Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры загадкавых абставінах памёр супрацоўнік пракуратуры


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Менску пры дастаткова загадкавых абставінах пайшоў з жыцьця адказны супрацоўнік рэспубліканскай пракуратуры Ўладзімер Ткачэнка, чыё імя зьвязвалася з палітычнымі зьнікненьнямі ў Беларусі і было абкладзена заслонай сакрэтнасьці. Нават разьвітаньне з Уладзімерам Ткачэнкам адбывалася ў абстаноўцы надзвычайнай аховы і пільнасьці.

Кіраўнік управы рэспубліканскай пракуратуры памёр чатыры дні таму ў выніку аўтамабільнай аварыі, а ўчора адбылося пахаваньне. Сьведкі кажуць, што ніколі ня бачылі такога, што адбывалася ўчора побач з клюбам імя Дзяржынскага, калі там ішла паніхіда па Ўладзімеры Ткачэнку.

Даўгой чарадой ішлі на разьвітаньне зь ім супрацоўнікі пракуратуры, КДБ, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых сілавых ведамстваў. Але справа ня толькі ў колькасьці тых, хто вырашыў аддаць даніну памяці нябожчыку. Вось якімі назіраньнямі падзяліўся мянчук Мікалай Халезін.

(Халезін: ) “Я жыву на вуліцы Камсамольскай і калі ў клюбе Дзяржынскага праходзіла паніхіда па Ткачэнку, нават ўся вуліца Камсамольская была перакрытая міліцыянтамі. Калі чалавек праходзіў па гэтай вуліцы ад №42-й школы, ці ад крамаў “Аванці”, “Манамах”, яго бралі на суправаджэньне і праводзілі да праспэкта Незалежнасьці супрацоўнікі ў цывільным. Яны нават перадавалі мінакоў ад аднаго другому. Такога я яшчэ не бачыў”.

У пракуратуры Ўладзімер Ткачэнка ўзначальваў управу, якая ў розныя часы мела розныя назвы і нават у сувязі са сьмерцю яе кіраўніка не была цалкам названая. Адны называлі яе ўправай апэратыўнага забесьпячэньня, іншыя – інфармацыйна-аналітычнай. Дакладна вядома, што гэтая ўправа зьявілася ў пракуратуры краіны, калі яе ўзначаліў Віктар Шэйман і была сфармаваная з былых супрацоўнікаў Рады бясьпекі, дзяржаўным сакратаром якой да прызначэньня генэральным пракурорам быў той жа Шэйман.

Першым кіраўніком гэтай управы быў Васільчанка, імя якога фігуравала ў справах аб зьнікненьнях Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Паводле генэрала міліцыі Мікалая Лапаціка, менавіта падначаленыя Васільчанкі забясьпечвалі інфармацыяй супрацоўнікаў невядомага “эскадрону сьмерці”, які выкрадаў апазыцыянэраў. У выніку імя Васільчанкі стала шырока вядомым, і тады яго замянілі на прафэсійнага вайсковага выведчыка Ўладзімера Ткачэнку. Паводле крыніцаў, Ткачэнка быў чалавекам асабіста адданым Віктару Шэйману і нават памёр, калі ехаў сустракаць свайго былога шэфа ў аэрапорт.

Паведамляецца, што нібыта ў Ткачэнкі ў аўтамабілі спынілася сэрца, таму ён на ўсёй хуткасьці і ўдарыўся ў слуп на праспэкце Пераможцаў. Толькі навошта палкоўнік, адзін з кіраўнікоў пракуратуры паехаў у аэрапорт на асабістым аўтамабілі, невядома.

Паводле некаторых крыніцаў, пакуль Віктар Шэйман езьдзіў з візытам у Кітай, з пракуратуры ўправу Ткачэнкі зноў перавялі ў Раду бясьпекі. Зараз назіральнікі задаюцца пытаньнем, ці ня ёсьць сьмерць Уладзімера Ткачэнкі вынікам барацьбы розных кланаў у атачэньні Аляксандра Лукашэнкі?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG