Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірак: ацэнкі колькасьці ірацкіх ахвяраў канфлікту значна розьняцца


Юрась Бушлякоў, Прага Заходнія краіны вядуць дэталёвы падлік чалавечых стратаў, панесеных іх вайсковымі сіламі ў Іраку. Што ж да ірацкіх ахвяраў канфлікту, то розныя зьвесткі аб іх колькасьці істотна розьняцца. Згодна з найнавейшай справаздачаю Пэнтагону, страты сярод вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва Іраку за пэрыяд пасьля 1 студзеня 2004 году склалі 26 тысяч чалавек.

За пэрыяд з сакавіка 2003-га, калі пачалася вайсковая апэрацыя ЗША й саюзьнікаў у Іраку, на ірацкай тэрыторыі загінулі ўжо звыш дзьвюх тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў. Да нядаўняга часу Пэнтагон лічыў толькі амэрыканскія ахвяры ў Іраку, не падаючы колькасьці іракцаў, забітых або параненых на працягу двух з паловаю гадоў канфлікту. Выглядае, што цяпер падыходы зьмяніліся. У справаздачы для Кангрэсу Пэнтагон інфармуе, што блізка 26 тысяч іракцаў былі забітыя або параненыя з пачатку 2004 году.

Як адзначаюць паасобныя амэрыканскія аналітыкі, новая палітыка Пэнтагону мае паказаць, што Вашынгтон хвалююць ня толькі амэрыканскія, але й ірацкія людзкія страты.

Аднак ці вартая даверу памянёная лічба Пэнтагону?

Мааед аль-Хайдары, кіраўнік багдадзкага бюро радыё “Свабодны Ірак”, гаворыць, што ўстанавіць дакладную колькасьць стратаў сярод цывільнага жыхарства Іраку практычна немагчыма:

(аль-Хайдары: ) “Праблема з дакладным падлікам колькасьці людзей, забітых або параненых у штодзённых тэрактах, у тым, што прынамсі частка людзей, страціўшы некага з сваіх сямейнікаў, баіцца ісьці ў паліцыю, баіцца заяўляць пра здарэньне. Частка людзей баіцца помсты тэрарыстаў”.

Паводле аль-Хайдары, часам нават паліцыя адмаўляецца выяжджаць на месцы здарэньняў: паліцыянты баяцца самі стаць ахвярамі нападаў.

Зважаючы на ўсе цяжкасьці з вызначэньнем колькасьці ахвяраў сярод іракцаў, Пэнтагон зазначае, што яго ацэнкі – гэта ўсяго толькі ацэнкі.

Брытанская “Guardian” цытуе сёньня прадстаўніка Пэнтагону Грэга Гікса. Той прызнае, што Міністэрства абароны ЗША не валодае дэталёвымі зьвесткамі пра колькасьць ірацкіх ахвяраў.

Ацэнкі, абнародаваныя Пэнтагонам, на парадак ніжэйшыя за паасобныя іншыя ацэнкі людзкіх стратаў у Іраку. Так, паводле зьвестак брытанскага мэдычнага часопісу “The Lancet”, апублікаваных пры канцы мінулага году, за час з пачатку вайны ў Іраку загінулі 98 тысяч іракцаў. Часопіс спасылаецца на дасьледаваньне эпідэміёлягаў з унівэрсытэту Джоўнза Гопкінза ў амэрыканскім Балтымары. Дасьледаваньне выводзіць колькасьць зьвязаных з вайною сьмерцяў, супастаўляючы цяперашні ровень сьмяротнасьці ў Іраку зь сярэдняй колькасьцю сьмерцяў у перадваенны час. Гэтую лічбу – 98 тысяч ахвяраў – актыўна аспрэчваюць, перш за ўсё брытанскі й амэрыканскі ўрады.

Аналітыкі тым часам пагаджаюцца: якой бы ні была дакладная колькасьць ахвяраў ірацкай вайны, усе ацэнкі паказваюць у прынцыпе адно – колькасьць стратаў сярод цывільнага насельніцтва Іраку расьце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG