Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі сустрэчы беларускай апазыцыі з кіраўніцтвам Эўразьвязу?


Валер Каліноўскі, Менск Кіраўнік Нацыянальнага выканаўчага камітэту аб''яднанай апазыцыі Анатоль Лябедзька і намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата Вінцук Вячорка сёньня ў часе рабочага візыту ў Страсбур правялі брыфінг для дэпутатаў Эўрапарлямэнту і сустрэліся з камісарам па міжнародных зносінах Эўразьвязу Бэнітай Фэрэрай-Вальднэр. Якія вынікі гэтых сустрэчаў?

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, прадстаўнікі беларускай апазыцыі ў размове з Бэнітай Фэрэрай-Вальднэр распавялі пра новую канфігурацыю палітычных сіл у Беларусі і заклікалі пашырыць удзел Эўразьвязу ў беларускіх справах:

(Лябедзька: ) “Не скажу, што такая размова была простая, бо наша пазыцыя была скіраваная на крытыку таго, што цяпер робіць Эўрапейская камісія…

Мы гаварылі наконт інфармацыі, пра тое, як разарваць інфармацыйную блякаду, як даць дапамогу людзям, якія трапляюць пад палітычныя рэпрэсіі.

Вось гэта два галоўныя накірункі, якія разглядаліся на сустрэчы з Фэрэрай-Вальднэр. Якая была рэакцыя? Была спасылка на тое, што ёсьць пэўныя інструмэнты і, маўляў, ім складана дзейнічаць у гэтых даволі вузкіх рамках, на што быў наш адказ: калі ёсьць палітычная воля, то гэта можна мяняць, атрымоўваць дадатковыя паўнамоцтвы”.

Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка акрамя таго сёньня сустрэліся зь віцэ-сьпікерам Эўрапарлямэнту Янушам Анышкевічам і правялі брыфінг для парлямэнтароў, аналітыкаў і журналістаў наконт сытуацыі ў Беларусі.

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Латвіі Альдзіс Кушкіс, які прысутнічаў на гэтым брыфінгу, зазначыў Радыё Свабода, што цікаваць да гэтай падзеі была вялікай.

(Кушкіс: ) “На гэты брыфінг запрашалі вядомыя дзеячы з чатырох розных палітычных груп. Гэта знак таго, што Эўрапарлямэнт ня толькі праз сваю дэлегацыю па сувязях зь Беларусьсю, але і праз іншых сябраў і палітычныя групы сур''ёзна працуе ў беларускім пытаньні”.

Спадар Кушкіс паведаміў, што дэпутаты Эўрапарлямэнту віталі абраньне беларускай апазыцыяй адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, а таксама выказалі сваю занепакоенасьць станам здароўя Міхаіла Марыніча і іншых палітвязьняў у Беларусі, ды забойствам журналіста “Народнай Волі” Васіля Гроднікава.

Гэтую занепакоенасьць яны наўпрост выказалі беларускім дыпляматам ўзроўню, якія прысутнічалі на сэмінары:

(Кушкіс: ) “Празь іх мы пераказалі, што так не павінна быць, што журналіста забілі, а пракурор не заводзіць крымінальную справу. На што ў іх не было інфармацыі, яны не былі падрыхтаваныя адказаць на гэтыя пытаньні”.

Спадар Кушкіс паведаміў, што ў найбліжэйшых плянах Эўрапарлямэнту – грамадзкія слуханьні па Беларусі, а таксама фармаваньне афіцыйнай дэлегацыі, якая магла б наведаць б Беларусь у наступным годзе да прэзыдэнцкіх выбараў.

Падчас знаходжаньня ў Страсбургу Анатоль Лябедзька і Вінцук Вячорка правялі таксама перамовы з прадстаўнікамі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Як паведаміў “Свабодзе” Анатоль Лябедзька, абмяркоўвалася магчымасьць ініцыяваньня разгляду пытаньня наконт законнасьці трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы, аўтарытэтным юрыдычным органе, які ў 1996 годзе разглядаў зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, прапанаваныя А. Лукашэнкам.

Гл. таксама • Чаму ў Страсбур не паехаў сам Аляксандар Мілінкевіч? • Лідэры беларускай апазыцыі сустракаюцца з кіраўніцтвам Эўразьвязу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG