Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвет мабілізуецца на барацьбу з птушыным грыпам


Сьвятлана Курс, Прага Спэцыялісты ў ахове здароўя ва ўсім сьвеце напружана працуюць, каб стрымаць пашырэньне птушынага грыпу, які ўжо выяўлены ў Азіі, Эўропе й Расеі. Як прадухіліць магчымую пандэмію? Са зьместам артыкулу ў "Christian Science Monitor" вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

Днямі грэцкія ўлады ізалявалі птушкафэрму на высьпе ў Эгейскім моры, бо ў аднае з індычак знайшлі вірус птушынага грыпу. Кітайскі ўрад усталяваў карантын на поўначы краіны, пасьля таго, як там загінулі – як мяркуецца, ад вірусу – 2600 птушак. У Расеі ў Цьвярской вобласьці выяўлены вірус. Улады ўвялі карантын вакол вёскі Яндаўка і зьнішчаюць птушак. У Тайляндзе ад птушынага грыпу памёр 48-гадовы мужчына.

Дзярждэпартамэнт ЗША запрасіў спэцыялістаў з 80 краінаў, каб распрацаваць глябальныя меры абароны. Сэнат ЗША прагаласаваў за выдзяленьне каля 4 мільярдаў даляраў на барацьбу з птушыным грыпам. Урады краінаў Азіі, Амэрыкі, Афрыкі й Эўропы прымаюць надзвычайныя меры, каб спыніць пашырэньне пэўнага штаму вірусу – H5N1.

Пакуль птушыны грып датычыць пераважна птушак. Аднак калі штам H5N1 зьменіцца й набудзе здольнасьць перадавацца паміж людзьмі, то пандэмія можа набыць памеры сьмяротнай пандэміі 1918 году, калі памерлі дзясяткі мільёнаў людзей па ўсёй Зямлі.

З амаль 4 мільярдаў даляраў, выдаткаваных Сэнатам ЗША, бальшыня пойдзе на закупку антывірусных прэпаратаў кшталту Tamiflu. Але эфэктыўнасьць гэтых прэпаратаў няпэўная. Не хапае клінічнага досьведу.

Небясьпека рэальная пакуль толькі ў Азіі. “Аднак рыхтавацца трэба сур’ёзна. Гэта час для дзеяньняў, а не для панікі”, – кажа доктар Майкл Раян, дырэктар дэпартамэнту рэагаваньня ў Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ).

На мінулым тыдні птушыны грып упершыню знойдзены ў Эўропе, у румынскіх і турэцкіх птушак. Аднак спэцыялісты кажуць, што эўрапейскія ўрады маюць магчымасьць не паўтараць памылак азіяцкіх. Азіяцкія ўрады пастараліся схаваць праблему ад грамадзкасьці, заніжалі колькасьць заражэньняў і не прымалі мераў бясьпекі, каб не парушыць рэжым сакрэтнасьці. У выніку людзі не былі мабілізаваныя на абарону, і птушыны грып выкасіў дзясяткі мільёнаў свойскіх птушак і прычыніўся да сьмерці 60-ці чалавек. Тое ж тычылася і ўспышкі нетыповай пнэўманіі ў 2003 г.

Сёлета ўрады Паўднёвай і Ўсходняй Азіі падрыхтаваліся лепей, закупілі прэпараты, папярэдзілі насельніцтва. Спэцыялісты САЗ кажуць, што праца ўрадаў у Азіі – вельмі важная. Там – сотні тысяч маленькіх птушкафэрмаў у хатах і задніх дварах. Пітэр Кордынглі, спэцыяліст САЗ у Інданэзіі, заўважыў: “Вы ня можаце сказаць селяніну, увесь скарб якога – 120 курыц, што яго куры хворыя, ды зьнішчыць іх без кампэнсацыі”.

Цяпер, калі птушыны грып зьявіўся ў Эўропе, калі ён прыцягнуў увагу прадстаўнікоў заможных нацыяў, яны могуць дапамагчы Азіі выбрацца з крызысу.
XS
SM
MD
LG