Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні Дзядоў Курапаты наведалі паслы краінаў Эўразьвязу і ЗША


Ганна Соусь, Менск 29 кастрычніка напярэдадні Дзядоў урочышча Курапаты наведалі амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША. Яны ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Сёньня ў Курапатах адбылося адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку “Ахвярам сталінскіх рэпрэсій” на камяні на курапацкім пагорку

Амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША ўшанавалі памяць ахвяраў палітычных рэпрэсій хвілінай маўчаньня. Амэрыканскі амбасадар Джордж Крол запаліў сьвечку і ўсклаў кветкі да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, гэтак званай “лавы Клінтана”.

(Крол: ) “Гэта для мяне ня толькі гонар, але і памяць, калі я першы раз быў тут і прысутнічаў падчас візыту прэзыдэнта Клінтана сюды ў 1994 годзе. Гэта як знак павагі амэрыканскага народу беларускаму народу і ахвярам беларускага народу. Гэта важная справа ня толькі для беларусаў, ня толькі для эўрапейцаў ці амэрыканцаў. Усе нацыя памятаюць і паважаюць ахвяры, каб гэта не паўтарылася ніколі ў Беларусі, ніколі ў Эўропе, ніколі ў Амэрыцы, ніколі ў сьвеце”.



Ад імя амбасадараў краінаў Эўразьвязу выступіў кіраўнік дыпляматычнай місіі Францыі Стэфан Шмялеўскі.

(Шмялеўскі: ) “Тое, што адбывалася тут, ні ў якой краіне сьвету ня можа застацца невядомым. Тое, што ёсьць грамадзяне Беларусі, якія даглядаюць такія месцы, гэта сапраўды, вельмі важна ня толькі для Беларусі, але і для Эўропы, і для ўсяго чалавецтва”.

Гісторык Ігар Кузьняцаў паказаў амбасадарам Эўразьвязу і ЗША ўсе жалобныя месцы і памятныя знакі ва ўрочышчы і распавёў ім пра гісторыю Курапатаў.

(Кузьняцоў: ) “Курапаты – гэта тое месца, якое павінна быць нэўтральным з усіх бакоў. Тут пакояцца ўсе нашыя продкі. І мы ўсе хочам каб захавалася памяць пра іх”.



Сёньня ж у Курапатах адбылося адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку на камяні на курапацкім пагорку, які быў скрадзены летась. Таблічку аднаўляў скульптар Алесь Шатэрнік.

(Шатэрнік: ) “Таблічка адноўленая. На ёй той жа тэкст, які і існаваў раней “У гэтым лясным масіве ў адпаведнасьці з пастановай Савету міністраў БССР ад 18.01.1989 году будзе пабудаваны помнік ахвярам 1937-1941 гадоў. Будзе яшчэ выява нябеснай заступніцы Эўфрасіньні Полацкай”.

Сёньня памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ушанаваў і адзіны кандыдат ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч.



(Мілінкевіч: ) “Курапаты – гэта ня проста сумнае месца, гэта трагедыя Беларусі. У Беларусі гісторыя выдатная, шмат гераічнага, і шмат трагічнага. А Курапаты – гэта вялікая трагедыя. Добра, што ёсьць гэтае месца ў памяці людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG