БІШКЕК. У сталіцы Кіргізіі некалькі сотняў чалавек другі дзень праводзяць мітынг, патрабуючы адстаўкі прэм’ера Фэлікса Кулава. Маніфэстанты лічаць, што ён спрычыніўся да забойства дэпутата Тынычбэка Акматбаева падчас наведваньня ім калёніі, дзе ўзбунтаваліся зьняволеныя. Учора Кулаў на прэсавай канфэрэнцыі адпрэчыў зьвінавачаньні й заявіў, што ўлады ня прымуць ніякіх рашэньняў пад ціскам. У Ошы на поўдні краіны дэманстранты таксама патрабавалі адстаўкі Кулава й сьпікера парлямэнту Амурбэка Тэкебаева. Прэзыдэнт Курманбэк Бакіеў загадаў сілам бясьпекі “падтрымліваць грамадзкі парадак”. Міністар унутраных справаў Кіргізстану Мурат Суталінаў заявіў, што паводле канстытуцыі, дэманстранты маюць права публічна выказаць сваю думку.