Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады птушынага грыпу ня баяцца


Галіна Абакунчык, Менск Намесьнік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Беларусі Міхаіл Рымжа заклікаў не перабольшваць праблемы птушынага грыпу. Высокапастаўлены чыноўнік запэўнівае, што ў Беларусі робяцца ўсе неабходныя захады, каб хвароба ня трапіла на тэрыторыю краіны. Аднак пагроза зьяўленьня птушынага грыпу па-ранейшаму застаецца.

Апошнім часам пагроза птушынага грыпу значна зьменшылася ў зьвязку з адлётам пералётных птушак. Акрамя таго, максымальна ўзмоцненыя меры прафіляктыкі на прадпрыемствах птушкагадоўлі і ў сыстэме гандлю, кажа Міхаіл Рымжа.

(Рымжа: ) “Тут не павінна быць ніякай панікі: тушка, якая гадуецца на вытворчай аснове, яна ўся абароненая. На прылаўках крамаў, як правіла, нашая беларуская птушка і абсалютна бясьпечная. Бо паверце, каб у нас былі хоць найменшыя падазрэньні, то мы даўно б ўвялі абмежаваньні ў рэалізацыі. Таму хочацца не гіпэрбалізаваць праблему, але адначасна быць гатовымі не дапусьціць на тэрыторыю краіны птушынага грыпу”.

Паводле Міхаіла Рымжы, працягвае дзейнічаць абмежаваньне на ўвоз птушынага мяса і вырабаў зь яго з краінаў, дзе выяўлены птушыны грып. Часова забаронены продаж курэй на рынках Беларусі, а таксама пэрыядычна кантралююцца дзікія птушкі. Пры гэтым прадстаўнікі вышэйшых уладаў не выключаюць, што праблема птушынага грыпу можа быць перабольшаная буйнымі карпарацыямі сьвету з мэтай дыскрэдытацыі канкурэнтаў у справе птушкагадоўлі. Гаворыць кіраўнік управы вэтэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі Аляксандар Аксёнаў:

(Аксёнаў: ) “Мы перажылі хвалю дыяксіну — нехта ад гэтага згубіў, а нехта знайшоў. Мы перажылі хвалю каровінага шаленства, а цяпер перажываем птушыны грып. У нейкай ступені мы падзяляем гэты пункт гледжаньня, але мы стараемся зьвесьці на мінімум узьнікненьне гэтага захворваньня на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі”.

Што думаюць пра пагрозу птушынага грыпу шараговыя грамадзяне краіны? Невялікае апытаньне на вуліцах Менску:

(Карэспандэнтка: ) “Ці баіцеся вы птушынага грыпу?”

(Спадар: ) “Асьцерагаюся, хоць і ня ведаю, якія могуць быць наступствы. Але чытаў у прэсе, што летальны вынік быў для 60 чалавек”.

(Спадарыня: ) “Вядома, страшна, асабліва за дзяцей. Але будзем спадзявацца, што ўсё будзе добра”.

(Юнак: ) “Я думаю, што Беларусі гэта наўрад ці пагражае. Ня можа ў нас быць курынага грыпу”.

(Спадарыня: ) “Спадзяюся, што нашыя вэтэрынарныя службы працуюць дастаткова прафэсійна і няма ніякай неабходнасьці хвалявацца звычайным людзям”.

(Спадар: ) “Я думаю, што ўлады адносна гэтага птушынага грыпу ня робяць амаль што нічога. Небясьпека — яна заўсёды ёсьць. Але калі чалавек займаецца сабой, то яму курыны грып не нашкодзіць”.

***

Прыклады захворваньня людзей птушыным грыпам вядомыя ў сьвеце з 1997 году: тады ў Ганконгу захварэлі 18 чалавек. Усяго на курыны грып хварэлі 122 чалавекі, 62 зь якіх памерлі. Для курынага грыпу характэрны імклівы рост тэмпэратуры, болі ў галаве і горле. Гэтая хвароба небясьпечная таксама ўскладненьнямі: захворваньнем нырак, печані і крывяносных сасудаў. Сьмерць настае на другім тыдні хваробы ў васьмідзесяці выпадках са ста. Сёньня курыны грып выяўлены ў 19 краінах сьвету.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG