Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае візыт у Менск украінскага прэм’ера Юрыя Еханурава на разьвіцьцё беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 18 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: міжнародны аглядальнік “БДГ. Деловая газета” Андрэй Фёдараў зь Менску і дырэктар Кіеўскага інстытуту праблемаў кіраваньня Косьць Бандарэнка з Кіева.

(Валер Карбалевіч: ) “Першы час пасьля аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне дачыненьні паміж Менскам і Кіевам былі даволі напружаныя. Украінскія кіраўнікі рабілі досыць жорсткія выказваньні адносна сытуацыі з дэмакратыяй у Беларусі. У сваю чаргу, Менск абвінавачваў паўднёвую суседку ў стварэньні на сваёй тэрыторыі лягераў дзеля падрыхтоўкі баевікоў для беларускай “каляровай рэвалюцыі”.

Аднак пасьля прамоваў Лукашэнкі і Юшчанкі ў Казані падчас саміту СНД у жніўні пачалося пацяпленьне ў двухбаковых дачыненьнях. Здаецца, ідэалёгія пачала саступаць месца прагматызму. Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Кінах заявіў, што ягоная краіна будзе “жорстка супрацьдзейнічаць спробам міжнароднай ізаляцыі Беларусі”. І вось візыт у Менск украінскага прэм’ера Юрыя Еханурава, які павінен падрыхтаваць новую сустрэчу кіраўнікоў дзяржаваў і стаць новым крокам насустрач дзьвюх краінаў? У чым прычыны пацяпленьня ў дачыненьнях Беларусі і Ўкраіны?”

(Косьць Бандарэнка: ) “Справа ў тым, што сапраўды паміж Украінаю і Беларусьсю склаліся на пачатку гэтага году ня надта добрыя стасункі. Яны ніколі не былі надта цёплымі. Беларусь ніколі не разглядалася Ўкраінаю як стратэгічны партнэр. Але гэтую сытуацыю трэба выраўноўваць, паколькі Беларусь ёсьць адным з найбліжэйшых суседзяў Украіны як у гістарычным, так і ў палітычным пляне. Эканамічныя інтарэсы Ўкраіны павінны прысутнічаць у Беларусі, таксама як і беларускія інтарэсы — ва Ўкраіне. Варта захоўваць той тавараабарот, які існуе паміж нашымі дзяржавамі, тыя зацікаўленасьці, якія існуюць на ўзроўні побытавым, узроўні звычайных грамадзянаў. Я думаю, патрэбна ўсё ж мяняць палітыку дысбалянсу на збалянсаваную палітыку стасункаў дзьвюх дзяржаваў”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Я цалкам згодзен з спадаром Бандарэнкам адносна важнасьці эканамічных адносінаў, якія цяпер даволі хутка разьвіваюцца. Згодна з прагнозамі, тавараабарот за гэты год складзе 1,5 мільярда даляраў. Але я б дадаў яшчэ адзін чыньнік. Мне падаецца, што гэтае пацяпленьне стала больш значным пасьля таго, як ва Ўкраіне здарыўся палітычны крызіс. Юшчанка апынуўся ў даволі складаным стане. Ён вымушаны быў адправіць у адстаўку свой урад, памочнікаў, кіраўніка Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Парашэнку. Яму гэтым часам была патрэбная нейкая падтрымка звонку. З Расеі прыкметаў такой падтрымкі, здаецца, не было. А вось Лукашэнка даволі нечакана, чамусьці, падтрымаў Юшчанку, заявіў, што той зрабіў усё правільна. Таму акрамя эканамічных супалі і палітычныя інтарэсы. І гэта таксама надало пэўны імпульс разьвіцьцю цяперашніх беларуска-расейскіх дачыненьняў”.

(Карбалевіч: ) “Мусіць, і перадвыбарчая сытуацыя ва Ўкраіне таксама нейкім чынам уплывае на гэтыя працэсы. Падчас прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы за доўгія гады перамоваў паміж Беларусьсю і Ўкраінаю не ўдалося вырашыць найважнейшыя спрэчныя пытаньні двухбаковых дачыненьняў: праблему ратыфікацыі дамовы аб мяжы, праблему ўкраінскай запазычанасьці, якой украінскі бок не прызнае. Магчыма, са зьяўленьнем новай улады ў Кіеве гэтыя пытаньні ўдасца зьняць”.

(Бандарэнка: ) “Я мяркую, што бліжэйшым часам праблема наўрад ці будзе зьнятая. Патрэбна зноў вяртацца да таго статус-кво, да якога бакі прыйшлі пры канцы кіраваньня Леаніда Кучмы, узяць усе напрацаваныя матэрыялы, дакумэнты. І трэба пачынаць новыя перамовы паміж новаю ўкраінскаю ўладаю і ўладаю Беларусі па тых пытаньнях, якія засталіся неўрэгуляванымі. Але гэта даволі цяжкі працэс. І дай Бог, каб ён закончыўся як мінімум цягам году”.

(Фёдараў: ) “Зноў жа, я згодны з спадаром Бандарэнкам, што ў бліжэйшы час гэта наўрад ці ўдасца зрабіць. Але ў мяне ёсьць крыху іншая аргумэнтацыя. На мой погляд, беларускі бок цяпер ня вельмі зацікаўлены ў вырашэньні гэтага пытаньня. Найперш, з-за таго, што калі гэтае пытаньне нявырашанае, то гэта дае магчымасьці ціску на Ўкраіну. Зразумела, што грошы, якія магла б выплаціць Украіна, ніколі ня лішнія. Але не ў такой ступені Беларусі цяпер патрэбныя гэтыя грошы, як можна лічыць. Украіна значна больш зацікаўленая ў падпісаньні дамовы аб мяжы. І таму яна будзе імкнуцца падтрымліваць добрыя, ва ўсялякім разе, нядрэнныя адносіны з афіцыйным Менскам.

Адзін прыклад. Лукашэнка паехаў адпачываць у той час, калі ў Менск павінен быў прыехаць украінскі прэм’ер. І ягоны візыт быў зрушаны. Я далёкі ад думкі, што гэта было зроблена наўмысна. Але сам факт, што кіраўнік дзяржавы зьяжджае ў адпачынак, калі ў яго прызначаная сустрэча з прэм’ерам суседняй дзяржавы, сьведчыць пра тое, што Беларусь ня вельмі зацікаўленая ў вырашэньні гэтых пытаньняў. Тут ёсьць прынцыповы момант. Украіна дасюль не прызнае гэтай запазычанасьці дзяржаўнай. А Беларусь, напэўна, ці не разумее, ці ня хоча разумець, што недзяржаўную запазычанасьць не павінна плаціць дзяржава. Гэтыя прынцыповыя разыходжаньні даюць мне падставу сьцьвярджаць, што бліжэйшым часам спрэчныя праблемы вырашаныя ня будуць”.

(Карбалевіч: ) “Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ў нядаўнім інтэрвію Бі-Бі-Сі прапанаваў наступны парадак беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў: рэжым свабоднай зоны, ільготны рэжым прымежнай камунікацыі грамадзянаў, транспартны калідор празь Беларусь. А зь іншага боку, падтрымка агульнай заходняй пазыцыі адносна праблемы дэмакратыі ў Беларусі. Ці ўдасца сумясьціць гэтыя кірункі?”

(Бандарэнка: ) “Я думаю, што ў дадзеным выпадку Віктар Юшчанка ставіць надта высокую планку ў стасунках паміж Украінаю і Беларусьсю. Ён павінен разумець (а ён, на жаль, можа, не разумее), што ўся праграма, якую ён вылучае, яна немагчымая на сёньняшні дзень, немагчымая ў перамовах зь цяперашнім прэзыдэнтам Беларусі, які праводзіць абсалютна іншую палітыку і наўрад ці зьбіраецца яе мяняць.

А зь іншага боку, цалкам магчыма, што пытаньне дэмакратызацыі беларускага грамадзтва — гэта дадатковы стымул. То бок, гэтае пытаньне вылучаецца, каб быць картай, з дапамогаю якой можна разыграць карту эканамічных стасункаў. Таму што тое, што прапануе Віктар Юшчанка ў эканамічнай сфэры, даволі выгадна для Ўкраіны”.

(Фёдараў: ) “Тут трэба больш дакладна вызначыць, якія палітычныя каштоўнасьці маюцца на ўвазе. Прычым, ня ў сэнсе заяваў, а ў канкрэтным сэнсе. Безумоўна, заявы будуць. Але што канкрэтна будзе ці ня будзе рабіць Украіна ў гэтым пляне? У мяне на гэты конт ёсьць значныя сумненьні. Тыя заявы, якія робяцца цяпер, асабліва за мяжою, робяцца дзеля таго, каб прадэманстраваць Захаду сваю прыхільнасьць да агульных заходніх каштоўнасьцяў.

Што тычыцца эканамічных адносінаў, то свабоднай эканамічнай зоны паміж дзьвюма краінамі ня можа быць у прынцыпе. Бо ў Беларусі з Расеяй не існуе межаў. І Беларусь наўрад ці зможа пайсьці на такія пагадненьні з Украінаю без дазволу Расеі. А чакаць на гэта згоды з Масквы не выпадае. Таму, я думаю, балянс будзе падтрымлівацца на тым жа ўзроўні, на якім ён знаходзіцца і цяпер. Будуць гучаць добрыя прапановы, але сапраўдных справаў чакаць ня варта.

Іншая справа, што ўкраінскае кіраўніцтва ня будзе ніякім чынам перашкаджаць беларускай апазыцыі наведваць Украіну, зьбірацца там, калі гэта спатрэбіцца. Але, магчыма, гэтым усё і абмяжуецца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, з аднаго боку, існуе аб’ектыўная неабходнасьць будаваць двухбаковыя адносіны паміж суседзямі на аснове прагматызму. Зь іншага боку, розныя каштоўнасьці, на якіх грунтуюцца палітычныя рэжымы Беларусі і Ўкраіны, розныя вэктары замежнай палітыкі моцна ўплываюць на ўзаемадачыненьні. Ці ўдасца вытрымаць балянс гэтых двух розных чыньнікаў? Ад адказу на гэтае пытаньне будзе залежаць пэрспэктыва разьвіцьця стасункаў паміж блізкімі суседзямі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG