Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз палякаў Беларусі: здарэньні і пэрспэктывы


Сяргей Астраўцоў, Горадня У эфіры “Свабоды” шырока асьвятляецца сытуацыя вакол Саюзу палякаў Беларусі. Якія пэрспэктывы цяпер перад гэтай масавай грамадзкай арганізацыяй?

Сёньня існуюць афіцыйны Саюз палякаў і, так бы мовіць, нелегальны Саюз палякаў, якога ўлады не прызнаюць. Прычым у Польшчы ўсё наадварот – там падтрымліваюць СПБ на чале з Анжалікай Борыс і не прызнаюць Саюзу, у якім кіруюць паплечнікі колішняга старшыні арганізацыі Тадэвуша Кручкоўскага. Дарэчы, днямі Кручкоўскага не ўпусьцілі ў Польшчу фактычна як пэрсону нон грата.

Саюзу палякаў улетку споўнілася 15 гадоў, аднак, паводле заснавальніка СПБ Тадэвуша Гавіна, нікому не прыйшло ў галаву адзначаць гэтую падзею, бо якраз тады ішла фактычна “міні-вайна” за кантроль над Саюзам, які займаўся адраджэньнем польскай культуры і школьніцтва ў Беларусі пры падтрымцы польскай дзяржавы.

Пры канцы жніўня у Ваўкавыску быў паўторна праведзены VI зьезд СПБ. Першым разам, у сакавіку, калі дэлегаты VI зьезду ў Горадні абралі кіраўніком Саюзу Анжаліку Борыс, вынік не задаволіў улады. У Ваўкавыску дэлегатам прапанавалі адзіную кандыдатуру, і старшынём СПБ стаў Юзаф Лучнік – школьны пэдагог на пэнсіі.

Дэлегатка паўторнага зьезду Лілія Вялічка з Гомелю:

(Вялічка: ) “Тадэвуш Кручкоўскі, які быў старшынём, сказаў, што ён стаміўся і ў гэтай сытуацыі ня лічыць магчымым сваю кандыдатуру выстаўляць. Таму вельмі важна, каб цяпер прыйсьці да адзінства, каб спыніць канфрантацыю”.

Ваўкавыскі зьезд быў названы “зьездам паяднаньня”, але за бортам засталіся шмат якія актывісты Саюзу.

Першыя дзесяць гадоў СПБ узначальваў Тадэвуш Гавін, вядомы сваёй сымпатыяй да беларускай апазыцыі. Пяць гадоў таму кіраўніком быў абраны апанэнт Гавіна Тадэвуш Кручкоўскі – выкладчык гісторыі Гарадзенскага ўнівэрсытэту. Улады ён задавальняў. Калі надышоў час чарговага VI зьезду, спадар Кручкоўскі не сьпяшаўся склікаць яго. Мін’юст заплюшчыў на гэта вочы, тады супернікі Кручкоўскага пачалі падрыхтоўку самі. Гэта пазьней дало падставу Кручкоўскаму, а таксама Мін’юсту абвінаваціць іх у тым, што кіраўніка Саюзу нібыта адсунулі ад падрыхтоўкі зьезду.

На зьезьдзе здарыўся скандал: студэнтка Гарадзенскага ўнівэрсытэту, у якім выкладае спадар Кручкоўскі, заявіла, што ён нібыта схіляў яе да сэксуальных кантактаў. Вось як пра гэта сказаў дэлегатам зьезду сам спадар Кручкоўскі:

(Кручкоўскі: ) “Раптам студэнтка ўнівэрсытэту прыпомніла, што чатыры гады таму яе гвалцілі, а потым у газэце гаварыла, што, можа, ня гвалцілі, а толькі схілялі да сэксуальных стасункаў”.

Большасьць дэлегатаў, выбіраючы паміж Кручкоўскім і Борыс, аддала перавагу жанчыну. Ёй 31 год, яна ня замужам, кіравала ў Саюзе палякаў аддзелам адукацыі. Паводле спадара Кручкоўскага, за ёй стаяў Тадэвуш Гавін. Улады, што напярэдадні зьезду схілялі дэлегатаў да галасаваньня за Кручкоўскага, прайгралі. А тут яшчэ быў пастаўлены пад сумнеў ягоны імідж. І ўнівэрсытэцкая камісія, якая разьбірала заяву студэнткі, і пракуратура прызналі, што Кручкоўскі парушыў нормы дачыненьняў паміж выкладчыкам і студэнткай. Але ня больш за тое...

Пасьля гэтага ва ўнівэрсытэце зь мінімальнай перавагай галасоў Кручкоўскаму падаўжаюць на наступны год працоўны кантракт. І тут Мін’юст абвяшчае, што не прызнае вынікаў 6-га зьезду Саюзу палякаў і называе сапраўдным былое кіраўніцтва на чале з Кручкоўскім, абавязаўшы яго за два тыдні вызначыць месца і дату паўторнага правядзеньня зьезду.

Празь дзень Беларускае тэлебачаньне паказвае фільм “Аднойчы ў Косаве, альбо хто замовіў Саюз палякаў?” Са зьместу літаральна вынікала, што беларускім уладам “замовілі” Саюз (у сэнсе – яго ліквідацыю) польскія дыпляматы, якія нібыта прагнулі ўцягнуць арганізацыю ў палітычную барацьбу на баку беларускай апазыцыі. У фільме былі выкарыстаныя апэратыўныя відэаздымкі, а таксама выступы былога старшыні Саюзу Тадэвуша Кручкоўскага ды некаторых ягоных паплечнікаў. Фільм выклікаў абурэньне Галоўнай рады СПБ, якая сабралася на наступны дзень у Горадні: з 35 сяброў прыехалі 25. Анжаліка Борыс тады сказала:

(Борыс: ) “Людзі былі абураныя, бо гэта сорам і ганьба: чалавек, які прайграў, ня можа пагадзіцца з гэтым і выкарыстоўвае розныя мэтады і спосабы, нават тыя, якія вядуць да зьнішчэньня арганізацыі”.

Польшча адкрыта падтрымала новае кіраўніцтва Саюзу палякаў. Сядзібу ў Горадні наведалі кіраўнік соймавай камісіі па сувязях з палякамі ў замежжы Раман Гертых і віцэ-старшыня ўплывовай партыі “Закон і справядлівасьць” Адам Ліпіньскі, які ўзначаліў камітэт “Салідарныя зь Беларусьсю”. Тым часам улады выслалі зь Беларусі Марка Буцьку з польскай амбасады.

Стваральнікі фільму пра Саюз палякаў не знайшлі на новага кіраўніка Саюзу Анжаліку Борыс большага кампрамату, як зрабіць закід, што на настаўніцкім мерапрыемстве, якое яна праводзіла, на сталах разам з пачастункам была гарэлка. Ня ўсе чыноўнікі, аднак, былі настроеныя супраць спадарыні Борыс. Вось што тады сказаў намесьнік старшыні камітэту ў пытаньнях рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Уладзімер Ламека:

(Ламека: ) “Я ня супраць быў бы працаваць з той жа Анжалікай Борыс, дарэчы, калі б там усё нармальна было на зьезьдзе. Якраз яна адна, можа, з усіх, хто найбольш сябе прыстойна паводзіў на зьезьдзе. І мне падалося, гэта той чалавек, які можа спакойна пагаварыць, умее дзяржаву слухаць, і мы яе маглі б слухаць. Таму што папярэднікі былі адпаведныя, яны толькі ўсё бачылі дрэннае, і зь імі было канструктыўна цяжка дамаўляцца”.

Але дамаўляцца з Анжалікай Борыс ніхто не зьяўляўся. Хаця яна па-ранейшаму займала са сваімі паплечнікамі сядзібу СПБ, мясцовыя ўлады, зважаючы на ўльтыматыўнае рашэньне Мін’юсту, лічылі, што яна там знаходзіцца незаконна.

Тым часам былы старшыня СПБ Тадэвуш Кручкоўскі не сьпяшаўся выконваць рашэньне Мін’юсту што да паўторнага правядзеньня VI зьезду Саюзу палякаў: ён судзіўся са студэнткай, якая яго абвінаваціла ў сэксуальных дамаганьнях, і ўрэшце выйграў суд.

Сытуацыя вакол СПБ абвастралася. Намесьнік Анжалікі Борыс Юзаф Пажэцкі:

(Пажэцкі: ) “Улада праводзіць работу па ўсёй Беларусі, размаўляюць з кіраўнікамі нашых аддзелаў. У многіх раённых газэтах надрукавалі апошнім часам артыкулы, у якіх гаворыцца пра нібыта нелегітымнасьць VI зьезду СПБ”.

У сваю чаргу актывісты СПБ сабралі каля трох тысяч подпісаў пад лістом да прэзыдэнта Лукашэнкі. Яны выказвалі сваё абурэньне фільмам “Аднойчы ў Косаве, альбо хто замовіў Саюз палякаў?” і прасілі не зьнішчаць СПБ. Адказу яны не атрымалі. І гэты быў, бадай, ледзьве не адзіны прыклад сапраўды масавай падтрымкі пазыцыі Анжалікі Борыс сябрамі Саюзу.

Нарэшце група Кручкоўскага вырашыла склікаць 27 ліпеня ў Шчучыне старую Галоўную раду СПБ, каб яна назвала месца і дату паўторнага правядзеньня VI зьезду. З 35 чалавек прыехалі 13, для кворуму не хапала пяці чалавек, але рашэньне прынялі. Старшыня Рады Канстанцін Тарасевіч апраўдваў свае дзеяньні:

(Тарасевіч: ) “Найлепей было б, каб мы селі разам усе і прыйшлі да нейкага паразуменьня. На жаль, так не атрымліваецца, таму што давялі да такога стану, што ня толькі руку падаць ці размаўляць, але й глядзець адзін на аднаго ня могуць. Таму тое, што мы зрабілі сёньня, я лічу, – якраз выйсьце з гэтага крызісу, а іншага выйсьця няма”.

У той жа дзень увечары адбыўся штурм сядзібы Саюзу палякаў АМОНам. З таго часу міліцыянты ўзялі Саюз палякаў пад ахову як нейкую важную ўстанову. Вось як гарадзенцы рэагавалі на паглыбленьне канфлікту вакол Саюзу палякаў:

(Спадар: ) “Тут ня трэба ўмешвацца ўраду, усё завязана на тым, хто будзе старшынём Саюзу палякаў Беларусі? Вось праз гэта шум і галас”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што канфлікт насамрэч абвастрыўся, і гэта ідзе менавіта з польскага боку. Я не лічу, што ў Беларусі гэтая праблема сапраўды такая вострая і што палякаў уціскаюць”.

(Спадар: ) “Мне здаецца, гэта ўнутраныя справы Саюзу палякаў, яны самі павінны ўсё вырашыць”.

Гарадзенскі гарадзкі аддзел Саюзу палякаў – самы вялікі ў Беларусі, у ім чатыры тысячы сяброў, таму міліцыянты маглі чакаць бурных пратэстаў супраць захопу сядзібы СПБ АМОНам і вяртаньня туды былога старшыні Саюзу Тадэвуша Кручкоўскага. Аднак людзей ля будынку зьбіралася зусім няшмат. Сакратарка гарадзкога аддзелу СПБ Ірэна Багатырэвіч:

(Багатырэвіч: ) “Ніякай палітыкай Саюз палякаў не займаўся і не займаецца, і таму тут няма ніякіх бурных выступаў, дэманстрацыяў, незадавальненьня ніхто не выказвае. Папросту людзі салідарна прыходзяць і адзін з адным сустракаюцца. І нават я тут ужо сустракала – прыходзяць таксама беларусы, а ня толькі палякі”.

Тым ня менш улады зрабілі ўсё, каб у часе падрыхтоўкі да зьезду ізаляваць найбольш актыўных прыхільнікаў Анжалікі Борыс: нібыта за вулічны сход у Шчучыне на 10 сутак пасадзілі яе намесьніка Юзафа Пажэцкага, журналіста Анджэя Пісальніка і кіраўніка гарадзенскага аддзелу СПБ Мечыслава Яскевіча, а журналісту Андрэю Пачобуту далі 15 сутак. 1 жніўня выказаць сваю падтрымку Анжаліцы Борыс ды яе прыхільнікам прыяжджаў віцэ-маршалак польскага Сэйму Дональд Туск. Міліцыя палічыла, што ў гэты дзень каля Саюзу палякаў адбыўся несанкцыянаваны сход: на 15 сутак пасадзілі намесьніка Борыс Веслава Кеўляка і Тадэвуша Гавіна, якому пазьней падоўжылі тэрмін яшчэ на 15 сутак.

Улады, паводле Анжалікі Борыс ды яе прыхільнікаў, заняліся зборам дэлегатаў на зьезд, некаторыя сябры Саюзу на знак пратэсту адмаўляліся ў гэтым удзельнічаць, сваіх дэлегатаў на зьезд не прыслала сталіца. Але ўрэшце звонку ўсё выглядала так, што большасьць сяброў 20-тысячнай арганізацыі засталіся ўбаку ад канфлікту. Заснавальнік Саюзу палякаў Тадэвуш Гавін так ацаніў выбары Юзафа Лучніка старшынём Саюзу:

(Гавін: ) “Ён ня выратуе Саюз, яго выратуюць тыя людзі, якія сёньня з Саюзу выкінутыя Лучнікавымі паплечнікамі, уладамі, адстаўленыя ад кіраўніцтва. Толькі ня ведаю, калі гэта адбудзецца – праз год – два ці празь пяць? Але я ўпэўнены, што як толькі зьменіцца палітычная сытуацыя, ня трэба будзе праводзіць ніякіх зьездаў, а Анжаліка Борыс і тое кіраўніцтва, якое было абранае на сакавіцкім зьезьдзе, вернуцца ў сядзібу СПБ і пачнуць кіраваць Саюзам. Будучыня належыць да гэтых людзей”.

Варта параўнаць два зьезды – сакавіцкі і жнівеньскі. На першым прысутнічалі дыпляматы, журналістаў было няшмат, але яны мелі свабодны ўваход. Зьезд ахоўваў адзін участковы міліцыянт. У Ваўкавыску зьезд ахоўваў цэлы аўтобус міліцыянтаў, ніхто з журналістаў у залі не прысутнічаў. Працэс кантралявалі кіраўніца абласной ідэалёгіі Марыя Бірукова, начальнік ідэалягічнага ўпраўленьня Ўладзімер Амелька з камандай, прыехаў міністар культуры Гуляка. Невыпадкова, што граматамі прэзыдэнцкай Адміністрацыі ўзнагародзілі пасьля вялікую групу начальства з КДБ, а таксама Бірукову і Амельку – “за ўмацаваньне стабільнасьці ў сфэры міжнацыянальных адносінаў”.

Што да актывістаў СПБ, дык адзначаны толькі Анджэй Пісальнік, які пры Анжаліцы Борыс быў галоўным рэдактарам тыднёвіка “Głos znad Niemna”. Пісальніку ўручылі прэмію імя Зьмітра Завадзкага. А вось пракуратура папярэдзіла яго, каб больш не называў сябе галоўным рэдактарам гэтай газэты. Аднак днямі ў Польшчы зноўку з дапамогай камітэту “Салідарныя зь Беларусьсю” пачаў друкавацца “Głos znad Niemna”.

І апошняя навіна: паводле некаторых зьвестак, улады прыхільнікам Анжалікі Борыс намякаюць на магчымасьць вярнуцца ў сядзібу СПБ. А дзеля гэтага, маўляў, трэба зноў супольна правесьці зьезд і абраць кіраўніка, які будзе задавальняць абодва лягеры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG