Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх генэралаў будуць навучаць паводле "расейскай традыцыі"


Ігар Карней, Менск У Вайсковай акадэміі Беларусі неўзабаве пачнецца падрыхтоўка вышэйшых камандных спэцыялістаў. На факультэце Генэральнага штабу будучых военачальнікаў будуць рыхтаваць паводле спэцыяльнасьці “вайсковае і дзяржаўнае кіраваньне”.

Аднак вайскоўцаў зьдзіўляе курс праграмы, узяты за аснову — “Традыцыі расейскай вышэйшай вайсковай адукацыі з улікам беларускага складніка”. Спэцыялісты кажуць: такім чынам кіраўніцтва абароннага ведамства лішні раз паказала, што разглядае беларускую армію як частку Ўзброеных сілаў Расеі.

Учора падчас сэмінару ў пытаньнях інтэграцыі Беларусі і Расеі ў вайсковай сфэры кіраўнік Вайсковай акадэміі Ігнаці Місурагін сказаў, што насьпела неабходнасьць падрыхтоўкі ўласных вышэйшых вайсковых спэцыялістаў. У зьвязку з гэтым ужо ў наступным годзе ў акадэміі пачне працаваць факультэт Генштабу. Такую пэрспэктыву асабіста ўхваліў міністар абароны Леанід Мальцаў. Аднак, як апавяла прадстаўніца Міністэрства абароны Вольга Жылінская, гэта не азначае, што факультэт будзе рыхтаваць менавіта генэральскія кадры.

(Жылінская: ) “Натуральна, што без узгадненьня зь Міністэрствам абароны такія пытаньні не вырашаюцца, бо Вайсковаая акадэмія падпарадкоўваецца Міністэрству абароны. Аднак гэта зусім не азначае, што пасьля факультэту будуць выходзіць выключна генэралы. Іншымі словамі, калі ты скончыў факультэт Генштабу, то не абавязкова будзеш генэралам”.

Аднагрупнік генэрала Мальцава па сувораўскай вучэльні падпалкоўнік Уладзімер Нісьцюк зьвяртае ўвагу на тое, што гаворка не пра падрыхтоўку нацыянальных кадраў, а пра звычайнае капіяваньне расейскага досьведу. У прыватнасьці, навучаньне плянуецца грунтаваць на традыцыях расейскай вышэйшай вайсковай адукацыі.

(Нісьцюк: ) “Чалавек, які гэта напісаў, увогуле не зразумеў, што ён зрабіў. Тым самым ён падкрэсьліў яшчэ раз, што нашыя Ўзброеныя сілы ўжо пачалі працаваць як частка Ўзброеных сілаў Расеі. Трэба чытаць Канстытуцыю, трэба чытаць беларускае заканадаўства: мы сувэрэнная дзяржава і ўзораў ніякіх і нічыіх мы браць ня будзем. Таму гэта ня проста памылка. Мяркую, гэта зроблена наўмысна. Але нават за такія словы чалавек павінен адказваць”.

Навучаньне будучых беларускіх генэралаў мяркуецца весьці ў такіх кірунках, як апэратыўнае мастацтва, дзяржаўнае будаўніцтва, стратэгія тэрытарыяльных войскаў і спэцыяльных апэрацыяў. Аднак падпалкоўнік Ўладзімер Нісьцюк перакананы: выкладаць гэтыя дысцыпліны ў Беларусі папросту няма каму.

(Нісьцюк: ) “Ствараць факультэт, па-першае, няма з каго. Будуць папросту штучна туды зацягваць людзей, якім нехта вельмі хоча начапіць генэральскія лямпасы і зрабіць зь іх вялікіх вайсковых кіраўнікоў. Па-другое, для таго, каб вывучыць генэрала, неабходная наяўнасьць адпаведных кадраў, якія б на гэтым факультэце маглі выкладаць. У нас калі ёсьць некалькі генэралаў, якія скончылі Акадэмію Генштабу яшчэ Ўзброеных сілаў СССР, дык яны яшчэ нешта сказаць могуць. А цяпер кадраў, якія б рыхтавалі генэралаў на тым узроўні, на мой погляд, у Беларусі няма. Акрамя вайсковых практыкаў, якія носяць генэральскія лямпасы, патрэбныя навукоўцы, якія вывучалі і добра ведаюць вайсковую стратэгію, тактыку, якія здольныя навучыць нечаму таму, чаму ня могуць навучыць лейтэнантаў, маёраў і падпалкоўнікаў”.

Набор слухачоў на факультэт Генэральнага штабу Вайсковай акадэміі Беларусі мусіць пачацца ў чэрвені 2006 году. За парты патэнцыйныя генэралы сядуць, як і іншыя вучні, 1 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG