Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйцы пакажуць фільм пра Хашчавацкага


Алена Струвэ, Менск На аўстрыйскім тэлеканале ORF-1 1 лістапада будзе паказаны фільм, прысьвечаны беларускаму кінарэжысэру Юры Хашчавацкаму, аўтару 30 дакумэнтальных стужак, якія ён здымае пераважна па заказах вядомых эўрапейскіх тэлекампаніях. Як сьцьвярджае сам рэжысэр, бадай што адзінай ягонай, так бы мовіць, “незаказной” работай ёсьць сатырычны фільм “Звычайны прэзыдэнт”, прысьвечаны Аляксандру Лукашэнку. Ідэя стварэньня гэтае ленты зыходзіла непасрэдна ад самога Хашчавацкага.

У Беларусі пасьля выхаду “Звычайнага прэзыдэнта” на далейшую творчасьць Хашчавацкага было накладзенае табу. Як жывецца забароненаму мастаку ў аўтарытарнай краіне, у якіх межах дазволеная свабодная творчасьць у “апошняй дыктатуры”? На гэтыя і іншыя пытаньні аўстрыйскіх журналістаў сёньня ўвечары па аўстрыйскім тлебачаньні адкажа сам беларускі рэжысэр. Як перакананы Хашчавацкі, кожны народ ня проста варты свайго ўраду, кожнаму народу рана ці позна прыйдзецца адказаць за тое, які урад у яго быў. Хашчавацкі лічыць, што беларусы пачалі ўжо адчуваць гэтую адказнасьць і ў выніку свайго жабрацтва, і той катастрафічнай сытуацыі, у якой яны апынуліся.

Паводле аўстрыйскіх журналістаў, краіна іхнага героя - адзіная ў Эўропе, якая ня мае афіцыйных дачыненьняў з Эўразьвязам і Радай Эўропы. Аднак дух украінскай аранжавай рэвалюцыі пачынае паціху прыходзіць і ў Беларусь. На пярэднім пляне гэтае барацьбы знаходзяцца мастакі, інтэлектуалы -- такія як Юры Хашчавацкі.
XS
SM
MD
LG