Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Работнікам птушкафабрык забароняць трымаць свойскую птушку


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня забараніла ўвоз у Беларусь мяса птушкі, курыных яек і прадуктаў перапрацоўкі з краінаў, дзе выяўлены птушыны грып — перадусім, гэта Расея, Казахстан, Румынія, Турэччына, Іран і Грэцыя. Як паведамілі ў міністэрстве, сьпіс краінаў будзе пашырацца ў залежнасьці ад магчымага распаўсюду хваробы ў іншых рэгіёнах сьвету. Акрамя таго, рыхтуецца пастанова, паводле якой супрацоўнікам птушыных фабрык Беларусі будзе забаронена трымаць свойскую птушку на ўласных падворках.

Прадпрыемствы птушкагадоўлі краіны працуюць цяпер у рэжыме надзвычайных захадаў бясьпекі. Санітарная перасьцярога будзе ўзмацняцца і надалей, бо пагроза птушынага грыпу для Беларусі стаіць вельмі сур’ёзна, кажа вэтэрынарны лекар птушкафабрыкі ў Заслаўі Вольга Касьцюк.

(Касьцюк: ) “Напружанае становішча. Не пазьней як учора вакцыянавалі людзей. На тэрыторыю фабрыкі ня можа зайсьці ніхто — толькі па адмысловых пропусках, паводле адмысловага распараджэньня, апрацаваныя, дый тое — для нас многія кантакты не пажаданыя. Да прыкладу, калі гаспадарка мае праблемы, то мы з гэтым прадпрыемствам ня будзем мець ніякіх справаў”.

Паводле спадарыні Касьцюк, пры выкананьні правілаў бясьпекі, скарачэньня пагалоўя дзяржаўным птушкафабрыкам не пагражае. А вось на ўласных падворках колькасьць курэй неўзабаве скароціцца. Мінсельгасхарч рыхтуе пастанову, паводле якой супрацоўнікам птушкафабрык трымаць курэй будзе забаронена, кажа кіраўнік управы вэтэрынарыі міністэрства Аляксандар Аксёнаў.

(Аксёнаў: ) “Мы распрацавалі праграму і разаслалі на прадпрыемствы. Усе, хто працуюць на фабрыках, сваіх птушак трымаць ня будуць. Да вясны мы павінныя абсьледаваць усе населеныя пункты, разьмешчаныя на вадаёмах, і прасіць, дапамагаць, каб вясной птушкі не выпасаліся на берагах”.

Паводле спадара Аксёнава, забарона імпарту курынага мяса ў Беларусь на гэты рынак не паўплывае, паколькі недахоп паставак кампэнсуюць айчынныя прадпрыемствы. Ці паўплывае гэта на кошт прадукцыі і якія нэгатыўныя наступствы могуць мець надзвычайныя захады ў справе перасьцярогі ад курынага грыпу, гаворыць эканаміст Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Вельмі важна, каб дзеяньні нашай улады былі адэкватныя той пагрозе, якая ёсьць. І для гэтага патрэбна кіравацца перадусім высновамі навукоўцаў. Нагадаю, што з каровіным шаленствам была вельмі важкая кампанія, і калі затым навукоўцы падлічылі страты, якія сталі вынікам дзеяньняў эўрапейскіх уладаў, яны проста заплакалі — настолькі была неадэкватная рэакцыя панікёраў-палітыкаў на тое, што можна было інакш зрабіць. Безумоўна, што ў гэтай сытуацыі курынае мяса можна падаражэць — і гэта тыя страты, якія ў маштабах краіны складаюць вялікія сумы. І ў гэтай сытуацыі, я лічу, краіне трэба вельмі асьцярожна паставіцца і “ня выліць з бруднай вадой і дзіцяці”.

Прадстаўніца Эўразьвязу Пія Ахрэнкілдзэ абвясьціла, што краіны эўрапейскай супольнасьці таксама прынялі рашэньне забараніць пастаўкі курынага мяса і птушынага пер’я з Расеі. Маратор прадоўжыцца шэсьць месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG