Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сядзець на Акрэсьціна цяпер каштуе 4350 рублеў у дзень


Любоў Лунёва, Менск Трое арыштаваных сяброў грамадзкага аб’яднаньня “Партнэрства” Аляксандр Бондараў, Эніра Браніцкая і лідэр арганізацыі Мікола Астрэйка адбываюць арышт у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Іх затрымалі 29 кастрычніка разам з 60 удзельнікамі ўстаноўчай канфэрэнцыі ў кінатэатры “Цэнтральны”. На чатырох удзельнікаў канфэрэнцыі склалі пратаколы за парушэньне грамадзкага парадку ў часе масавых мерапрыемстваў. У астатніх узялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі для картатэкі.

Менавіта з сёньняшняга дня адны суткі, праведзеныя ў камэры спэцпрыёмніка, будуць каштаваць прыкладна столькі, колькі каштуе нумар у рэгіянальным горадзе – гэта 4 350 рублёў. У кошт нумару, відаць, уваходзіць і тое, што ежу прыносяць у камэру два разы на дзень. На сьняданак шклянка гарбаты і кавалак хлеба. На абед, а яго цяпер спалучылі з вячэрай, прыносяць талерку супу, кашу, катлету і шклянку гарбаты. Так званыя “палітычныя” амаль заўсёды адмаўляюцца ад гэтай ежы на карысьць іншых сукамэрнікаў. Ім прыносяць харчовыя перадачы і прэсу. Але бываюць выпадкі, калі адміністрацыя спэцпрыёмніка адмаўляецца прыняць перадачу ад паплечнікаў арыштаваных. Яны спасылаюцца на інструкцыю, паводле якой харчы могуць прыняць толькі ад сваякоў.

Летась на Акрэсьціна зрабілі рамонт, але там мала што зьмянілася. Праваабаронцы адзначаюць, што такія ўмовы ўтрыманьня хутчэй за ўсё створаны наўмысна. Сацыял-дэмакрат Мікола Статкевіч, які некалькі разоў адбываў арышт у спэцпрыёмніку, упэўнены, што непадрыхтаванага чалавека арышт можа зламіць.

(Статкевіч:) “Гэтыя людзі, сапраўды, самыя небясьпечныя для гэтага рэжыму, бо яны выступаюць за сумленныя выбары. А гэта, сапраўды, самае небясьпечнае. Гэтых людзей, безумоўна, паспрабуюць зламаць. Першы раз на 15 сутак для нармальнага чалавека – гэта вельмі цяжка. Знаходзіцца, даруйце, у сьмярдзючым пакоі, ў прыбіральні , прычым не самай лепшай якасьці, спаць на дошках побач з суседзямі самых розных сацыяльных катэгорыяў, не бачыць чыстага неба, не дыхаць сьвежым паветрам, не мець нармальнай ежы, не бачыць блізкіх, сяброў 15 сутак – усё гэта вельмі цяжка.”

Мікола Статкевіч узгадаў словы Васіля Лявонава, калі той праводзіў яго на “хімію”. Той нагадаў, што слабога чалавека зьняволеньне зламае, а моцнага зробіць яшчэ больш моцным.

Раніцай 13 лістапада Аляксандр Бондараў, Мікола Астрэйка і Эніра Браніцкая выйдуць на волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG