Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст "Die Welt": Літоўскі прэзыдэнт зрабіў гэтую заяву цалкам сур''ёзна


Алена Струвэ, Менск “Die Welt”, "Financial Times Deutschland", "Frankfurter Allgemeine" цытуюць сёньня словы літоўскага прэзыдэнта Валдаса Адамкуса адносна таго, што “войскі Лукашэнкі могуць напасьці на маленькую прыбалтыйскую Літву”. Гэткая заява прагучала ўчора ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне, якую літоўскі прэзыдэнт даў прадстаўнікам васьмі ўплывовых нямецкіх газэтаў. З аўтарам публікацыі ў нямецкай "Die Welt" – журналістам Дытрыхам Александрам гутарыла наша карэспандэнтка.

Паводле нямецкіх журналістаў, Валдас Адамкус ёсьць чалавекам, які любіць пра ўсё гаварыць адкрытым тэкстам. У часе прэсавай канфэрэнцыі ён выглядаў вельмі шчырым суразмоўцам і вельмі канкрэтна выказваўся пра дачыненьні сваёй краіны з НАТО і Эўразьвязам, а таксама Расеяй і Беларусьсю.

Бэрлінскі журналіст Дытрых Александр, супрацоўнік “Die Welt” гаворыць:

(Дытрых Александр: ) “Спачатку спадар Адамкус гаварыў пра дачыненьні з Расеяй, пра тое, што тут для Літвы можа быць толькі эканамічная небясьпека, паколькі Расея па-ранейшаму адыгрывае вялікую ролю ў эканоміцы краінаў Балтыі. Аднак, у пляне вайсковым, паведаміў ён, тут нейкай небясьпекі для Літвы няма. Яна адчувае сябе надзейна ў межах Эўразьвязу. Аднак потым размова перайшла на беларускую тэму, і Адамкус заявіў, што вельмі заклапочаны тым, што ў дачыненьнях зь Беларусьсю няма празрыстасьці.

“Ты прачынаесься ў Вільні і ня ведаеш, што адбылося ў суседнім Менску” І таму ён ня можа выключыць такой верагоднасьці, што беларускае войска аднойчы не нападзе на ягоную краіну. Гэта было сказана сур''ёзна.

Тады хтосьці з журналістаў запытаўся: а хіба вас не абароняць саюзьнікі па НАТО ці Эўразьвязу? Адамкус адказаў: калі тыя прыйдуць, Літва ўжо можа быць занятай. Так хутка ні НАТО, ні Эўразьвязу прарэагаваць ня змогуць.”

У часе размовы журналіст нямецкай "Die Welt" падкрэсьліў, што словы літоўскага прэзыдэнта прагучалі без усялякага іранічнага падтэксту. У размове спадара Адамкуса адчувалася сапраўдная заклапочанасьць, што да непрадказальнасьці афіцыйнага Менску.

***

Тым часам, як піша "Frankfurter Allgemeine", Валдас Адамкус абверг тыя выпады з боку афіцыйнай Масквы наконт таго, што Літва, гэтак мовіць, зьбіраецца экспартаваць рэвалюцыю ў суседнюю Беларусь, хаця Вільня і ня робіць таямніцы з таго, што падтрымлівае беларускую апазыцыю і хоча распаўсюджваць па-за межамі сваёй краіны каштоўнасьці адкрытага грамадзтва.

Паводле Адамкуса, Вільня па-ранейшаму настойвае на больш моцнай і дакладнай добрасуседзкай палітыцы ў дачыненьні да Беларусі. Вільня рашуча нязгодная з той беларускай палітыкай, якая праводзілася Брусэлем дагэтуль. Гэтак званая сумесь крытыкі, стымуляваньня і санкцыяў не прынесла посьпеху. Далейшая ізаляцыя Беларусь можа нанесьці шкоду ізаляваным ад Захаду беларускім грамадзянам, якія маглі б ажыцьцявіць у краіне пазытыўныя перамены.

Літоўскі прэзыдэнт мае прабыць у Нямеччыне яшчэ некалькі дзён.

Гл. таксама • Прэзыдэнт Літвы не выключае, што войска Лукашэнкі можа атакаваць Літву
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG