Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данчык: "Сьпявак – гэта спартсмэн. Трэба быць падрыхтаваным"


Алена Ціхановіч, Прага Упершыню ў Беларусі выйшаў кампакт-дыск Данчыка. На ім зьмешчаныя дваннаццаць песьняў, якія дваццаць гадоў таму былі запісаныя ў нью-ёрскай студыі “Angel Sound” і выдадзеныя на пласьцінцы “Я ад вас далёка”, а таксама відэабонус канцэрту Данчыка ў Менскай філярмоніі 18 сьнежня 1996 году. З нагоды выхаду кампакт-дыску Данчык адказвае на пытаньні Свабоды.

(Данчык: ) "Калі я пачаў сьпяваць, мне было 17 гадоў. Тады былі кружэлкі, пасьля касэты. Усе чатыры беларускія альбомы былі на касэтах. Апошняе, што я рабіў, гэта былі ўкраінскія песьні, яны выйшлі на пачатку 1990-х на кампакт-дыску. А беларускія яшчэ былі на старых носьбітах".

(Карэспандэнт: ) "А чаму такі вялікі перапынак?"

(Данчык: ) "Апошнюю кружэлку запісаў за паўтара году перад тым, як пачаў новае жыцьцё, новую кар''еру ў Эўропе. Тут былі зусім іншыя варункі, іншая праца, іншыя вымогі майго часу і здольнасьцяў".

(Карэспандэнт: ) "Ці можна чакаць, што ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя ці канцэрт з тваім удзелам?"

(Данчык: ) "Канцэрту ня будзе. Бо я не падрыхтаваны да гэтага. Можна сьпяваць, і можна сьпяваць. А калі сьпяваць і на сцэну выходзіць, прасіць, каб людзі плацілі за гэта грошы, ня можна так проста паехаць і адсьпяваць. Гэта ня так робіцца, я ніколі так не лічыў. Гэта трэба быць вельмі падрыхтаваным. Сьпявак – гэта спартсмэн.Трэба быць падрыхтаваным".

(Карэспандэнт: ) "Твае прыхільнікі могуць цешыцца тым, што гэта асучасьнены архіўны Данчык..."

(Данчык: ) "Так. Цікава, што там ёсьць і відэазапісы з канцэрта. І калі ёсьць попыт, а не было ўжо гэтых касэтаў у продажы, яны сьцёрліся, дык мяне вельмі цешыць, што ёсьць ахвотныя набыць мае запісы".

(Карэспандэнт: ) "Ці задаволены ты накладам, ці абмяркоўвалі вы лічбу тысяча дыскаў?"

(Данчык: ) "Я асабліва ў гэтым ня ўдзельнічаў. Думаю, арганізатары праекту ведаюць, наколькі можна спадзявацца, як гэта прадаваць і дзе. Магчыма, з гэтым будуць цяжкасьці... Паглядзім".

(Карэспандэнт: ) "А, можа, яны разыдуцца ў адзін момант?"

(Данчык: ) "Спадзяюся, спадзяюся (усьміхаецца)".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG