Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім журналістам будзе дапамагаць фонд імя Зьмітра Завадзкага


Алег Грузьдзіловіч, Менск Святлана Завадзкая стварае фонд дапамогі журналістам імя свайго мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які быў скрадзены невядомымі ў 2000 годзе і дагэтуль ня знойдзены. “Дапамога незалежным беларускім журналістам неабходная, бо, фактычна, яны працуюць у паўваенных умовах”, – лічыць Святлана Завадзкая.

Закрыцьцё незалежных газэт, судовыя прысуды і велізарныя штрафы іх супрацоўнікам, паводле Святланы Завадзкай, сталіся рэаліямі сёньняшняй Беларусі, якія і падштурхнулі яе на стварэньне фонду дапамогі журналістам.

(Завадзкая: ) “ Мэта фонду дапамога менавіта журналістам. Дапамога як матэрыяльная, гэтак і маральная. Гэта правядзеньне сэмінараў і канфэрэнцый па праблемах журналістаў, іх стажыроўкі за мяжой, дапамога цікавым праектам журналістаў. Мы толькі пачынаем працу і спадзяемся на падтрымку беларускіх і міжнародных арганізацыяў, грамадзкай супольнасьці ў Беларусі, палітычных партыяў”.

Святлана Завадзкая перакананая, што данесьці да людзей праўду пра падзеі ў Беларусі, могуць толькі сумленныя і вольныя журналісты. Яна кажа, што сваю падтрымку журналістаў разглядае як асабісты ўнёсак ў тым ліку ў расьсьледаваньне справы мужа, апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які быў скрадзены ў 2000 годзе, як яна лічыць, паводле загаду вышэйшага кіраўніцтва краіны. “Людзі змогуць даведацца аб тым, хто датычны да гэтых злачынстваў, толькі калі ў нас будуць вольныя мэдыі. Сёньня немагчыма данесьці гэтую праўду да кожнага з беларусаў”, – лічыць Святлана Завадзкая.

У сябры фонду Святлана Завадзкая хоча запрасіць вядомых ня толькі грамадзян Беларусі:

(Завадзкая: ) “Сваю згоду ўвайсьці ў раду далі дэпутат з Кіпра сябар ПАРЭ Хрыстас Пургурыдэс, аўтар мэмарандуму па аб зьніклых беларускіх палітыках, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, латвійскі палітык Альдзіс Кушкіс, намесьнік кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнта па сувязях зь Беларусьсю, іншыя вядомыя асобы. У кансультацыйную раду увойдуць Павал Шарамет, Святлана Калінкіна, Марына Коктыш, Павал Мажэйка ды іншыя. Фонд адкрыты для супрацоўніцтва”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG