Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Веры Страмкоўскай не даюць паехаць на канфэрэнцыю ў Тбілісі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вядомая адвакатка Вера Страмкоўская мусіла адмовіцца ад паездкі ў Тбілісі на канфэрэнцыю АБСЭ, якая прысьвячаецца праблемам рэфармаваньня адвакатуры ў краінах Усходняй Эўропы.

Як сьцьвярджае вядомая беларуская адвакатка і праваабаронца Вера Страмкоўская, яна мусіла адмовіцца ад ўдзелу у канфэрэнцыі АБСЭ па праблемах адвакатуры з прычыны фактычнай забароны кіраўніцтва Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

31 кастрычніка Веру Страмкоўскую азнаёмілі з загадам, падпісаным намесьнікам старшыні сталічнай калегіі адвакатаў Аляксандрам Гамбалеўскім. Паводле гэтага загаду, усім адвакатам калегіі забаронена ісьці ў адпачынкі нават за свой кошт, бо з пэўных прычынаў у Менску можа ўзьнікнуць дэфіцыт адвакатаў. Вера Страмкоўская лічыць гэтыя прычыны надуманымі. Яна згадвае, што гэтак жа год таму яе не пускалі на канфэрэнцыю у Сэуле.

(Страмкоўская: ) "Першы раз ён мне адмовіў у паездцы ў Паўднёвую Карэю, бо напярэдадні на канфэрэнцыі АБСЭ ў Варшаве я крытыкавала прававую сыстэму ў Беларусі: патрабавала незалежнасьці адвакатуры, вяртаньня да прыватнай адвакатуры і ўвогуле рэфармаваньня судовай сыстэмы Беларусі. А як я прыехала з Варшавы і паўстала пытаньне ад канфэрэнцыі ў Сэуле, Гамбіеўскі асабіста на маёй заяве паставіў рэзалюцыю – адмовіць".

Між тым намесьнік старшыні Менскай калегіі адвакатаў Аляксандр Гамбалеўскі заяўляе, што палітыка ня мае ніякага дачыненьня да падпісанага ім часовага мараторыя на адпачынкі ў іх працоўным калектыве.

(Гамбалеўскі: ) “Мы Страмкоўскай нічога не забаранялі, проста склалася такое становішча, што на месяц прыпынілі даваць адпачынкі, бо вялікі працэс будзе слухацца. Будзе суд над адной бандыцкай групоўкай. Забарона дзейная для усіх, акрамя тых, хто ідзе ў адпачынак па цяжарнасьці”.

Вера Страмкоўская між тым настойвае на тым, што ёй помсьцяць за актыўную пазыцыю ў абароне актывістаў апазыцыйных партыяў і грамадзкіх рухаў. Якраз сёньня, 31 кастрычніка, Страмкоўская бараніла ў судзе затрыманых міліцыяй актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG