Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі будзе абмяркоўвацца "беларускае пытаньне"


Алена Струвэ, Менск Міністры замежных справаў краінаў Эўрапейскага Зьвязу плянуюць абмяняцца меркаваньнямі адносна сытуацыі ў Беларусі, пра гэта паведаміла "Свабодзе" крыніца ў Брусэлі. На паседжаньні рады эўрапейскіх міністраў 7 лістапада будуць браць удзел прадстаўнікі 25 краінаў.

Беларускае пытаньне плянуецца абмеркаваць пасьля падвядзеньня вынікаў самітаў у Нью-Ёрку і Лёндане ды дыскусіяў вакол птушынага грыпу. Як паведамілі "Свабодзе" ў камісіі міжнародных справаў Эўрапарлямэнту, эўрапейскія палітыкі маюць цікавасьць да таго, каб кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў Эўразьвязу надалі больш ўвагі сытуацыі з апазыцыяй і правамі нацыянальных меншасьцяў у Беларусі.

(Сакратар: ) “Мне цяжка гаварыць пра парадак дня будучага паседжаньня, бо цяпер у брусэльскіх інстытутах і арганізацыях вакацыі, аднак я размаўляў з дэпутатам Эўрапейскай народнай партыі, нямецкім палітыкам Посэльтам, і ён ня выключыў, што такія дыскусія на ўзроўні міністраў замежных справаў могуць адбыцца на наступным тыдні”.

Спадар Бэрнт Посэльт прадстаўляе ў Эўрапарлямэнце нямецкі Хрысьціянскі саюз (ХСС). Паводле ягоных словаў, сябры ягонай партыі выступаюць за больш жорсткае стаўленьне Бэрліну да рэжыму Лукашэнкі, а таксама за тое, каб новае кіраўніцтва Нямеччыны вызначыла б адпаведную дыстанцыю ў дачыненьні да Крамля, які гэты рэжым падтрымлівае.

Сябры ХСС спадзяюцца, што новае МЗС Нямеччыны на чале з Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам выпрацуе больш дакладную і ясную лінію ў пытаньнях дачыненьняў з краінамі-суседзямі Эўразьвязу, у тым ліку і Беларусьсю.

Сваю заклапочанасьць што да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі неаднойчы выказвала і эўрапейскі камісар, колішні міністар замежных справаў Аўстрыі Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Паводле яе словаў, палітычная сытуацыя ў краіне стала пагаршаецца, “недахоп свабоды слова, ціск на незалежныя СМІ, усё гэта ёсьць пытаньнем для дачыненьняў з краінамі-суседзямі Эўразьвязу, у тым ліку і Беларусьсю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG