Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму" сыходзіць ад прыхільнікаў экстрэмізму..."


RFE/RL Водгукі слухачоў за 29-30-га кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць на менскі нумар 2903952 і пакінуць свае меркаваньні на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

(Сяргей, Менск: ) “Шаноўнае Радыё Свабода! Шаноўныя слухачы! Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт тэрарызму ў Беларусі.

Слова “тэрор” у перакладзе на беларускую мову азначае “страх”, “жах”; тэрарыст – гэта той, хто запалохвае людзей. А каго баяцца больш за ўсё ў Беларусі? Лукашэнку і яго паслугачоў, рэпрэсіўны апарат, АМОН, КДБ, які зьнішчыў са Сталіным мільёны людзей.

Закон аб супрацьдзеяньні экстрэмізму, які прадставіў намесьнік кіраўніка КДБ Дземянцей, накіраваны супраць палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў; і сыходзіць як раз ад прыхільнікаў экстрэмізму і тэрарызму. Усё пастаўлена да гары нагамі. Сытуацыя як на базару, калі злодзей грамчэй за ўсіх крычыць: “Трымай злодзея!” А галоўны тэрарыст у нас усім вядомы – гэта той, які ў нас над усім галоўны”.

(Спадар:) “Я наконт выказваньня Адамкуса.

Ну, ладна, гэты чалавек мо не зусім здаровы, глупства кажа. Але ж вы! Вы вартыя глыбокай крытыкі! Навошта вы ўсё гэта разьнесьлі, пайшлі ў людзі, апытвалі іх… Вы усё наадварот зрабілі! Людзі добра зразумелі, што Аляксандар Рыгоравіч – наш абаронца, а ўсё астатняе – глупства. Бачыце, што вы робіце. Гэта па-першае.

Па-другое, мне падаецца, што Лябедзька і г.д. складаюць органы КДБ, бо яны ўсё робяць на карысьць Аляксандру Рыгоравічу. “Дзякуй” ім, яны ўсё наадварот робяць! Трэба быць вельмі пільнымі! І няхай яны галаву нам не марочаць!”

(Віктар Трыфанавіч:) “Добры вечар, Радыё Свабода! Я стараюся часта слухаць вашыя перадачы і падзяляю вашыя пункты гледжаньня. А цяпер хачу выказаць вось што.

У сувязі зь пераходам Беларусі на “зімні час” радыё ўлады кажа, што гэта, як быццам бы, выгадна народу, бо ідзе эканомія электраэнэргіі. А па-сутнасьці гэта ж усё хлусьня, таму што гэтым пераводам стрэлак назад ідзе большы расход электраэнэргіі! Бо з раніцы “сьветавы час” пачынаецца яшчэ да пачатку працы, але большасьць людзей яшчэ ня робіць. А вось увечары раней будзе на гадзіну цямнець, а людзі будуць рабіць да 5-6 гадзін вечара. І такім чынам ідзе павялічаны расход электраэнэргіі.

Калі ўжо казаць пра эканомію, то трэба было стрэлкі часоў не назад на гадзіну пераводзіць, а наперад! І можна было б абмежавацца пераводам гадзіньнікаў з 29 лістапада да 29 студзеня!

Хацелася, каб Радыё Свабода ў сваіх перадачах разгледзіла гэтае пытаньне”.

(Пэнсіянэр, Мікашэвічы:) “Я спадзяюся, што з Польшчай у нас будуць добрыя адносіны, асабліва калі да ўлады прыйдзе Аляксандар Мілінкевіч.

Канечне, з Лукашэнкам ніхто ня будзе жыць добра, ён зьняславіўся з усімі дзяржавамі і ён ставіць наш беларускі народ пад удар. Час яму сыходзіць і гуляць зь дзецьмі ў хакей.

Яшчэ хачу зьвярнуцца да Аляксандра Мілінкевіча. Хай ён зьвяртаецца болей да народу, да пэнсіянэраў. Бо пэнсіянэры кажуць, што калі прыйдзе да ўлады Мілінкевіч, то прадасьць усе заводы беларускія і зямлю Амэрыцы, і пэнсіяў ня будзе. Таму хай болей Мілінкевіч з народам размаўляе і хай прыедзе да нас у горад Мікашэвічы”.

(Пятро Міхайлавіч: ) “Добрай раніцы, Свабода! Хачу праз вашае радыё выказаць шчырасьць-спачуваньне спадарыне Антаніне Хатэнцы з нагоды страты блізкага ёй чалавека.

Паважаная спадарыня Антаніна! Ваш боль, роспач і пакутніцкія пытаньні, якія гнятуць вас зараз, вы, як вельмі мужны і дужы чалавек, пераадолееце. Праз гэта даводзіцца праходзіць многім у гэтым жыцьці. Вядома, вам трэба жыць і надалей цяжка і многа працаваць, бо на плячах дзеці і адказнасьць за іх лёс. Каб лягчэй пераадолець тыя боль і жудасную адзіноту, якія наваліліся на вас хачу параіць вам адно спрактыкаванае выйсьце.

Уявіце сабе, што да вас сышоў сам усемагутны Гасподзь Бог, які забраў да сябе вашага блізкага чалавека і ўжо ніколі яго ня верне вам. Ён кажа вам: “Назавіце адно найвялікшае вашае жаданьне, і яно зьдзейсьніцца, апроч вяртаньня таго, каго я забраў”.

Дык вось, спадарыня Антаніна, глыбока падумайце, назавіце сабе гэта сваё жаданьне, а надалей рабіце ўсё, каб яго зьдзейсьніць. І жывіце дзеля таго асабістага жаданьня.

Бадзёрасьці вам і здароўя, шаноўная спадарыня Антаніна”.

(Спадар: ) “Учора мы беларусы адзначылі Дзяды. Пайшоў і я ў Курапаты, нёс кветкі і сьвечку. Сустрэў моладзь, ці піянэры ці камсамольцы, рашуча ішлі такой групкай азлобленай. Такая ж групка стаяла перад тунэлем да могілак. А там ужо стаялі старыя, якія ўжо чакалі, калі прыйдуць людзі з гораду шанаваць памяць, забітых у патыліцу. І хто быў вакол? Старыя ды яшчэ маладыя чэкісты ў “кожанках”, асабліва адзін пытаўся: “А як гэта? А як гэта?” Але было вядома, што ўсе прайшлі праз строй структур сёньняшніх, структур расейскага фашызму, які сёньня зьнішчае нацыю на Каўказе і зьнішчае нашую нацыю беларускую тут, у Беларусі. І толькі тыя Курапаты, дзе ляжаць з прастрэленымі галовамі, але прыклад той, што ўжо існуе структуры расейскага фашызму, якія існуюць сярод моладзі і ва ўладзе. І нікуды ад гэтага нельга падзецца”.

(Спадар: ) “Я за альтэрнатыўныя выбары, таму і прапановы такія даю.

Трэба, каб далі тэлефон Мілінкевіча. І трэба, каб ён часьцей выступаў, інакш выбараў ня будзе. Вось як Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка рабіў: ён наведаў амаль што кожную вёску, кожны раён, пабываў ва ўсіх гарадах, выступаў на машыне са сваёй камандай. Вось як трэба! А гэты ціха, нічога. Толькі Лябедзька там недзе на Захадзе шуруе. Гэта ўсё бессэнсоўна! Мілінкевічу трэба адмовіцца ад гэтых людзей, бо яны яго толькі кампрамэтуюць, ствараюць сытуацыю, што народ не ўспрымае яго, бо яны супраць народу дзейнічаюць на карысьць чаго невядома.

І абавязкова трэба, каб ён пакінуў свой нумар тэлефону, каб кожны мог патэлефанаваць і запытаць штосьці, каб ён параіў нешта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG