Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 лістапада 1937 году ў СССР карныя ворганы расстралялі заходнебеларускіх палітыкаў


RFE/RL Вязьні польскай турмы Максім Бурсевіч і Павал Валошын былі абмяняныя паводле савецка-польскай дамовы пра абмен палітзьняволенымі і такім чынам трапілі ў Савецкі Саюз, дзе былі арыштаваныя ўжо савецкімі ворганамі і засуджаныя на 10 гадоў катаргі, але не пасьпелі адбыць і часткі тэрміну, як паводле новага прысуду іх расстралялі.

3 лістапада ў 1845 годзе нарадзіўся Зыгмунд Глогер, археоляг, этнограф і гісторык. Глогер даследаваў помнікі каменнага веку на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Выдаў некалькі фальклёрных зборнікаў, у аснове якіх -- сабраны ў Беларусі матэрыял. У 1893 годзе ў Варшаве дасьледчык надрукаваў кнігу беларускага гумару “Торба сьмеху“.

3 лістапада 1880 году прыйшоў на сьвет Канстанцін Пушкарэвіч, філёляг, даследчык беларускай літаратуры, гісторык, перакладчык, які жыў і працаваў збольшага ў Расеі. Пушкарэвіч удзельнічаў у працы Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі ў 1912 годзе, быў адным з арганізатараў беларускага навукова-літаратурнага таварыства студэнтаў Петраградзкага ўнівэрсытэту ў 1917-м. Пераклаў на расейскую мову аповесьць Зьмітрака Бядулі “Салавей“ і зборнік апавяданьняў Цішкі Гартнага “Трэскі на хвалях“. Пасьля сьмерці беларускага мовазнаўца Эпімаха-Шыпілы захоўваў ягоны багаты асабісты архіў, які пасля быў перададзены ў Дзяржаўны архіў БССР.

З лістапада нарадзіўся Якуб Колас. Адбылося гэта ў 1882 годзе ў вёсцы Акінчыцы пад Стоўпцамі. Якуб Колас - народны паэт Беларусі, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры. Колас – аўтар вядомых кожнаму беларусу са школы паэм “Новая зямля” і “Сымон музыка”.

3 лістапада 1941 году пакінуў гэты сьвет іншы клясык беларускай літаратуры, Зьмітрок Бядуля. Ён памёр ад інфаркту ў цягніку, які вёз яго ў эвакуацыю ў Ташкент.

З лістапада 1933 году ў Менску была адкрытая трамвайная лінія, якая злучала цэнтар гораду з Кальварыяй. Такім чынам заходняя частка сталіцы атрымала новы імпульс да разьвіцьця.
XS
SM
MD
LG