Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры ў Страсбуры прапанавалі аднавіць парлямэнцкую тройку па Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня завяршаецца двухдзённы рабочы візыт у Страсбур лідэраў беларускай апазыцыі – кіраўніка Нацыянальнага выканаўчага камітэту Анатоля Лябедзькі і намесьніка кіраўніка перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата Вінцука Вячоркі. Пад час перамоваў у Страсбуры прагучала ідэя аднавіць працу Парлямэнцкай тройкі па Беларусі – супольнай дэлегацыі парлямэнцкіх асамблеяў Рады Эўропы, АБСЭ і Эўрапарлямэнту.

Парлямэнцкая тройка ў складзе прадстаўнікоў ПАРЭ, Эўрапарлямэнту і ПА АБСЭ ў канцы 90-х гадоў неаднаразова наведвала Беларусь, яна ня раз спрабавала наладзіць дыялёг улады і апазыцыі, менавіта Парлямэнцкая тройка вылучыла вядомыя чатыры рэкамэндацыі наконт дэмакратызацыі сытуацыі ў Беларусі. Пасьля выбараў прэзыдэнта 2001 года гэты міжнародны працоўны орган спыніў сваё існаваньне. Беларускія ўлады так і не выканалі ягоныя рэкамэндацыі. Тым не меней тройка была ўдалым інструмэнтам у справе каардынацыі пазыцыі міжнародных арганізацыяў адносна Беларусі. Пра неабходнасьць аднаўленьня гэтай практыкі ўчора казалі прадстаўнікі беларускай апазыцыі падчас сваіх перамоваў ў Эўрапарлямэнце і Радзе Эўропы – у прыватнасьці кіраўнік Нацыянальнага выканаўчага камітэту Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Гэта нашая ініцыятыва, сустрэлі яе абсалютна пазытыўна і ў Эўрапарлямэнце, і ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Я думаю, што ёсьць мажлівасьць яе рэанімаваць. Каб перад выбарчай кампаніяй яны гаварылі адной мовай, неабходна цяпер зафіксаваць пазыцыю трох парлямэнцкіх арганізацыяў па Беларусі”.

Ідэю гэтую падтрымаў былы кіраўнік Парлямэнцкай тройкі па Беларусі Адрыян Севярын, а таксама намесьнік кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Альдзіс Кушкіс. Спадар Кушкіс зазначыў, што ўжо ў бліжэйшы час будуць арганізаваныя адпаведныя перамовы на гэты конт з прадстаўнікамі АБСЭ і Рады Эўропы.

(Кушкіс: ) “Аднаўленьне Парлямэнцкай тройкі я лічу адной з канкрэтных задач Эўрапарлямэнту і іншых арганізацыяў. Гэта можа даць сумесныя каардынаваныя дзеяньні і працу ўсіх трох парлямэнцкіх арганізацыяў”.

Спадар Кушкіс мяркуе, што рэакцыя афіцыйнага Менску будзе неспрыяльнай, аднак аб’яднаная Эўропа павінна працягваць ціск на беларускія ўлады напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, мусіць патрабаваць дэмакратызацыі выбарчага працэсу, сачыць за сытуацыяй і рэагаваць на яе.

Як на справе адрэагавалі ў Менску на гэтую прапанову аб аднаўленьні Парлямэнцкай тройкі па Беларусі? Я здолеў абмеркаваць гэтую тэму з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Вольгай Абрамавай, якая ня лічыць вартым аднаўленьне Парлямэнцкай тройкі і прагназуе халодную рэакцыю афіцыйных уладаў:

(Абрамава: ) “Я думаю, што ўспрынята гэта будзе нэгатыўна – раз, неэфэктыўна будзе абсалютна – два, а з улікам Эўрапарлямэнту, які не прызнае беларускі парлямэнт, я магу прагназаваць, што прадстаўнікам тройкі не дадуць візы ў Беларусь”.

Спадарыня Абравама мяркуе, што эўрапейскім структурам трэба ўлічваць інтарэсы ня толькі апазыцыйнай часткі беларускага грамадзтва, а разумець і ўлічваць стан масавай сьвядомасьці. Ціск жа Эўропы на афіцыйныя ўлады, на яе думку, павялічыць напружаньне ў беларускім грамадзтве і прывядзе да яго кансалідацыі вакол дзейных уладаў.

Міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя- 97” Андрэй Саньнікаў мяркуе, што нельга лічыць эфэктыўнай папярэднюю працу Парлямэнцкай тройкі па Беларусі, яна прынесла мала плёну, але ён перакананы, што шчыльная каардынацыя пазыцыі міжнародных парлямэнцкіх структур па Беларусі патрэбная, і яна ўжо адбываецца.

(Саньнікаў: ) “Я лічу, што так, у тым выглядзе, у якім існавала Парлямэнцкая тройка аднавіць яе нельга, бо яна проста ня будзе мець магчымасьць прыяжджаць у Беларусь. Але для больш шчыльнай парцы, для ўзгадненьня пазыцый,– так, гэта патрэбна”.

Андрэй Саньнікаў мяркуе, што міжнародныя арганізацыі павінны вылучыць афіцыйнаму Менску канкрэтныя ўмовы ў галіне дэмакратызацыі і правоў чалавека і дамагацца іх выкананьня пад пагрозай санкцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG