Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідатар аварыі на ЧАЭС праз суд бароніць свае правы


Казімер Яноўскі, Гомель Васіль Сіліверст з Калінкавічаў спрабуе праз суд устанавіць прычынную сувязь сваёй інваліднасьці з ліквідацыяй наступстваў Чарнобыльскай катастрофы

Калегія ў грамадзянскіх справах Гомельскага абласнога суду абавязала Калінкавіцкі раённы суд разгледзець заяву ліквідатара-чарнобыльца Васіля Сіліверста наконт таго, што ягоная інваліднасьць зьвязана са службаю і працаю ў 30-кілямэтровай Чарнобыльскай зоне.

Як кажа сам Васіль Сіліверст, у Гомельскі абласны суд яго прывяло гора:

(Сіліверст: ) “У суд мяне прывяло гора. Ужо амаль 10 гадоў экспэртныя саветы Міністэрства аховы здароўя і Цэнтральная вайсковая лекарская камісія не жадаюць зьвязваць мае захворваньні ды інваліднасьць з працаю і пражываньнем падчас гэтай працы ў Чарнобылі”.

Як афіцэра запасу Васіля Сіліверста прызвалі ў войска ў траўні 1988 году. Цягам шасьці месяцаў старшы лейтэнант Сіліверст з іншымі такімі ж прызыўнікамі рабіў дэзактывацыю розных пабудоў, гаспадарчых тэрыторыяў ды тэхнікі, заражаных радыяцыяй.

Пасьля гэтага ў спадара Сіліверста і распачаліся праблемы са здароўем. Ён перанёс два інфаркты, мае захворваньні іншых органаў. Аднак і абласная, і рэспубліканскія экспэртныя мэдычныя камісіі ня зьвязваюць ягоную інваліднасьць з Чарнобылем.

У красавіку ў знак пратэсту Васіль Сіліверст аб`яўляў галадоўку, пра што распавядала наша радыё.

У верасьні Рэспубліканскі міжведамасны экспэртны савет Міністэрства аховы здароўя ў другі раз паведаміў спадару Сіліверсту, што ягоная інваліднасьць ня зьвязана з працаю ў Чарнобылі. Таму Васіль Селіверст вырашыў шукаць абароны сваіх правоў у судзе:

(Сіліверст: ) “Не разумею, чаму я, інвалід, з двума інфарктамі, з кульбакаю, павінен езьдзіць па краіне і даказваць інстанцыям, экспэртным саветам, што я захварэў ад Чарнобылю? Чаму суду Калінкавіцкаму ці Гомельскаму абласному суду нельга выклікаць чыноўнікаў з экспэртных саветаў, каб яны даказвалі, ці ёсьць у мяне інваліднасьць ці няма?”

Калінкавіцкі суд адмовіўся разглядаць справу Васіля Сіліверста на той падставе, што міжведамасны экспэртны савет Міністэрства аховы здароўя знаходзіцца ў Менску. Спадар Сіліверст спадзяваўся, што ягоную праблему разгледзіць суд. Аднак калегія Гомельскага абласнога суду толькі адмяніла рашэньне ніжэйшай судовай інстанцыі:

(Сіліверст: ) “Калегія пад старшынёўствам Сяргея Каропы вынесла пастанову накіраваць маю справу зноў у Калінкавіцкі суд. Што з гэтага будзе, я ня ведаю. Але відавочна, што ідзе гульня ў нейкі футбол, футбол, які цягнецца ўжо амаль 10 гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG