Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец лічыць, што ўкраінскі прэм''ер хацеў падкрэсьліць павагу беларускіх жанчын да Лукашэнкі


Уладзімер Глод, Менск Вострая заява ўкраінскага прэм’ера на адрас Аляксандра Лукашэнкі выклікала рэакцыю ў Беларусі. Прэм’ер-міністар Украіны Юры Еханураў заявіў у Вашынгтоне ў Фондзе Карнэгі падчас сустрэчы з амэрыканскімі палітолягамі пра тое, што два тыдні таму ён наведаў Беларусь, спаткаўся з прэзыдэнтам Беларусі і пераканаўся, што Аляксандар Лукашэнка — добры прапагандыст. Еханураў таксама дадаў: “Я нават зразумеў, чаму ў 1930-я гады нямецкія жанчыны крычалі “хачу дзіця ад фюрэра!”.

Намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Людміла Гразнова лічыць, што выказваньне прэм’ера суседняй дзяржавы трэба ўспрымаць як вельмі важны сыгнал:

(Гразнова: ) “Быў такі час, калі сам Лукашэнка прызнаўся, што ён паважае тыя мэтады, якія ўжываў Гітлер у час Трэцяга райху. І тады гэта ўспрымалі як нейкую імправізацыю. Але ж гэта было невыпадкова. Невыпадкова, бо тое, што адбываецца цяпер у Беларусі — як зьнішчаюцца людзі, якія маюць дачыненьне да дэмакратыі, да правоў чалавека — гаворыць шмат аб чым. І выказваньне Еханурава — гэта ня просты нейкі эмацыйны жэст. Гэта вельмі важны сыгнал для эўрапэйскай супольнасьці, для Ўкраіны, для Расеі, каб яны ведалі насамрэч, хто тут робіць усю палітыку, хто ўзьдзейнічае на сьветапогляд людзей”.

Старшыня сталай камісіі Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец дзеліць выказваньне ўкраінскага прэм’ера на тры часткі:

(Чаргінец: ) “Што тычыца першай часткі, што Ўкраіна разьлічвае на тое, што выбары ў Беларусі будуць дэмакратычнымі, дык гэта супадае з нашай думкай. Бо мы ўпэўненыя, што выбары ў нас будуць дэмакратычныя. Тое, што Еханураў сустракаўся з Шушкевічам, дык гэта яго справа. Наш прэзыдэнт, як і іншыя кіраўнікі Беларусі, не сустракаецца зь лідэрамі апазыцыі Ўкраіны таму, што мы лічым, што перадусім трэба кантактаваць зь людзьмі, абранымі народам. Што тычыцца дзіцёнка ад Гітлера, дык я ня думаю, што тут ёсьць нейкія параўнаньні. Ён, мабыць, хацеў выказаць і падкрэсьліць, якой павагай карыстаецца прэзыдэнт Лукашэнка ў Беларусі, у тым ліку і ў жанчын як выбаршчыц. Ну, што ж, выказаўся, дык выказаўся. Гэта яго думка”.

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Віктар Алампіеў у сваіх меркаваньнях адштурхоўваецца ад таго часу, калі ён неаднаразова сустракаўся з Лукашэнкам у парлямэнцкай залі:

(Алампіеў: ) “Ён мог выступаць на любую тэму — пра калгасы, эканоміку, мэдыцыну, адукацыю... Па любым пытаньні ён падымаўся і мог гаварыць гадзінамі. Таму, мне падаецца, украінскі прэм’ер ужыў не зусім дакладанае слова — “прапагандыст”. Мабыць, больш правільна казаць “вельмі таленавіты ад нараджэньня папуліст”, які можа загаварыць любы натоўп, тым больш жанчын. Таму выказваньне пра яшчэ аднаго папуліста зь Нямеччыны, які таксама мог загаварыць мноства жанчын, мае рацыю”.

Старшыня незарэгістраванай Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас, які ўдзельнічаў у апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў, перадусім зьвярнуў увагу на гатоўнасьць Украіны дапамагаць у правядзеньні дэмакратычных выбараў у Беларусі:

(Колас: ) “Спадар Еханураў адэкватна ацэньвае сытуацыю ў нашай краіне. І ўсё будзе залежаць ад таго, які сэнс ён закладвае ў свае спадзяваньні на дэмакратычныя выбары ў Беларусі. Спадзяюся, не такі, які ўкладваў спадар Рушайла, калі назваў апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі справядлівымі і дэмакратычнымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG