Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такія беларускія донжуаны?


Юлія Шарова, Менск 29 кастрычніка 1787 году ў Празе адбылася ўсясьветная прэм’ера опэры Вольфганга Амадэя Моцарта “Дон Джавані”. З таго часу вобраз донжуана – спакусьніка й куміра жанчын – належыць агульнаэўрапейскай культуры. Зрэшты, у беларускім мастацтве ён пакуль што не прыжыўся, аднак у нашай рэчаіснасьці можна сустрэць нямала мужчынаў, якія прэтэндуюць на ролю героя-каханка. Што такое сапраўдны донжуан і дзе яго шукаць?

У пошуках донжуана я вырашыла спытацца ў народу, як гэты вядомы спакусьнік выглядае й дзе яго шукаць. І месца абрала спэцыяльна – ля абутковай крамы “Казанова”, што непадалёк ад плошчы Якуба Коласа.

(Спадарыня: ) “Донжуан? Нідзе, напэўна, цяпер ня знойдзеш. Мужчына такі галянтны, які жанчын шануе ды ўсё робіць, каб жанчынам было добра. Вось калі б муж быў такі... А, дык яны яшчэ, напэўна, зь іншымі жанчынамі гуляюць? Ой не, не, тады ня трэба”.

(Хлопец: ) “Гэта бабнік, напэўна. Мужчына, які вельмі любіць жанчын”.

(Спадар: ) “Чым болей іх будзе, тым лепей будзе жанчынам і асабліва дзяўчатам”.

(Другі хлопец: ) “Донжуан? У Італіі яго можна знайсьці. Донжуан – гэта вельмі казачны пэрсанаж”.

(Дзяўчына: ) “Мне падаецца, цяпер вельмі шмат іх. Нават часьцей іх можна сустрэць у наш час, чым раней”.

Донжуан – агульнае імя. Дон Хуан дэ Тэнорыё, Мігель дэ Маньяра, Казанова, Дон Джавані, Дон Гуан – у кожнай мастацкай рэінкарнацыі ён завецца па-рознаму, але сутнасьць усіх гэтых герояў аднолькавая: кружыць галовы і разьбіваць сэрцы жанчынам. Некаторыя, кшталту моцартаўскага Дона Джавані, нават вядуць улік сваіх мілосных перамоваў, запісваючы імёны жанчын у каталёг.

У беларускую культуру гэты вобраз, вядомы эўрапейцам ажно з ХІІІ стагодзьдзя, пакуль не завітаў. Аднак некаторыя заяўкі ўжо ёсьць, цьвердзіць паэт Андрэй Хадановіч. Ён згадвае іншага, зусім маладога паэта Глеба Лабадзенку ды ягоныя пагер-вершыкі, прысьвечаныя самым розным паненкам.

(Хадановіч: ) “Напраўду, над вершыкамі стаяць самыя розныя нумары абанэнтаў. Я мяркую, што...”

(Карэспандэнтка: ) “Эквівалент донжуанскага каталёгу ўжо ёсьць?”

(Хадановіч: ) “Ну так. Я думаю, што гэты паэт ці, дакладней кажучы, ягоны лірычны герой спакусіць яшчэ й разаб’е сэрцы шматлікім чытачкам і слухачкам. А ёсьць і крышачку старэйшы ад яго малады літаратурны плэйбой Павал Сьвярдлоў, ёсьць некаторыя іншыя. Таму думаю, што ўсё ў парадку”.

Сам Андрэй Хадановіч на ролю беларускага донжуана не прэтэндуе й да прыгажуняў не заляцаецца. Зрэшты, як вядома, “няма безвыходных становішч”. Асабліва калі прыгажуні – з далёкіх Ждановіч, як сам паэт сказаў.

Павал Сьвярдлоў кажа, што яму тытул донжуана й плэйбоя таксама не пасуе. У жыцьці чалавек закамплексаваны, запэўнівае малады беларускі літаратар, але хоча зьвяртаць на сябе ўвагу. А насамрэч Паша тонкі лірык і паэт. Донжуанскага каталёгу ён ня мае – для яго важна разумова дачыняцца зь дзяўчатамі, а ў астатнім ён звычайны хлопец.

(Сьвярдлоў: ) “Я люблю пакрасавацца, уражаньне нейкае пакінуць ад сябе. Можа, гэта будзе вычварнае ўражаньне, але каб за гэтым нічога не адбывалася. Магчыма, для мяне гэтыя мэнтальныя стасункі больш важныя”.

Дарэчы, амплюа героя-каханка за донжуанам замацавалася не адразу. Гэты вобраз прыйшоў з гішпанскага фальклёру і спачатку Дон Хуан праславіўся тым, што бунтаваў супраць караля. У XVII стагодзьдзі француз Мальер паказаў Дон Жуана найперш бязбожнікам. У XVIII стагодзьдзі аўстрыяк Моцарт нездарма прымусіў Дона Джавані праскандаваць знакамітае “Viva la Liberta!” – прэм’ера опэры адбылася ўсяго за два гады да Вялікай францускай рэвалюцыі. А ў ХХ стагодзьдзі францускамоўны пісьменьнік беларускага паходжаньня Оскар Любіч Мілаш стварыў каталіцкую містэрыю “Мігель дэ Маньяра”.

Аднак у рэчаіснасьці донжуан куды больш бляклы і малацікавы тып. На думку псыхоляга Вольгі Андрэевай, у беларускай культуры гэта сымбаль чалавека нявернага.

(Андрэева: ) “Мне падаецца, гэта зьвязана з такой тэмай, як мужчынская й жаночая ідэнтычнасьць у нашым грамадзтве. Яна вельмі недакладная, таму мужчыну для таго, каб сябе сьцьвярджаць як мужчыну, патрэбныя нейкія зорачкі на фюзэляжы. То бок яго насамрэч гэтая жанчына не цікавіць, самі адносіны не зьяўляюцца каштоўнасьцю, толькі перамога, толькі заваяваньне”.

У знакамітай арыі з каталёгам з опэры Моцарта лёкай Лепарэльлё пералічвае ўсіх кабет, якія кахалі ягонага гаспадара. Там ёсьць бляндынкі й брунэткі, сялянкі й прынцэсы, поўныя й мініятурныя, маладыя й старыя. Ніводнай не абмінае Дон Джавані, і пакуль жанчыны носяць спадніцы, ён будзе на іх паляваць. Іншымі словамі, ён унівэрсальны каханак, здольны падабраць ключык да любой кабеты.

Раман займаецца пікапам (ад ангельскага pick up – ‘зрываць’). Гэта такая тэхніка заляцаньняў да жанчын, угрунтаваная на нэўралінгвістычным праграмаваньні. Пікапэр сьцьвярджае, што мужчына павінен мець інтымныя кантакты з жанчынай хаця б два – тры разы на тыдзень. А іначай ён ня можа пачувацца паўнавартасным мужчынам. Пра тое, што будзе потым, Раман ня думае.

(Раман: ) “Насамрэч усё гэта ўтылізуецца звычайна вельмі пісьменна, і калі больш-менш сумленны хлопец, тады ён усё робіць нармальна ды ўсе задаволеныя застаюцца. А калі ён зусім адмарозак, то гэта ўжо ягоныя праблемы”.

Трэнінгі для пікапэраў робяцца ўсё больш папулярнымі й каштуюць немалых грошай. Кожны мужчына зможа засвоіць тэхніку маніпуляваньня жанчынай – менавіта так называе псыхоляг Вольга Андрэева грунт такіх паводзінаў. Ня дужа ўпэўнены ў сабе чалавек, ня дужа пасьпяховы ў кар’еры ды ў творчасьці можа даволі лёгка самасьцьвердзіцца за кошт жанчыны. Нездарма яшчэ аднаму вядомаму донжуану – к’еркегораўскаму Яганэсу – важна было авалодаць жаночай душой.

(Андрэева: ) “Так, мужчына хоча, каб яго кахалі цалкам, як асобу, каб яго цанілі, каб ён быў для жанчыны ўнікальным, але далёка ня кожны мужчына гатовы тым самым адказаць. То бок яны папросту адпавядаюць гэтым гендэрным жорсткім стэрэатыпам, але да сябе хочуць нейкага ўнікальнага стаўленьня”.

Для Рамана пікап – забаўная гульня.

(Раман: ) “Чым ён мяне зацікавіў? Тым, што там стасункі зь людзьмі адпрацоўваюцца. Прычым у мяне такая прафэсія, я штодня зь людзьмі дачыняюся, таму мне было проста цікава даведацца зь невэрбальных стасункаў з чалавекам, што ён думае, як мне дамагчыся таго, што мне трэба так, каб ён, можа, і даведаўся пра гэта, але каб мне было прасьцей гэтага дамагчыся”.

Аднак імкненьне маніпуляваць жанчынай і самасьцьвярджацца за ейны кошт Раман адмаўляе. Кажа нават, што апошнім часам (а пікапам ён займаецца году паўтара) яму сталі падабацца працяглыя адносіны. Можа быць, ён і кіне донжуанства.

Беларуская тэлезорка Элеанора Язерская донжуанаў не шануе. Для яе залётнік – гэта нешта мізэрнае.

(Язерская: ) “Усе мы кахаем і хочам быць каханымі, але донжуан сёньня – гэта, мне падаецца, ня вельмі актуальна. Мне падаецца, гэта нават крыху альфонс, увесь час ён траціць на тое, што заляцаецца да жанчын. А калі ён працуе, калі ўдасканальвае сябе? Толькі мілоснымі сэрэнадамі й палкімі словамі пра каханьне сучасную жанчыну прывабіць немагчыма. Я не люблю бедных і прыгожых дурняў, я люблю разумных, багатых, упэўненых у сабе мужчынаў. Для мяне мужчынская прыгажосьць – гэта розум і грошы”.

Ужо амаль зрабіўшы гэты матэрыял, я раптам натрапіла на абвестку: кабет запрашаюць на трэнінг пад назвай “Жаночы пікап”. Вядома ж, я патэлефанавала па кантактным нумары. Там паведамілі, што гэта трэнінг, адмыслова прыдуманы для жанчын адным псыхолягам. Як і ў варыянце з мужчынскім пікапам, мэтад угрунтаваны на нэўралінгвістычным праграмаваньні. Чатыры заняткі па пяць акадэмічных гадзінаў, каштуе гэта нядорага, усяго 80 тысячаў рублёў.

(Спадарыня: ) “Мы папросту ўпершыню будзем ладзіць гэты трэнінг. Мы хочам паглядзець на попыт, цікавасьць, і потым, вядома ж, кошт будзе ўздымацца, бо ўжо цяпер мы бачым, што цікавасьць дастаткова высокая”.

Такім чынам, беларускі за невялікую плату змогуць узяць у донжуанаў свой фэміністычны рэванш. Праўда, на гэта ўжо крыху іншая гісторыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG