БАГДАД. Улады Іраку ўзмацнілі захады дзеля бясьпекі адвакатаў на працэсе над былым дыктатарам Садамам Хусэйнам. Пра гэта паведаміў сёньня намесьнік міністра ўнутраных спраў Іраку Хусэйн Алі Камаль. Учора ў Багдадзе быў знойдзены забітым адвакат, які абараняў у судзе аднаго з былых паплечнікаў Садама. Напярэдадні яго выкрала група ўзброеных людзей. Садам Хусэйн і яшчэ сем былых чыноўнікаў ягонага рэжыму абвінавачваюцца ў злачынствах супраць чалавечнасьці, перадусім, у масавых забойствах шыітаў у 1982 годзе. Чарговае паседжаньне суду перанесенае на 28 лістапада.