Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікам не хапае талёнаў, каб працаваць па-новаму


Міхал Стэльмак, Менск Ад 1 лістапада для прадстаўнікоў дробнага бізнэсу ўведзеныя новыя правілы разьлікаў з пакупнікамі. Цяпер усе гандляры павінны мець касавыя апараты альбо адрыўныя талёны.

Некалькі гадоў таму ўлады спрабавалі ўвесьці касавыя апараты, аднак тады гэтая ініцыятыва сутыкнулася з пратэстам дробных бізнэсоўцаў. У выніку тых пратэстаў касавыя апараты былі ўведзены толькі для прыватных гандляроў, якія працавалі ў памяшканьнях. Цяпер, як мяркуецца, новы парадак ахопіць і прадпрымальнікаў, што працуюць на рынках.

У Менску гандляры на рынках сёньня абмяркоўвалі між сабою новы парадак разьлікаў з пакупнікамі. Яго сутнасьць мне патлумачылі прадпрымальнікі Чэрвеньскага рынку:

(Валянціна: ) “У шапіку павінен быць касавы апарат. А там, на гандлёвых радах — адрыўныя талёны”.

(Карэспандэнт: ) “Ці падрыхтаваліся вы да новых умоваў?”

(Валянціна: ) “Я сёньня не працую, бо няма касавага апарата. Буду працаваць толькі з заўтрашняга дня”.

(Вольга: ) “На патрабаваньне пакупніка трэба талён даваць. Раней іх не было”.

(Сьвятлана: ) “Патрэбныя касавыя апараты”.

(Карэспандэнт: ) “А калі няма касавых апаратаў?”

(Сьвятлана: ) “То не працуюць, пакуль ня будзе касавых апаратаў”.

(Алена: ) “Вельмі складана, калі шмат людзей. Бабулька старэнькая падыдзе, а тут трэба запісваць талёны”.

(Галіна: ) “Талёны, у прынцыпе, ёсьць. Але яны па жаданьні даюцца — калі патрэбна пакупніку”.

Прынамсі, у часе майго наведаньня рынку “Чэрвеньскі” я ня бачыў, каб пакупнікі патрабавалі талёны, а гандляры выкарыстоўвалі іх пры разьліках, як таго патрабуе новы парадак. Падобная сытуацыя і на рынку “Дынама”, дзе прадпрымальнікі гандлююць пераважна адзеньнем, абуткам ды іншымі нехарчовымі таварамі. Распавядае прадпрымальнік Андрэй:

(Андрэй: ) “Увялі нам абавязалаўку — талёны. За кожны капеечны продаж — болт, гайку альбо пальчаткі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі каштуе талён?”

(Андрэй: ) “Талён каштуе каля ста рублёў. Гэтая сумятня з выпіскай талёнаў адбірае столькі часу, што працаваць ужо няма калі. Каб атрымаць гэтыя талёны, справа даходзіць да абсурду. Трэба ісьці ў падатковую інспэкцыю і афармляць заяўку”.

З прычыны вялікіх чэргаў па талёны ў сталічныя падатковыя інспэкцыі ды праблемаў з набыцьцём касавых апаратаў сёньня большасьць менскіх гандляроў працавалі па-старому. Тое ж самае і ў рэгіёнах. У прыватнасьці, у Салігорску, дзе, як паведаміў, лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Аляксандар Цэцура, новы парадак дэстабілізаваў працу гандляроў:

(Цэцура: ) “Прадпрымальнікі абураныя. Я мяркую, што яны хочуць праверыць абарот грошай, каб можна было павялічыць падатак. У мяне ў шапіку больш за тысячу найменьняў тавараў. Я буду працаваць толькі на адну паперу, калі на ўсё выпісваць квіткі”.

У Наваполацку большасьць прадпрымальнікаў таксама гандлявала сёньня па старых правілах. Гаворыць лідэр мясцовых прадпрымальнікаў Валеры Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “У Наваполацку няма талёнаў. Трэба ж спачатку даць заяву. Але ўсе павінны мець гэтыя талёны. Мала таго, патрабуецца ня толькі індывідуальны талён, а таксама яшчэ нейкі дакумэнт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG