Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў у сьвет першы альбом мастацкага фота, прысьвечаны Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск Аўтар альбому Артур Клінаў назваў свой праект “Горад сонца”. Чатыры гады працы, больш за сотню фотаздымкаў і абяцаньне раскрыць гледачам зусім невядомы Менск. Меркаваньне мастака супадае з думкай некаторых мастацтвазнаўцаў – такога ў Беларусі яшчэ не было.

Адкрыўшы альбом “Горад Сонца”, глядач убачыць знаёмыя аб’екты цэнтру Менску: набярэжную Сьвіслачы, Палац Рэспублікі, цырк, помнік Янку Купалу, альбо Верхні Горад... Гаворыць Артур Клінаў:

(Клінаў:) “Я хацеў у альбоме даць дастаткова рэпрэзэнтатыўную карцінку. Каб гэта былі вядомыя аб’екты, але ня проста як даведнік: “Вось гэта цырк, а вось гэта помнік Янку Купалу”. Але гэтыя самыя рэчы злавіць у ракурсу “аrt”, у ракурсе мастацкай візіі”.

Са ста здымкаў у альбом увайшла толькі невялікая частка.

Мастацкія фотакалекцыі Менску ўжо рабіліся -- напрыклад, творы Міхала Баразны. Але Артур Клінаў упершыню сабраў і канцэптуальна аформіў арт-здымкі гораду пад адной вокладкай. Гісторык мастацтва Вацлаў Арэшка знаёмы з фотаальбомамі Менску, што выдаваліся ад 1920-х гадоў і да нашых дзён. На думку спадара Арэшкі, ужо існуюць работы, дзе фатограф глядзіць на Менск вокам мастака. Напрыклад, менскі альбом Зянона Пазьняка. Але ня ў чыстым арт-выглядзе. Вось як акрэсьлівае сытуацыю Вацлаў Арэшка:

(Арэшка:) “Звычайна, альбо гэта погляд журналіста-фотарэпарцёра, альбо погляд турыстычны, альбо гістарычны. Напрыклад, здымаем гістарычныя помнікі. Вось у Пазьняка гістарычны погляд спалучаецца з вокам мастака. А тут мастак убачыў Менск як палатно”.

Вялікае значэньне Артур Клінаў дае архітэктурнай фактуры цэнтру Менску, якую лічыць выключнай:

(Клінаў:) “Менск – гэта абсалютны архітэктурны унікум, эўрапейскі і ўсясьветны. Бо гэта адзіная ў сьвеце найбольш поўная рэалізацыя праекту пабудовы ідэальнага гораду. Тут ёсьць шмат сюррэалізму, шмат дзіўнага ў архітэктуры. Але гэта да ўнікальнасьці толькі дадае. Толькі плюс да ўсяго сказанага”.

Артур Клінаў разьлічвае на вялікі посьпех свайго праекту. Ад наступнага тыдня пачнуцца прэзэнтацыі альбому “Горад Сонца”, адну зь якіх аўтар хоча зрабіць у выглядзе вялікага шоў з музыкантамі, танцорамі, пэрформэрамі ды іншымі артыстамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG