Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Садамам адкладзены


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Cуд над Садамам Хусэйнам празь некалькі гадзінаў пасьля пачатку ўчора быў адкладзены да лістапада. Аднак, нават гэтае першае паседжаньне, фрагмэнты якога былі паказаныя па тэлевізіі, выклікалі палкія дэбаты ў Іраку адносна лёсу былога ірацкага дыктатара. Працэс атрымаў таксама і міжнародны розгалас.

Іракцы пераважна абураюцца паводзінамі Садама ў судзе, дзе ён адмовіўся паведаміць сваё імя, прызнаць паўнамоцтвы суду і заявіў, што ён застаецца прэзыдэнтам. Вось адно з выказваньняў жыхара Багдаду:

(Хасан Біляль:) “Садам Хусэйн гаварыў так пераканана, быццам ён не зрабіў ніякага злачынства. Павінен быць адмысловы суд для Садама, які будзе судзіць яго за Дуджайл. Нават аднаго гэтага абвінавачаньня дастаткова для пакараньня сьмерцю”.

У горадзе Тыкрыце да былога дыктатара, свайго земляка, стаўленьне больш спачувальнае. Так, адзін х жыхароў гораду сказаў карэспандэнтам, што судзіць трэба ня толькі Садама, але і цяперашніх кіраўнікоў.

(Жыхар Тыкрыту:) “Мы спадзяемся, што суд будзе справядлівы. Калі яны яго хочуць судзіць за масавыя забойствы, дык давайце таксама судзіце і тых, хто наладзіў масавыя забойствы ў Анбары і іншых месцах. Жыхароў Іраку забіваюць тысячамі”.

Перадусім нянавісьць да Садама ў Іраку выказваюць курды і шыіты. У 1980-х гадох Садам брутальна здушыў курдзкі супраціў, а ў 1991-м пасьля няўдалага замаху на дыктатара былі забітыя 143 шыіты --хлопчыкі і мужчыны – ў вёсцы Дуджайл. Суніты ж, да якіх адносіўся Садам, пры ягонай уладзе былі прывілеяванымі. І цяпер шмат сунітаў бачаць небясьпеку свайму дабрабыту ў амэрыканскай інтэрвэнцыі і ў пераважна шыіцкім урадзе.

За працэсам над Садамам пільна сочаць таксама і ў сьвеце. На Блізкім Усходзе асабліва, бо ўпершыню ў гэтым рэгіёне судзяць лідэра рэжыму, а значыць, і ўвесь рэжым. Многія ўсясьветныя лідэры выказалі спадзяваньне , што суд будзе справядлівы. Так, учора генэральны сакратар ААН Кофі Анан заклікаў судовую сыстэму Іраку трымацца міжнародных стандартаў, а калі яны будуць парушаныя, то гэта не застанецца па-за ўвагай Аб’яднаных Нацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG