Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не зьдзіўлюся, калі ў Менску зьявіцца помнік Сталіну”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У мінулую нядзелю ў Менску адбылося традыцыйнае шэсьце да Курапатаў, ужо васямнаццатае з таго часу, як у 1988 годзе грамадзтву стала вядома праўда пра гэтае месца пакутніцкай сьмерці соцень тысяч людзей, якія сталі ахвярамі сталінскага рэжыму. Апошнія гады на курапацкія шэсьці зьбіраецца ня надта шмат людзей. Чаму? Вось як спрабуе надказаць на гэтае пытаньне наш слухач Уладзімер Валодзька зь Менску:

“Я добра памятаю час, калі беларусы былі ашаломленыя праўдай пра Курапаты, калі на мітынгі і шэсьці, прысьвечаныя памяці ахвяраў сталінізму, зьбіраліся дзясяткі тысяч людзей. І гэта нягледзячы на супраціў уладаў, на міліцэйскія дубінкі і сьлезацечны газ. А што цяпер? Апошнія Дзяды былі дазволены ўладамі. А прыйшлі на іх некалькі соцень чалавек. Ды і тое — прамаўлялі ў асноўным зацяганыя палітычныя лёзунгі. Нікому гэта ўжо не цікава. Ніхто не абураецца злачынствамі сталінскай дыктатуры. Не зьдзіўлюся, калі ў Менску ў хуткім часе зьявіцца і помнік Сталіну. Ён жа быў цьвёрдым і непахісным палітыкам. А такіх цяперашняя ўлада шануе, бярэ зь іх прыклад”.

Сапраўды, першыя асьцярожныя спробы публічнай рэабілітацыі Сталіна ў Беларусі апошнія гады заўважныя. Падчас ваенных сьвятаў сям-там над калёнамі вэтэранаў сталі зьяўляцца партрэты вусатага генэралісымуса. Праўда, пакуль не прафэсійна вырабленыя, а самаробна змайстраваныя ініцыятыўнымі вэтэранамі. Але ж пільныя ідэалягічныя начальнікі не пярэчаць гэтаму, дазваляюць. Ці яшчэ адзін адметны факт: выявы ваенных мэдалёў з профілем Сталіна пачалі зьяўляцца ў сьвяточным афармленьні гарадзкіх вуліц і плошчаў. У хрушчоўскую ці брэжнеўскую эпоху такое немагчыма было ўявіць…

Тое, што на Дзяды ў Курапаты прыходзіць ня надта шмат людзей, лёгка растлумачыць, спадар Валодзька. Падтрымліваць на працягу многіх гадоў высокі ўзровень грамадзкай цікавасьці да якой-небудзь адной (нават самай вострай) тэмы — немагчыма. Але тое, што такія злачынствы грамадзтва ня мае права забываць, што ў Курапатах павінен зьявіцца годны мэмарыял, сумневу не падлягае. Інакш, сапраўды, на беларускіх вуліцах могуць зьявіцца помнікі Сталіну, а ўсьлед за імі ў палітычнае жыцьцё вернуцца і сталінскія мэтады ўтрыманьня ўлады, зьнішчэньня спачатку апазыцыі ды іншадумцаў, а затым і масавыя забойствы соцень тысяч ні ў чым не вінаватых людзей.

Фрагмэнт новага ліста ад Алега Марціновіча з Баранавічаў. Слухач піша:

“Уся праблема выбараў-2006 толькі ў адным: колькі галасоў возьме Мілінкевіч; наколькі магутныя вулічныя пратэсты ён здолее арганізаваць? А потым ужо, падчас трэцяга тэрміну Лукашэнкі — забясьпечыць у грамадзтве на тым ці іншым узроўні месца для дэмакратычнай ідэі і людзей, якія яе падтрымліваюць. Напрыклад, Лукашэнка атрымлівае 55%, а Мілінкевіч — 45%. У гэтым выпадку апазыцыя будзе мець магутную плятформу для патрабаваньняў да Лукашэнкі ў справе зьмены сытуацыі ў краіне. Рэальна ж і нават аптымальна было б: 30% у Мілінкевіча (а ў Менску і ўсе 50%). Калі ж Мілінкевіч паўторыць працэнты Ганчарыка пад лёзунгамі Гаўла, Валэнсы, Саакашвілі ды Юшчанкі, то гэта будзе канчатковай катастрофай для мінімальнай прысутнасьці ў Беларусі дэмакратыі на ўсё ХХІ стагодзьдзе”.

Адначасова Алег Марціновіч з Баранавічаў не выключае і іншага зыходу выбараў наступнага году ў Беларусі. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

“Лукашэнка можа і разграміць Мілінкевіча ў першым жа туры ў суадносінах 75% на 10—15%. Краіна ў соннае і сьпякотнае лета ўсё гэта праглыне і не ўзбунтуецца. А таму трэба ўжо цяпер добра падумаць і спрагназаваць. Магчыма, нават паразважаць аб адмове ад удзелу ў выбарах. Вядома, на гэта цяжка рашыцца: лідэрам апазыцыі ж трэба нешта есьці, на нечым езьдзіць, плаціць за кватэру… Ня факт, што беларуская анамалія ва Ўсходняй Эўропе ў пляне этнічнай грамадзкай структуры калі-небудзь увойдзе ў квадрат Эстонія—Баўгарыя—Чэхія—Ўкраіна, і сытуацыйна адасобіцца ад Расеі, як грамадзтва краіны Эўразьвязу. На тое яна і анамалія”.

Лічбы, якія агучыць у выніку прэзыдэнцкай кампаніі-2006 Цэнтральная выбарчая камісія, наўрад ці будуць мець нейкі вырашальны ўплыў на грамадзкія настроі ў Беларусі ці на стаўленьне да гэтых выбараў з боку Захаду. Відавочна, спадар Марціновіч, вы маеце на ўвазе лічбы рэальных сымпатыяў і антыпатыяў беларускага грамадзтва, якія б сьведчылі пра гатовасьць да палітычных зьменаў у дзяржаве, ці, наадварот, нежаданьне такіх зьменаў. Такія сацыялягічныя замеры робяцца даволі часта, і яны сьведчаць пра тое, што сытуацыя тут хісткая: Аляксандар Лукашэнка мае значную падтрымку ў грамадзтве (прынамсі, ягоны рэйтынг у верасьні перавышаў 40%); і адначасова прыблізна столькі ж людзей гатовыя падтрымаць зьмены ў дзяржаве, калі пераканаюцца, што зьявіўся новы моцны палітычны лідэр.

Любыя прагнозы ў гэтых умовах вельмі прыблізныя. Але ў кожным разе, спадар Марціновіч, наўрад ці падзеі 2006 году прадвызначаць разьвіцьцё Беларусі на ўсё ХХІ стагодзьдзе, як вы пра гэта пішаце ў сваім лісьце. Пытаньне палітычных зьменаў у Беларусі — гэта галоўным чынам пытаньне пра тое, як доўга застанецца пры ўладзе Аляксандар Лукашэнка.

Ліст ад Рыгора Зільбера зь Менску. Слухач піша:

“Жыцьцё ў нас добрае, і становіцца ўсё лепшым, усё весялейшым… Ня ўсе, праўда, гэта разумеюць. І з прычыны сваёй няцямнасьці і някемлівасьці ўсё нешта абмяркоўваюць. Гавораць пры гэтым нават практычна незнаёмым людзям тое, што раней не рызыкнулі б шапнуць нават сябру на кухні. Гавораць у краме, гавораць на вуліцы. І, вядома ж, на працы. Што гавораць? Вы, відаць, і самі ведаеце”.

Разам зь лістом Рыгор Зільбер даслаў старую публікацыю зь менскай гарадзкой газэты за 1993 год. Размова ў ёй ішла пра тое, як у Менску людзі становяцца ахвярамі сабак, якіх гаспадары выводзяць на вуліцы без наморднікаў і пакідаюць без нагляду. Адзін міліцэйскі начальнік, аналізуючы сытуацыю, папярэдзіў сабакаводаў-парушальнікаў: калі яны будуць наўмысна і сыстэматычна ігнараваць правілы ўтрыманьня хатніх жывёлін, дык міліцыя будзе ў павучаньне зьнішчаць іхных гадаванцаў. Пад уражаньнем ад тых словаў Рыгор Зільбер застаецца і сёньня. Ён піша:

“Там, дзе афіцэр, не саромеючыся журналіста, можа дазволіць сабе такое выказваньне; там, дзе газэта друкуе падобнае безь якіх-небудзь камэнтароў — і публіка гэта глытае, а згаданы афіцэр, паводле некаторай інфармацыі, балятуецца ў органы ўлады — там іншых прэзыдэнтаў і быць ня можа. Наш “усенародна любімы” — не прычына. Ён наступства. А прычына — мы самі”.

Мы, спадар Зільбер, даволі часта атрымліваем лісты ад такіх жа, як вы, самаадданых абаронцаў жывых істотаў, у якіх баліць душа за бадзяжных котак і сабак, і якія шмат часу і сілаў аддаюць грамадзкай працы. І гэта выдатна, што ёсьць такія людзі і такія суполкі. Але высновы, якія вы робіце наконт гэтай праблемы ў сваім лісьце, выглядаюць надта аднабаковымі. Сабак, якія могуць стаць ахвярамі жорсткіх міліцыянтаў, вядома, шкада. Але ў той жа дасланай вамі старой публікацыі расказваецца гісторыя 12-гадовай дзяўчынкі, на якую ў ліфце напала і якую пакусала аўчарка (гаспадары выводзілі яе на вуліцу без намордніка). Вядомыя выпадкі, калі людзі ў выніку падобных здарэньняў трапляюць у шпіталі, калечацца і нават гінуць.

Вядома, вінаватыя ў гэтым ня столькі сабакі, колькі іхныя гаспадары. Але ў такім разе гэтыя гаспадары павінны несьці і адпаведную жорсткую адказнасьць, а не абмяжоўвацца сымбалічным штрафам ці ўшчуваньнем. Па-іншаму цывілізаванага і мірнага суіснаваньня паміж тымі, хто мае сабак, і тымі, хто іх ня мае, не атрымаецца. І досьвед Захаду, на які часта спасылаюцца і адны, і другія — пра гэта сьведчыць. Так, там нікому не дазволяць жорстка абыходзіцца з бадзяжным катом. Але як адрэагуе, да прыкладу, амэрыканскі паліцэйскі, калі ўбачыць, што выведзены на вуліцу без намордніка сабака напаў на дзіця? Можаце быць пэўны, спадар Зільбер, што, абараняючы дзіця, ён ня спыніцца і перад прымяненьнем зброі. А гаспадару такога сабакі можа пагражаць ня толькі буйны грашовы штраф, але нават і турэмнае зьняволеньне.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Кацярына Філімончыкава з Магілёва, Міхаіл Леках з Рыгі, Сяргей Крапасной з Полацку, Ільля Копыл зь Менску і Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG