Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яна не саступіла месца ў аўтобусе беламу мужчыне


Віталь Цыганкоў, Прага 25 кастрычніка на 92 годзе памерла Роза Паркс, легендарная актывістка руху за грамадзянскія правы ў ЗША. 50 гадоў таму менавіта яна адмовілася саступіць месца ў аўтобусе беламу мужчыне.

У 1955 годзе ў паўднёвых штатах ЗША усё яшчэ панавала расавая дыскрымінацыя і сэгрэгацыя. У гарадзкіх аўтобусах чорныя сядзелі на задніх месцах, белыя -- наперадзе. Калі аўтобус запаўняўся людзьмі, чорныя павінны былі саступіць сваё месца беламу. Так было запісана ў мясцовых законах, напрыклад, штату Алабама. Роза Паркс гадамі выконвала гэтае палажэньне, але ў той дзень у сьнежні 1955 году яна была асабліва стомленай пасьля цяжкага дню на працы. І калі група белых увайшла ў аўтобус, і кіроўца папрасіў яе ўстаць, яна зрабіла нешта раней нябачнае – яна адмовілася. У інтэрвію, узятае ў тым самым годзе, Паркс узгадвае, што адбылося пасьля гэтага.

(Паркс: ) “Кіроўца сказаў, што калі я адмоўлюся саступіць месца, ён мусіць выклікаць паліцыю. Я сказала – “выклікайце”. Ён зрабіў гэта. Паліцыя прыехала, і яны арыштавалі мяне”

Паркс прызнавала, што напачатку яна проста была надта стомленай і раззлаванай, каб ўставаць. Але вельмі хутка нешта зьмянілася ў яе стаўленьні і Роза вырашыла адстойваць свае грамадзянскія правы ў штаце Алабама. Паркс прабыла за кратамі некалькі дзён, суд прызнаў яе вінаватай у парушэньні сэгрэгацыйных законаў і аштрафаваў на 14 даляраў. Але яе ўчынак запаліў надзею чорных грамадзянаў штату. Малады прапаведнік Марцін Лютэр Кінг узначаліў першы чын масавага грамадзянскага непадпарадкаваньня – байкот гарадзкіх аўтобусаў. Прыблізна праз год у лістападзе 1956 Вярхоўны Суд ЗША прызнаў сэгрэгацыю ў грамадзкім транспарце неканстытуцыйнай. Марцін Лютэр Кінг, які выявіў свае арганізатарскія здольнасьці падчас байкоту, стаў агульнанацыянальным лідэрам руху за грамадзянскія правы.

Як пазьней прыгадвала Паркс, удзельнікі байкоту адразу пагадзіліся, што іхні пратэст будзе негвалтоўным.

(Паркс: ) "Будучы меншасьцю, мы адчувалі, што не дасягнем нічога гвалтам, пагрозамі альбо ваяўнічым стаўленьнем. Мы верылі, што большага можна дасягнуць негвалтоўным супрацівам. Мы не сварыліся ні з кім. Мы толькі хацелі спыніць паездкі грамадзкага транспарту, пакуль да нас ня будуць ставіцца як да астатніх пасажыраў”

У выніку, Роза Паркс дасягнула шмат большага. Як сказаў вядомы палітычны лідэр афраамэрыканцаў Джэсі Джэксан – “яна села дзеля таго, каб мы ўсе маглі паўстаць.”
XS
SM
MD
LG