Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах сябры КХП БНФ правялі талаку


Ганна Соусь, Менск Сёньня сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правялі ва ўрочышчы Курапаты талаку напярэдадні Дзядоў. На талацэ пабывала нашая карэспандэнтка.

Ва ўрочышчы Курапаты дагэтуль ляжаць некалькі дзясяткаў дрэваў, паваленых падчас жнівеньскага ўрагану. Тыя, што паваліліся блізу кальцавой дарогі, ужо прыбралі работнікі Ждановіцкага лясьніцтва, а вось з правага боку Крыжовай алеі бярозы гэтак і ляжаць ўжо амаль трэці месяц. Гальлё зь іх абразаюць і потым паляць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, але, каб прыбраць самі дрэвы, неабходна іх расьпілаваць і вывезьці, а для гэтага патрэбна адмысловая тэхніка. Сталы ўдзельнік курапацкіх талокаў актывіст КХП БНФ Уладзімер Юхо згадвае, што падчас урагану, калі валіліся дрэвы, курапацкія крыжы амаль ўсе засталіся некранутымі, і гэта вельмі сымбалічна. Уладзімер Юхо працягвае:

(Юхо: ) “Сёньня сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ праводзяць чарговую талаку ў Курапатах. Трэба адзначыць, што ўсё лета талокі праводзіліся кожную суботу. Мінімум 5 чалавек тут працавалі. Таму Крыжовая алея падтрымлівалася ў добрым стане. Двойчы давялося касіць траву на алеі каля крыжоў. Да Дзядоў мы навядзем яшчэ большы парадак тут, прыбярэм усё, каб людзі, якія прыйдуць адзначаць Дзяды, бачылі плён нашай працы”.

У наступную нядзелю, 30 кастрычніка, адбудзецца шэсьце і мітынг у Курапатах, прымеркаваныя да Дня памяці продкаў. Адпаведную заяўку падалі ў Менгарвыканкам і Менаблвыканкам сябры КХП БНФ. Плянуецца, што ў гэты дзень ва ўрочышчы будуць устаноўленыя некалькі дзясяткаў крыжоў. Лункі пад іх ужо падрыхтаваныя. Уладзімер Юхо гэтаксама паказвае мне крыж ля кальцавой дарогі, які паставіў нядаўна ягоны ўнук у памяць пра свайго прадзеда, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў.

Мой наступны суразмоўца – сябра КХП БНФ Георгі Ярашук:

(Ярашук: ) “Чаму я сёньня прыйшоў? Гэта мой штодзённы абавязак перад загінулымі, забітымі беларусамі, якія змагаліся за нашу волю, наша шчасьце, за наш народ. Таму я й прыйшоў – ушаноўваць памяць нашых продкаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG