекі (фота)


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ля будынку №27 па вуліцы Гандлёвай у Менску мелася адбыцца акцыя ў абарону ад зносу будынку, які зьяўляецца культурна-гістарычным помнікам пачатку 19-га стагодзьдзя. На месцы гістарычнага будынку 19-га стагодзьдзя мяркуюць паставіць праваслаўную акадэмію. Апрача журналістаў на акцыю пратэсту прыйшло толькі тры юнакі. Тым часам, будаўнікі зьнесьлі дах на будынку і пачалі зьбіваць цэглу.

За сёньняшні дзень будаўнікі цалкам разабралі дах і пачалі зьбіваць цэглу. Цагліны ляжаць пад сьценамі будынку, апошняга, які застаўся на спуску ад верхняга да ніжняга рынкаў дасавецкага Менску. Праваслаўная царква на гэтым месцы пачала будаўніцтва духоўнай акадэміі, якая будзе налічваць пяць карпусоў.

2 лістапада на плошчу Свабоды да будынку прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек, каб выказаць сваё нэгатыўнае стаўленьне да зьнішчэньня гістарычнай спадчыны. Сярод іх былі мастакі, паэты, музыкі і студэнты. Яны зьбіралі подпісы і заклікалі грамадзкасьць быць неабыякавай і штодня прыходзіць на плошчу а 16 гадзіне. Але сёньня прыйшло толькі трое студэнтаў. Яны казалі будаўнікам, што лягуць пад падаючыя цагліны. Але ў гэтым ужо не было неабходнасьці – скончыўся працоўны дзень.

Былы ліцэіст, а цяпер студэнт БДУ Франак Вячорка быў у разгубленасьці:

(Вячорка: ) “Сёньня вельмі важна падкрэсьліваць нашу грамадзянскую пазыцыю і стаўленьне да гістарычнай архітэктуры Менску. Спадзяемся, што змаганьне працягнецца і ёсьць шанцы захаваць гэтую памяць, гэтую спадчыну, нягледзячы на любыя рашэньні, прынятыя зьверху. Інтэлігенцыя, у прынцыпе, балюча ўспрыняла гэтую падзею. Але зь іншага боку, у іх няма сілаў, сілаў і такога імпэту, каб ісьці і змагацца на вуліцу”.

Гаворыць сябар Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Сяржук Семянюк:

(Семянюк: ) “Калі згадваеш клясыка, ён казаў: “Не трэба двух, каб пачаць.” Бачна, што беларусы карыстаюцца гэтым выслоўем і прыходзяць на акцыі па адным. Варта ўсё ж спадзявацца, што гэта зь нейкіх аб’ктыўных прычынаў. Але я даволі расчараваны, што так адбываецца, што ніхто не прыходзіць. Нават тыя людзі, якія прыходзілі папярэдні раз, сёньня не прыйшлі. Хаця казалі, што будзем прыходзіць штодзённа, будзем прыходзіць увесь вольны час. Чамусьці гэтага не адбываецца”.

Будаўніцтва новых карпусоў праваслаўнай акадэміі на месцы архітэктурнага комплексу дасавецкага Менску мусіць завяршыцца да 2007 году. У 19-га стагодзьдзі ў гэтым будынку быў жылы дом, фасад якога да нядаўняга часу ўпрыгожвалі ажурныя бальконы. Потым у будынку месьціўся інтэрнат журфаку, у студэнцкія гады тут жыў Алесь Адамовіч.

У сёньняшнім выпуску газэты “Наша Ніва” падкрэсьліваецца, што дом па Гандлёвай, 27 зьяўляецца апошнім захаваным будынкам Ніжняга рынку – самага старога пляцу гораду. Аднак, пакуль па-за ўвагай грамадзкасьці застаецца той факт, што на месцы будучай Праваслаўнай духоўнай акадэміі раней знаходзіўся мураваны кляштар баніфратаў з касьцёлам, а перад тым – уніяцкая Казьмадзям''янаўская царква са шпіталём і школай, спаленая расейскімі войскамі ў 17 стагодзьдзі.

Фотарэпартаж







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG