Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылося пахаваньне маці Віктара Ганчара


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў пасёлку Першамайскім Лідзкага раёну адбылося пахаваньне Валянціны Ганчар. Маці зьніклага ў верасьні 1999 году Віктара Ганчара шэсьць гадоў чакала свайго сына. Але ніякай інфармацыі ад уладаў пра яго лёс так і не атрымала.

Апошні час Валянціна Ганчар жыла ў старэйшай дачкі і памерла ўначы 29 кастрычніка ва ўзьдзенскім шпіталі, дзе знаходзілася цягам трох тыдняў. Разьвітацца са спадарыняй Валянцінай прыйшло многа людзей, і ня толькі з пасёлку Першамайскі.

Неаднаразова Валянціна Ганчар зьвярталася да кіраўніцтва краіны па дапамогу ў пошуку сына. Спачатку яна нават спадзявалася на Аляксандра Лукашэнку, які ў 1994 годзе, калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, прыяжджаў разам зь Віктарам Ганчаром да яе ў госьці ў пасёлак Першамайскі. Згадвае актывіст АГП Уладзімер Чырвоненка, які раней часта адведваў спадарыню Валянціну:

(Чырвоненка: ) “З намі размаўляла, расказвала пра Віктара, пра тое, што асабіста ведае Лукашэнку, калі ён яшчэ быў дэпутатам… Яна дакладна ведае, хто забойца, і ніколі яму гэтага не даруе”.

Маці выкрадзенага журналіста Зьмітра Завадзкага Вольга Завадзкая кажа пра Валянціну Ганчар:

(Завадзкая: ) “Улады ніяк не адгукаюцца ні на заявы, ні на просьбы, што-небудзь даведацца пра лёс сына. Канечне, гэта ў значнай ступені скараціла яе жыцьцё”.

Сёньня плянавалася сустрэча Зінаіды Ганчар са сьледчым менскай пракуратуры Сяргеем Кухаронкам, які раней казаў, што з 2003 году справа Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага не прыпынялася, а рэгулярна аднаўляецца. Але нядаўна дэпутат Анатоль Салаўёў заявіў у адной зь міжнародных арганізацыяў, што крымінальная справа аб зьнікненьні Віктара Ганчара нібыта зноў адноўленая “ў сувязі з новымі абставінамі”. Зінаіда Ганчар абвергла гэтыя зьвесткі і зьвярнулася па тлумачэньні да сьледчага. Адвакат Зінаіды Ганчар Павал Сапелка паведаміў:

(Сапелка: ) “Сьледзтва нас ня ставіць у курс справы, таму мы і хацелі такой сустрэчы”.

У верасьні гэтага году Рада Эўразьвязу прыняла рашэньне падоўжыць візавыя санкцыі адносна кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Шэймана, міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, камандзіра брыгады спэцпрызначэньня Зьмітра Паўлічэнкі і былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Сівакова яшчэ на год. Гэтыя чыноўнікі падазраваныя ў датычнасьці да палітычных зьнікненьняў апанэнтаў рэжыму — Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юр’я Захаранкі і Зьмітра Завадзкага. Папярэдняе рашэньне ў візавых санкцыях было прынята ў мінулым годзе на падставе рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Радыі Эўропы і справаздачы Хрыстаса Пургурыдэса аб палітычна матываваных зьнікненьнях людзей у Беларусі.

Маці Вольга Завадзкая жыве надзеяй, што праўда пра лёс яе сына і іншых зьніклых стане вядомай:

(Завадзкая: ) “Чалавек толькі і жыве надзеяй. Абавязкова, павінна праўда перамагчы. Ня можа такога быць, каб нам ня стала ўсё вядома і каб не былі пакараныя вінаватыя. Таму што чалавечае жыцьцё павінна цаніцца вышэй за ўсё”.

***

16 верасьня 1999 году па дарозе дадому былі скрадзеныя невядомымі былы віцэ-прэм’ер, кіраўнік Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і ягоны сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Мінула шэсьць гадоў, але беларускія ўлады так і не адказалі на пытаньне: дзе Віктар Ганчар і які ягоны лёс?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG