Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты ПКБ супраць перадачы цела Леніна ў Калмыкію


Алесь Дашчынскі, Менск Актывісты Партыі камуністаў Беларускай не пагаджаюцца з прапановай кіраўніка Калмыкіі Кірсана Ілюмжынава, які афіцыйна прапанаваў перавесьці маўзалей і цела Уладзімера Леніна з Масквы ў Элісту. На гэтыя мэты К. Ілюмжынаў гатовы нават выдзеліць мільён даляраў.

Закансэрваванае цела Леніна ўжо больш за 80 гадоў знаходзіцца ў гранітным маўзалеі на Чырвонай плошчы ў Маскве. Расейскія навукоўцы гарантуюць доўгае яго захаваньне – яшчэ на 100 і больш гадоў. Вынайдзены нават адмысловы “расейскі спосаб” бальзамаваньня цела. На ўтрыманьне маўзалею патрабуецца штогод каля паўтары мільёна даляраў.

Пытаньне пра пахаваньне цела Леніна зноў актыўна абмяркоўваецца ў Расеі. Да прыкладу, вядомы кінарэжысэр, прэзыдэнт Расейскага фонду культуры Мікіта Міхалкоў лічыць за неабходнае пахаваць Леніна на Волкаўскіх могілках, як ён гэтага і жадаў. За пахаваньне выказаліся таксама некаторыя губэрнатары і памочнікі прэзыдэнта Расеі. Аднак лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў заявіў, што ў выпадку спробы перазахаваньня Леніна, зарганізуе масавыя акцыі пратэсту.

Камэнтуючы ідэю Кірсана Ілюмжынава перавесьці Леніна ў Калмыкію, актывістка ПКБ Алена Скрыган зьдзівілася, як яшчэ не паступіла падобная заява ад кіраўніцтва Беларусі.

(Скрыган: )"Так цікава, што няма ад беларускіх уладаў такіх прапаноў. Гэта тое, што Ілюмжынаў у сваёй краіне, тое магло і ад нас зыйсьці. Аўтарытарны і, мабыць, дыктатарскі стыль кіраўніцтва яму ўласьцівы. І няхай ён там спакойна жыве і няхай ён там не задае сабе такіх пытаньняў".

Паводле Алены Скрыган, ні ў каго не атрымаецца растаптаць гісторыю. Але чаму ж у Маскве дыскутуюць пра пахаваньне цела Леніна?

(Скрыган: )"Адбываецца гэта таму, што ўсё ж Ленін вельмі перашкаджае тым, хто сёньня ва ўладзе. Мяшае тым, хто вельмі многа зрабіў для таго, каб народ жыў бедна, а з’явіўся новы кляс – кляс алігархаў. Нягледзячы на тое, што ўжо як бы і няма нічога, але ўсё роўна гэтыя ідэі ім перашкаджаюць жыць, яны не даюць ім спакойна спаць”.

Актывіст Партыі камуністаў Беларускай з Маладэчанскага раёна Васіль Бычок адмоўна ставіцца да ідэі Ілюмжынава. Маўляў, няхай Ленін застаецца ў маскоўскім маўзалеі.

(Бычок: ) “Гэта гісторыя. Так ужо склалася і няхай так будзе. Не трэба ўпадабляцца тым барбарам, якія зьнішчалі помнікі. І сярод бальшавікоў былі такія. І храмы руйнавалі, і помнікі зносілі. А гэта ж таксама ўсё была наша гісторыя. Мы – тыя камуністы, якія двойчы на адны і тыя граблі не наступаюць. Ёсьць вельмі многа другіх праблем у той жа самай і Расеі – і галодныя дзеці, і хварэюць, і страйкуюць. А гэта? Ёсьць і няхай будзе. Не трэба было гэтае пытаньне ўздымаць. Я чуў Мікіту Міхалкова. Я яго цаню як работніка культуры. Але як палітык, ён іншы раз, такія заскокі робіць, што не па сабе бывае”.

Лідэр афіцыйнай ПКБ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Тацяна Голубева наагул адмовілася камэнтаваць заяву кіраўніка Калмыкіі.

(Голубева: ) “Я ніколі па тэлефоне ніякіх інтэрвію не даю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG