Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 25 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў

Беларуская прэса за 25 кастрычніка

“Минские губернские ведомости”, 1855 год:

“У жвавай старасьці ўстрыманьне ад ежы пераносіцца вельмі лёгка; ня гэтак лёгка ў сталым узросьце; цяжка пераносіцца яно ў юнацтве; а для дзяцей, асабліва характару жывога, устрыманьне ад ежы бывае надзвычай цяжкае; таму што ў гэты пэрыяд росту натуральная цеплыня бывае вялікая, і дзеля таго, каб цела не слабела, яму трэба даваць шмат ежы. Старыя маюць мала цеплыні, таму ім патрэбна мала ежы: залішняя колькасьць ежы зьнішчае канчаткова цеплыню, якая ў іх засталася. Назіраецца таксама, што ў старых вострыя хваробы ня гэтак бываюць моцныя, таму што ў іх цела халоднае”.

“Віцебскі пролетарый”, 1935 год. Група беларускіх пісьменьнікаў віншуе Зьмітрака Бядулю з 25-годзьдзем літаратурнай дзейнасьці:

“Шмат хто з інтэлігенцыі, сярод якіх былі і вы ў час Окцябра, хісталіся і не разумелі ўсёй гістарычнай велічы пролетарскай рэволюцыі, як новай эры ў гісторыі чалавецтва. Сёння вы і большасць талантлівай старой інтэлігенцыі, зусім шчыра прызнаўшы памылковасць сваіх поглядаў, адкрыта заявіўшы аб гэтым, сталі ў рады барацьбітоў за перадавыя ідэі чалавецтва, з’яўляецеся адным з выдатных прадстаўнікоў у справе стварэння соцыялістычнай культуры”.

“ЛіМ”, 1995 год. Віктар Казько пра стыль праўленьня Аляксандра Лукашэнкі:

“Гэта стары местачковы прынцып. Прынцып воўчай зграі: забегчы наперад, хто там вылучаецца, і асадзіць. Прынцып развітога сацыялізму, па якім сумуе наша грамадства. І як ні горка нам гэта сцвярджаць, мы ў сваім развіцці грамадства менавіта местачковае, таго кшталту і гарту, пра якое раней гаварылі: “Воронья слободка”. Нораў такой слабодкі, я думаю, кожны з нас добра сабе ўяўляе: сёння абяцай, што хочаш, заўтра ўсё забудзецца і ўсё даруецца. Толькі сачы, каб нехта наперадзе калоны высока не падымаў галавы і не пачынаў дыхаць напоўніцу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG