Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пастаўскім раёне на старасьвецкіх могілках да Дзядоў паставілі капліцу


Валер Каліноўскі, Менск Да дня памінаньня продкаў было прымеркавана асьвячэньне капліцы на месцы былых могілак 16—18 стагодзьдзяў у вёсцы Радута Пастаўскага раёну. Капліца зробленая па праекце мастака Алеся Цыркунова пры падтрымцы мясцовай грамады. Фінансаваў пабудову тутэйшы фэрмэр-прадпрымальнік.

Для вядомага жывапісца Алеся Цыркунова праектаваньне культавых архітэктурных пабудоваў не зьяўляецца профільным у творчасьці, але ён зазначае, што калі людзі просяць, то ня можа адмовіцца. Капліца на кургане ля вёсцы Радута для яго стала пятай. Яна ўсталяваная на старадаўніх хрысьціянскіх могілках, адных з найстарэйшых у Беларусі, гаворыць аўтар капліцы Алесь Цыркуноў.

(Цыркуноў: ) “Часу было вельмі мала, хацелася да Дзядоў, сьвята для нас усіх вельмі важнага, ушанаваць гэтае месца. Дапамаглі мясцовыя людзі, гэта ўсё за сродкі мясцовага народу… Тут такі ёсьць прадпрымальнік Іванковіч, ён дапамагаў у гэтай справе матэрыяльна, таму што мясцовыя ўлады сказалі, што мы бедныя, нічога ў нас няма і не прасіце”.

Аўтар капліцы мастак Цыркуноў зазначае, што такая праца патрэбная, каб пераадолець занядбаньне гістарычнай памяці. Фінансаваў праект фэрмэр Уладзімер Іванковіч, будаўнікі працавалі на прынцыпе дабрачыннасьці. Анатоль Курак, мясцовы краязнаўца, таксама мяркуе, што зробленая важная справа для ўшанаваньня памяці продкаў.

(Курак: ) “Гэта толькі пачатак, будзем спадзявацца, што гэта не апошняе, гэтую справу будзем разьвіваць неяк, каб хоць нейкім чынам ушанаваць памяць продкаў”.

Анатоль Курак паведаміў, што былыя могілкі, на якіх сёньня была асьвечаная капліца, адносяцца да 16—18 стагодзьдзяў, а можа, і да ранейшага часу. На асьвячэньні прысутнічалі каля пяцідзесяці чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG