Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 27 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў

"Звязда”, 1935 год:

“Упраўленне Днепра-Дзвінскага параходства 25 кастрычніка адправіла прамым рэйсам з Гомеля ў Віцебск таварапасажырскі параход “КП(б)Б”. Параход ідзе ўніз па рацэ Сож да Лоева, па Бярэзіне вышэй Барысава, далей па бярэзінскай сістэме, рацэ Ула і ўгору па Заходняй Дзвіне. Даўжыня рэйса — 1000 кілометраў. Параход прыбудзе ў Віцебск 7 лістапада. Рэйс з’яўляецца вельмі цяжкім і адказным, бо на працягу апошніх 17 год па бярэзінскай сістэме не праходзіў ні адзін параход. Параход “КП(б)Б” вядзе вопытны капітан комуніст т.Осіпаў”.

“Советская Белоруссия”, 1945 год:

“Група найлепшых мастакоў і скульптараў Беларусі… працуе над дэкаратыўна-мастацкім афармленьнем Дому ўраду. Ужо праведзены працы па афармленьні працоўных кабінэтаў мастацкім росьпісам. Мастакі Волкаў, Зайцаў і Ахрэмчык пішуць для кулюараў залі зьездаў панно-трыпціх. Цэнтральная частка яго будзе паказваць вызваленьне Менску, правая частка — Сталін на фронце, левая — Ленін у Кастрычніку. Майстры мастацтваў Азгур і Глебаў рыхтуюць скульптуры К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна, І.В.Сталіна, пісьменьнікаў Пушкіна, Чарнышэўскага, Скарыны і Янкі Купалы, герояў беларускага народу Заслонава, Гастэлы, Даватара і Смалячкова”.

“Бацькаўшчына”, 1955 год:

“У перасыльны лягер Фрыдлянд (Заходняя Нямеччына) далей прыбываюць партыі нямецкіх ваеннапалонных і цывільных асобаў, якія звольнены савецкім урадам. У чацьвер прыбыла вялікая група — каля 600 чалавек. Сябры гэтай групы расказвалі прадстаўніком прэсы, што ў верасьні 1949 году некалькі сотняў антыкамуністычных партызанаў зрабілі напад на адзін з лягераў прымусовай працы недалёка ад Менску з мэтай вызваліць вязьняў. Паміж партызанамі і аховай адбыўся жорсткі бой. Партызанам удалося ўварвацца на тэрыторыю лягеру, але выкліканыя аховай на дапамогу часткі рэгулярнай арміі прымусілі партызанаў падацца ў лес. Кажны бок страціў у гэтым баі каля 50-ці чалавек забітымі”.

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG