Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудзецца ў Нацыянальнай акадэміі навук чарговая “чыстка” кадраў?


Вячаслаў Кулік, Менск Кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук аб”явіла супрацоўнікам пра атэстацыю . Адначасова патрабуецца, каб усе інстытуты вызначылі прыбытковыя тэмы для заробкаў у 2006 годзе грошай па-за бюджэтам.

Дзейны прафэсар Нацыянальнай акадэміі навук Юры Хадыка ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што паводле пляна рэформы айчыннай навукі, дасьледчыя інстытуты мусяць зараз трэцюю частку фінансаваньня забясьпечваць самастойна.

(Хадыка: ) “Патрабуюць шукаць самім тыя ўстановы і прадпрыемствы, якія могуць фінансаваць патрэбныя ім дасьледаваньні. Патрабаваньне самазабесьпячэньня распаўсюджваюцца на ўсе навукі. Зразумела, што пры беднай эканоміцы – гэта шлях да разбурэньня навукі. Тупік для інстытутаў дакладных навук – фізыкі, матэматыкі”.

Гуманітарыі -- гісторыкі і археолягі -- таксама далучаныя да плянаў камэрцыі. Па словах кандыдата гістарычных навук Міхася Чарняўскага, на грунтоўныя дасьледаваньні застаецца ўсё менш магчымасьцяў.

(Чарняўскі: ) “Раней кожны археалягічны атрад – 3-4 археолягі – меў грошы, за якія мажліва наняць на месяц аўтобусік для выведкі і падвозу працаўнікоў на месца раскопак. І нават можна было ўскрыць мэтраў 300 квадратных. А зараз за грошы, што нам выдаткоўваюць, можна наняць на два дні аўтобусік, каб завезьці экспазыцыю і там папрацаваць дні чатыры. Усё, на большае не хапае грошай. І таму, як мінімум, у 10 разоў стала горш”.

Паводле Міхася Чарняўскага, даўнія намеры пра стварэньне ў рамках акадэміі асобнага інстытуту археалёгіі зараз выглядаюць бясплённымі. А ў Інстытуце гісторыі, дзе прытулілі аддзел, як вядома, адбываецца “чыстка” кадраў. У чэрвені звольнены з працы археоляг Генадзь Сагановіч, у верасьні – Андрэй Кіштымаў. Сьпіс скарачэньняў удакладняе Сяргей Тарасаў.

(Тарасаў: ) “Ну, па-першае, пэнсіянэры былі адпраўленыя на пэнсію, не бяз гэтага. Яраслаў Генрыхавіч Зьвяруга, у маім аддзеле. Тацьцяна Мікалаеўна Каробушкіна, Міхал Фёдаравіч Гурын... Пасьля былі спыненыя кантракты з тымі, у каго яны скончыліся. А адпаведна кантрактам, калі вы чыталі гэтыя тыповыя кантракты, то дырэкцыя можа яго спыніць, не тлумачачы чаму. Зараз – канец году, чакаецца атэстацыя інстытуту, якая пачнецца ў лістападзе”.

Паводле Сяргея Тарасава, цяперашні дырэктар Інстытуту гісторыі акадэміі навук Аляксандр Каваленя нарэшце пазбаўлены прыстаўкі в.а. – выконваючы абавязкі. Цягам учарашняга дня гэты кіраўнік быў недаступным для гутаркі з карэспандэнтам Свабоды. Пытаньне -- ці будзе працяг чысткі кадраў у Акадэміі навук? --застаецца пакуль без афіцыйнага адказу. Між тым, прафэсар Юры Хадыка даводзіць, што ў выглядзе атэстацыі і фінансавых задач кіраўніцтва атрымлівае дадатковыя рычагі для дыскрымінацыі палітычных іншадумцаў.

(Хадыка: ) “Зразумела, што Інстытут гісторыі, у пэўнай ступені як і Інстытут фізыкі, -- гэта нібыта гнёзды апазыцыі, пратэсту супраць аўтарытарнай дыктатарскай улады. Яго даўно спрабавалі вынішчаць. А зараз, мажліва, настаў такі момант, што вырашылі зрабіць гэта рашуча. Усё гэта, зразумела, вядзе да згубы інтэлектуальнага патэнцыялу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG