Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 кастрычніка нарадзіўся Біл Гейтс


RFL/RL 28 кастрычніка ў гісторыі Беларусі і сьвету

28 кастрычніка 1523 году ў Кракаве выйшла з друку паэма Міколы Гусоўскага “Песьня пра зубра” – хрэстаматыйны твор беларускае літаратуры Сярэднявечча.

28 кастрычніка 1939 году ў Беластоку пачаў працу Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў Дэклярацыю пра ўключэньне Заходняе Беларусі ў склад БССР. Папярэднічалі сходу выбары, на якіх былі абраныя 926 дэпутатаў. Народны сход меў фармальны характар, бо праводзіўся пад поўным кантролем уладаў.

28 кастрычніка 1884 году ў Менску прыйшоў на сьвет Фларыян Ждановіч, адзін з заснавальнікаў прафэсійнага тэатру, актор, рэжысэр і грамадзкі дзяяч. Тэатральную адукацыю ён атрымаў у Варшаве, быў мастацкім кіраўніком Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі. Ждановіч зрабіў шмат першых пастановак клясыкі беларускае драматургіі – Купалы, Коласа, Аляхновіча, Галубка, Каганца. Ён сам перакладаў на беларускую творы польскай, расейскай і ўкраінскай клясыкі. У 1930 годзе яго арыштавалі й засудзілі на тры гады катаргі, якую ён адбываў на Беламорканале. Але й пасьля яму не далі вярнуцца ў Беларусь. У 1938 годзе Ждановіча арыштавалі ізноў. На тым ягоная біяграфія абарвалася.

Сярод славутых людзей, што нарадзіліся 28 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня галяндзкага пісьменьніка і філёзафа Эразма Ратэрдамскага, ангельскага мастака Фрэнсіса Бэкана і амэрыканскага бізнэсоўца Біла Гейтса, кіраўніка кампаніі «Майкрасофт» і найбагацейшага чалавека плянэты.
XS
SM
MD
LG