Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Антаніна Хатэнка


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Сваімі нататкамі пра пражытае і перажытае на мінулым тыдні дзеліцца фальклярыстка, мовазнаўца, паэтка і грамадзкая дзяячка Антаніна Хатэнка.

Нядзеля, 23 кастрычніка

Сонцаў дзень. Купалы лесу залоцяцца ў акно, і прачынаньне падаецца кароткай паўзай у ілюзорнай плыні расхрыстанага веку. Абяцаю сабе не спамінаць. Не павяртацца ў мінуласьць. Папросту, як расьліна, як воблака, жыць у падараваным звыш імгненьні, прымаючы ўсё ўдзячліва й сьветла. П’ю, смакуючы, каву і звучаю думку лётаць тут і цяпер.

Але не-не дый пракручваюцца ў галаве кадры нядаўнасьці, у якой яшчэ быў жывы той, што стаўся празрыстым. Дзіўная зьява — сьмерць: пакуль далёкая й адчужаная, здаецца мяжою, парогам у ніколі; учыніўшыся, зацята кідае ў абдоймы “некалі”; а, сьцьвердзіўшы сваё валадараньне, зьмешвае тыя “ніколі” й “некалі” ў скрутны вір безгалосься. Потым непрыкметна ўшчыльняе прастору: зямное твар да твару й вочы ў вочы — ужо й блізкасьцю не назавеш. Бо лучацца нейкія таемныя ядры-сарцавіны сутнасьцяў… Не адзінота падступае, не пакінутасьць, а такая балючая зьяднанасьць, што не дыхнуць, ня вымавіць, ня сплакаць.

Шукаю ратунку ў правэдычнай філязофіі. Не прывязвацца! Даць волі сабе й іншым. А куды падзець тое срэбнае нітво, напятае між душамі, што трымціць і журбуе над усімі адлегласьцямі й часамі, па-над паміраньнем нават?

Трэба нешта рабіць, лёгка й звыкла. Гатую лежні — адмыслова па-лоеўску высмажаныя вялізныя дранікі. Як вучыла пры жыцьці Нэля Тулупава. Бяру ўрокі нябёсаў.

Панядзелак, 24 кастрычніка

Ад самага ранку сьпяшаю ў школу, дзе навучаецца падлетак мой — Сьвятаяна. Спрабую патлумачыць сталым дзядзьком і цёткам, што прырода, бывае, сваволіць, не спытаўшы іхнага настаўніцкага дазволу, і адорвае аднаго талентам да фізыкі, а іншага — да вершаскладаньня. Філялягіня гнуткая: фізыку й алгебру ня лішне, маўляў, ведаць і паэту. А дакладная, як формула, матэматычка грэбліва адмахваецца — ну, нібыта я павук атрутны. Дакемліваю нарэшце, чаму гуманітарнасьць паўстала адзінаю асновай выжываньня зблукалага ў тэхнакратычным гушчары чалавека. Але давесьці хоць паўкроплі адчуванае праўды не ўдаецца. Бо ж нашы дзеці маюць права й вялікі шанец ведаць усё й назаўжды нязьменна — барані, Божа, чаго самім уцяміць.

Падвечар дачку-зламысьніцу, што не жадае напаўняцца інтэлектуальнымі здабыткамі з розных галін і навук, застаю за чытаньнем Шапэнгаўэра “Сьвет як воля і ўяўленьне”. На запытальны насьцярожаны позірк толькі й адольваю насьмешна паціснуць плячыма. Веды тут не базуюцца ані на волі, ані на ўяўленьні — казарма рыхтуе шэрагі людзей-аўтаматаў.

Зачмураная завучваньнем тэарэмаў, якіх ніяк ня ўмее далучыць да жыцьцятворчасьці, васьміклясьніца разгортвае “Кнігу шляху й дабрадайнасьці” Дао Дэ Цзіня. Цытуе: “Дасканаламудры нічога не назапашвае…”

Аўторак, 25 кастрычніка

Тэлефаную ў Рыгу — сястры споўнілася 40. Ня любіць дзён народзінаў, быццам шторазу сябе губляе. Затое як радасна блукалася некалі ў гэты дзень па старых рыскіх вулках. Нібы закінулі нас далёка ад сьвету маленства. На іншую галяктыку — ці што…

Абрыньваюцца лісьцём спаміны — сумныя, сьвяточныя, маладыя. Балтыя ўвосень. Ціхі плёскат нахмураных хваляў, высокае граньне аргану ў Домскім саборы, ціхае счапленьне родных рук — нашых і даччыных.

Ці чуцён арган з таго, лепшага, сьвету адляцеламу птаху — мужу й бацьку? Мой Божа, не сягнуць тае Брамы, за якой жыткуюць Табой забраныя! Дый хоць малых весьніц у Эўропу нам яшчэ доўга не адчыніць.

У роздуме і сумневах цягаюся па сталіцы, мяркуючы прыладавацца на працу. Вышні выпрабоўвае мудра: не ўпускае, дзе — не маё. А майго, здаецца, у гэтай краіне й не засталося. Суцехаю — усё тыя ж тэксты далёкае эпохі Еднасьці:

На самым пачатку не было ні існага, ні няіснага. Увесь гэты сьвет быў непраяўленай энэргіяй… Не пакідаючы ніякіх сьлядоў, Адзінасьць дыхала сваёй уласнаю моцай. Больш нічога там не было.

(Гімн тварэньня, Рыгвэда)

Нашы міты вястуюць тое самае. Чую ва ўласнай спустэленасьці сябе яшчэ нязнаную.

Серада, 26 кастрычніка

Ці любіць хто ў сьвеце прасіць і нагадваць пра пазыкі? Штодня кіруюся ва ўстановы, якія маюць распарадзіцца пра выплату нейкай грашовай дапамогі асірацелай дачцы. Зьбіраю даведкі й прыгадваю, як тымі ж дарогамі хадзіў сьмяротна хворы чалавек, афармляючы інвалідную групу, — іначай пасьля ягонага сыходу ні граша не атрымала б непаўналетняя спадкаемка. Дзе набіраўся мужнасьці, каб сьцерпець чыноўную абыякавасьць, ведаючы, што не пасьпеў і ўжо ня мае часу што-кольвечы выправіць? Такую вось балючую ростань мы сабе і роду ўгатоўліваем. Бо ніхто ж, акром саміх, Шляху нам не выбірае!

А, між тым, гэтулькі мудроты пакідаюць Прасьветленыя, каб наступнікі не змыляліся. Вынаходжу падказкі — і тым прачышчаюся: “Цэльная істота ведае, ня вучачы, бачыць, ня гледзячы, і дасягае, ня робячы” (Лао-цзы).

Усё больш усходнія дарады на падмогу прыцягваю. Бо мы не зьбераглі, не занатавалі, не перадалі. Не, перадалі ўсё-ткі, але толькі мастацкую форму, на жаль. Не прыкладны характар нашай філязофіі. І жывём жа з прынцыпу “няма калі” — вымагаемся жыць.

Спасьцігаю лекавасьць мэдытацыі: пабыўшы па-за сабой мітусьлівай і заклапочанай, раблюся раўнаважнай, спакойнай і згоднай прыняць усё адбыванае за шчасьце. Нічога ж насамрэч сьмерць не адымае. Адно скідае чалавек зношаную апранку і са звыклай рэчнасьці падае, як яблык з дрэва. Не зьнікае — перамяняецца — вучыць Веда. Як жа далёка мы ад яе адступіліся! Спакваля засяляю ў разяўляны прагал лёсу дух зьмірэньня.

Чацьвер, 27 кастрычніка

Восеньскі дождж, задумная ціша… Ці ня лепшая пара сьведамленьня асабовае значнасьці… У талацэ й тусоўках мы ж толькі выяўляемся. А фармуемся, зарганізоўваем душэўную прастору ў адасабленьні ад сьвету вонкавага. І ўзыходзілі безьліч паэтаў на гэтай плянэце да творчых вяршынь з шапаткой смутнай восені.

Натхненьне стаілася на покуці — я ведаю. Не падступіцца да яго, пакуль не зьдзярэш зь сябе наліплую скуру спрэчак, скаргаў, прысудаў і жальботы. Запальваю сьвечкі. Дрыжаць, траскуча плачуць — агонь спальвае маркоту й нязгоду. Усё жывое, чуйнае, памятлівае й разумнае. Чаму чалавек так мала кантактуецца з раскрытым да яго Сусьветам?

Котка — белы камячок незалежнасьці — спынена глядзіць у нікуды. Насамрэч, патлумачваюць мэтафізыкі, яна перамяшчаецца гэтым часам у нулявую прастору, дзе злучана ўсё бачнае й нябачнае. Пераймаю ейную позу — чыста малпа — і спрабую ўвайсьці ў бязмоўнасьць. Толькі ж гэтак магчыма пачуць сябе часьцінай вечнага ўсяленскага арганізму. Засвойваю мэтоду самаканцэнтрацыі па-за думаньнем. Захліствае цеплыня, а потым навальваецца цяжар, які трэба сабраць і выдыхаць, вызваляць.

Пэўна, усім нам, стужаным беларусам, складана даецца гэтае вызваленьне, выдаленьне зь сябе каменнага цяжару. Вось і мысьліцца ў дзядоўскую пару замаруджана й прытомлена. А належыць узьляцець — каб у рытуальную суботу прачуць Неабсяжнасьць сваіх магчымасьцяў. Бо ўсе, хто былі тут, хто ёсьць і прыйдзе, — адна Душа. І не аскепкі мы, але праменьне, што зорыць у прышласьць. З думкай гэтай ахутвае ноч…

Пятніца, 28 кастрычніка

Сьвятаяну трэба везьці ў санатор, на Іслач, пад самы Дом творчасьці, што выкалыхваў у хваёвым лесе паэзію й дзяцінства дачок. На стромай гары над зьвілістай ракой колькі гаворана-спрачана — пра нас і час. Гібее літаратурны прытулак, няма ўжо суразмоўцы майго. Засталіся цьмяныя фрагмэнты дыялёгаў:

— Векавечна нясём “на худых плячох сваю крыўду”. Купала пытаў “А хто там ідзе?”, сам сабе адказ даючы, Багдановіч да “крыніцы жывой вады” нахіліўся й крывёй захліпнуўся, Караткевіч “Дзе мой край?” выгукнуў і сышоў з абяцаньнем “Быў. Ёсьць. Буду”. Ланцуговая рэакцыя нейкая…

— Затое ключ знайшла Геніюш. Памятаеш, колькі ўсяго беларускі куфар хавае?

— Хавае. А чаму не раскрыць?..

Дзяды, што бліжэюць зь неба, ці пакажуць калі дарогу, зь якой не зьлятацьмуць паэты зь енкам “Беларусь мая — мая магіла”? Ці вольны ўжо ты, мой дзеду нядаўні, ад скрухі, што “белая ад болю Беларусь”? Ня ўведаць, не пачуць, не здагадацца…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG