Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ узмацняе ціск на гарадзенскіх апазыцыянэраў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Камандзе Аляксандра Мілінкевіча стала вядома, што супрацоўнікі КГБ наведалі вёску Бершты ў Шчучынскім раёне, дзе ён мае дом. Іх цікавілі кантакты адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Тое, што КГБ цікавіцца асобай адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, ня стала вялікай нечаканасьцю для ягонай каманды, бо ў мінулую прэзыдэнцкую кампанію пільную увагу спэцслужбаў прыцягваў Сямён Домаш, штабам якога кіраваў Мілінкевіч. Андрэй Кусяльчук з каманды Мілінкевіча акрэсьлівае адносіны да спэцслужбаў.

(Кусяльчук:) “Каб службы бясьпекі не былі дзяржавай у дзяржаве, каб былі ў прававым поле, мы павінны кантраляваць іх праз грамадзкасьць, праз сродкі масавай інфармацыі. Калі гэтая інфармацыя будзе існаваць, тады ня будуць парушацца службамі бясьпекі правы чалавека”.

Ну, можа так будзе ў дэмакратычнай Беларусі. Між іншым, у Горадні КГБ раней разьмяшчаўся ў двухпавярховым будынку, а цяпер мае побач яшчэ адзін — трохпавярховы, які належаў банку. Гараджане вырашылі, што ў гэтай установе значна пабольшала работы.

Прыкметна, што пасьля “навядзеньня парадкаў” у Саюзе палякаў былі адзначаны некалькі кіраўнікоў КГБ — у Горадні і ў Менску. Актывісты Саюзу палякаў мне неаднойчы гаварылі, што яны перакананыя: супраць іх дзейнічаюць спэцслужбы.

Прадстаўнікі апазыцыі маюць прыклады праслухоўваньня іхніх размоваў. Аднойчы было дамоўлена па тэлефоне правесьці несанкцыянаваны пікет, калі прыйшлі на дамоўленае месца, там дзяжурылі міліцэйскія патрулі. Дарэчы, месца пікету у абарону газэты “Glos znad Niemna” сёлета яе журналісты трымалі пад сакрэтам да апошняга моманту, не называючы па тэлефоне. Актывісты, зважаючы на сачэньне, часта адключаюць свае мабільныя тэлефоны, каб нельга было вызначыць іх месцазнаходжаньне.

Праца спэцслужбаў у Горадні робіцца ўсё больш заўважнай. У судзе над журналістамі газэты “Пагоня” Міколам Маркевічам і Паўлам Мажэйкам экспэртам па кампутарнай тэхніцы выступаў супрацоўнік КГБ. Гэтая ж служба летась праводзіла ператрус у кватэры цяперашняга палітвязьня Валерыя Леванеўскага, потым у КГБ дапытвалі паплечніка Леванеўскага Аляксандра Васільева.

Тады адбыўся даволі цікавы выпадак: шукаючы месца друку ўлётак, за якія потым пасадзілі Леванеўскага і Васільева, КГБ арыштавала тэхніку ў газэце “День”, якую рэдагаваў Маркевіч. У горадзе тады была група нямецкіх журналістаў, іх цікавілі парушэньні правоў чалавека і свабоды слова. І вось супрацоўнікі КГБ выносяць кампутары з памяшканьня і сутыкаюцца зь нямецкімі журналістамі, якія атрымалі патрэбны матэрыял і нават зрабілі здымкі для сваіх выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG