Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі друк пра забойствы беларускіх журналістаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня вядучыя польскія газэты надаюць даволі шмат увагі перадусім дзьвюм падзеям у Беларусі – забойству карэспандэнта «Народнай волі» Васіля Гроднікава і спробам беларускіх уладаў забраць у дзяржаўную маёмасьць польскія дамы ў Беларусі.

На першай паласе сёньняшняга нумару Gazety Wyborczej загаловак-пытаньне: «Беларускі Гангадзэ?», здымак Васіля Гароднікава і падзагаловак: «Невядома, ці мы ня маем spravu з чарговым палітычным забойствам у Беларусі».

Польскі штодзёньнік апісвае акалічнасьці забойства беларускага журналіста, адзначаючы, што зь ягонай кватэры ня зьніклі каштоўныя рэчы і грошы. Газэта падае меркаваньне шэрагу беларускіх незалежных журналістаў і палітолягаў, якія не выключаюць, што забойства магло мець палітычны характар, бо Васіль Гароднікаў рэзка крытыкаваў цяперашнія беларускія ўлады, а перасьлед журналістаў незалежных мэдыяў з боку ўладаў - гэта ў Беларусі распаўсюджаная зьява.

«Дагэтуль няма адказу на пытаньне - хто дакладна год таму забіў іншую незалежную беларускую журналістку Вераніку Чаркасаву. У Беларусі пры таямнічых акалічнасьцях зьнікалі таксама палітыкі, напрыклад генэрал Юры Захаранка. Апазыцыя лічыць, што яго выкрала сакрэтная брыгада Лукашэнкі для выкананьня “адмысловых даручэньяняў”.

Між тым іншы аўтарытэтны штодзёньнік Rzeczpospolita расказвае пра тое, што польскія дамы ў Беларусі, якія былі пабудаваныя альбо набытыя за грошы польскіх падаткаплатнікаў, могуць быць забраныя беларускай дзяржавай.

Газэта піша, што, прыкладам, у Браславе прадстаўнікі ўладаў ужо паведамілі кіраўніку мясцовай філіі СПБ, што хочуць падпарадкаваць сабе польскі дом. Непрызнаваная афіцыйным Менскам старшыня СПБ Анжаліка Борыс кажа польскай газэце, што гэты працэс ужо пачаўся, у той час як новыя ўлады СПБ, абраныя на зьезьдзе ў Ваўкавыску, запэўнілі, што незалежна ад поглядаў на падзеі ў арганізацыі, ніводзін паляк не падтрымае перадачу маёмасьці Саюзу беларускім уладам.

Rzeczpospolita адзначае, што да 2004 году на польскія дамы і школы ў Беларусі было выдаткавана каля 10 мільёнаў даляраў грошай з польскага бюджэту, без уліку выдаткаў на іх утрыманьне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG