Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы – другі тур прэзыдэнцкіх выбараў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У нядзелю ў Польшчы адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Мы даволі падрабязна асьвятлялі хаду выбарчай кампаніі ў суседняй краіне, расказвалі ў тым ліку і пра стаўленьне абодвух кандыдатаў – Дональда Туска і Леха Качыньскага да беларускіх пытаньняў. А зараз некалькі словаў пра двух кандыдатаў, іхнае жыцьцё і шлях да вяршыняў палітычнай кар’еры.

У перадвыбарчым рэклямным роліку мы бачым гісторыка Дональда Туска ў Гданьску, каля дому дзе ён нарадзіўся ў 1957 годзе недалёка ад слыннай гданьскай суднавэрфі. У сярэдзіне 1970-х Туск вучыўся на гістарычным факультэце Гданьскага унівэрсытэту, дзе пачаў браць актыўны ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці – ён стварыў і ўзначаліў першую ва ўнівэрсытэце арганізацыю незалежнага прафсаюзу “Салідарнасьць”.

У часе ваеннага становішча Туск ня мог знайсьці працу па спэцыяльнасьці, але ад сваіх поглядаў не адмовіўся і вымушаны быў даволі працяглы час цяжка працаваць фізычна – гэта была небясьпечная праца на вельмі высокіх будаўнічых аб''ектах.

(Бароўчак: ) “Нярэдка нам даводзілася пачынаць працу а 4-5 гадзіне раніцы. Трэба было ў цемры трымацца на вяроўках на значнай вышыні, каб выканаць сваю працу”, – кажа намесьнік старшыні прафсаюзу гданьскай суднавэрфі Ежы Бароўчак, які ў тыя часы працаваў разам з Тускам.

Напрыканцы 1980-х у пачатку 1990-х пачалася палітычная кар’ера Дональда Туска – ён стаў дэпутатам Сэйму, а ў 2000 годзе разам зь іншымі правымі палітыкам стварыў лібэральную “Грамадзянскую плятформу”, якая стала найбуйнейшай апазыцыйнай сілай у мінулым парлямэнце, а сёлета атрымала ў выбарах другое месца.

***

Лех Качыньскі пачаў змаганьне супраць камуністычнай сыстэмы таксама ў сярэдзіне 70-х, калі як малады юрыст выступіў у абароне рабочых, якіх улады перасьледавалі за ўдзел у страйках. Потым разам зь Лехам Валэнсам Качыньскі ствараў “Салідарнасьць”.

(Качыньскі: ) “Я ніколі так шмат і ў такіх сьціплых умовах не працаваў, як у часы паўстаньня “Салідарнасьці – гэта быў 1980-81 год”, – успамінае Лех Качыньскі.

У часе ваеннага становішча Качыньскі быў інтэрнаваны, а пасьля вызваленьня з-за кратаў разам зь Лехам Валэнсам ствараў падпольныя структуры “Салідарнасьці”.

Пасьля перамогі Леха Валэнсы ў прэзыдэнцкіх выбарах, стаў кіраўніком ягонай адміністрацыі, але хутка іхныя шляхі разышліся. Потым Лех Качыньскі быў дэпутатам, міністрам юстыцыі і ўрэшце стаў мэрам Варшавы.

Абодва кандыдаты, кажуць што добра разумеюць, што гэта значыць быць у апазыцыі і змагацца за свабоду і дэмакратыю. Магчыма, менавіта таму і Качыньскі і Туск заяўляюць, што на пасадзе прэзыдэнта надавалі б значную ўвагу сытуацыі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG