Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскія актывісты стварылі мясцовы штаб адзінага кандыдата


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Салігорску абвешчана пра стварэньне мясцовага перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сіл. Гэтая ініцыятыва мусіць быць зацьверджана цэнтральным штабам дэмакратычнай кааліцыі.

У Салігорску адбылося паседжаньне прадстаўнікоў мясцовых дэмакратычных арганізацый, якія выказалі жаданьне браць удзел у выбарчай кампаніі адзінага кандыдата. Удзельнікі паседжаньня абвясьцілі пра стварэньне перадвыбарчага штабу ў гэтым рэгіёне. Яго кіраўніком была абрана каардынатарка Жаночага руху ў Салігорску Ларыса Насановіч:

(Насановіч: ) “Аб’ядналіся Партыя камуністаў, прадпрымальнікі, сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”, БНФ і грамадзкія арганізацыі. Гэта самыя актыўныя людзі на сёньняшні дзень у рэгіёне. Каманда ў нас дружная, мы ўжо спрацаваліся разам. Таму, я спадзяюся, праца атрымаецца”.

Спадарыня Насановіч ужо мае досьвед выбарчых кампаніяў. На мінулых выбарах яна ўзначальвала ў Салігорску перадвыбарчы штаб апазыцыйнага кандыдата Сямёна Домаша.

Рашэньне салігорскіх дэмакратаў пра стварэньне рэгіянальнага штабу перададзена ў цэнтральны штаб адзінага кандыдата. Як паведаміў намесьнік кіраўніка цэнтральнага штабу Віктар Карнеенка, ініцыятыва салігорцаў, як і дэмакратаў іншых рэгіёнаў, будзе разгледжана і толькі пасьля ўхваленьня “зьверху” рэгіянальны штаб можа афіцыйна лічыцца перадвыбарчай структурай адзінага кандыдата. Зараз цэнтральны штаб заняты стварэньнем абласных перадвыбарчых штабоў. Паводле спадара Карнеенкі, у некаторых абласьцях ужо зацьверджаны іх кіраўнікі:

(Карнеенка: ) “У Берасьці – гэта Юрась Губарэвіч, у Гомелі – Уладзімер Кацора, у Менску – Валянціна Палевікова, у Віцебску – Хрыстафор Жэлябаў. Зараз зьбіраюцца прапановы ад суб’ектаў нашага пагадненьня, зьбіраюцца прапановы ад рэгіёнаў, ідуць кансультацыі і, дзе ўжо магчыма, гэта зацьвярджаецца. Я сказаў, дзе гэта ўжо зацьверджана. Што да раёнаў, пакуль гэта яшчэ да іх не дайшло”.

Паведаміў Віктар Карнеенка, намесьнік кіраўніка цэнтральнага перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ад апазыцыйнай кааліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG