Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча зачыняе “зялёныя калідоры” на мяжы зь Беларусьсю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ад заўтрашняга дня ў сувязі з пагрозай эпідэміі птушынага грыпу на польска-беларускай мяжы будуць зачыненыя гэтак званыя “зялёныя калідоры”, празь якія праходзілі мяжу тыя, хто ня меў нічога да дэкляраваньня, узмоцнены таксама кантроль за харчамі, якія ўвозяцца ў Польшчу.

Мытная служба ў Беластоку і Падляскі аддзел Службы аховы межаў Польшчы у сумеснай заяве паінфармавалі, што рашэньне аб закрыцьці на нявызначаны час “зялёных калідораў” зьвязанае з рэкамэндацыямі Галоўнага вэтэрынарнага лекара краіны, які ў сувязі з пагрозай эпідэміі птушынага грыпу лічыць неабходным дакладна кантраляваць тое, што ўвозіцца ў краіну зь дзяржаваў, што не ўваходзяць у склад Эўразьвязу.

У Падляскім ваяводзтве “зялёныя калідоры” існавалі на памежных пераходах у Кузьніцы і Баброўніках.

Паводле польскіх памежнікаў, цягам адной зьмены на адным пераходзе “зялёным калідорам” карысталіся ў сярэднім каля 50 чалавек, цяпер яны будуць вымушаныя прайсьці стандартную працэдуру кантролю, што павінна зьменшыць верагоднасьць увозу на польскую тэрыторыю вірусу птушынага грыпу ў харчах.

Польскія мэдыі падаюць, што ў Расеі птушыны грып ёсьць ня толькі ў Сібіры, але ўжо і ў Тульскай вобласьці, а паколькі на расейска-беларускай мяжы кантроль практычна адсутнічае, дык заражанае мяса можа трапіць і ў Беларусь.

Беларусы, якія зьбіраюцца ў Польшчу, павінны лічыцца з тым, што ўсе некансэрваваныя мясныя прадукты, якія яны маюць пры сабе – у тым ліку, прыкладам, у канапках, трэба будзе пакінуць у адмысловых скрынках, што ўсталяваныя на памежных пераходах. У самой Польшчы на дадзены момант вірусу птушынага грыпу няма. (Жмудзіньскі: ) “Пагроза птушынага грыпу заўсёды можа існаваць, але мы пільна сочым за гэтым, робім прафіляктычныя аналізы на тэрыторыі ўсёй краны і на дадзены момант няма падставаў меркаваць, што гэтая хвароба у Польшчы ёсьць”.
Фатаграфія аўтара.


ШТО ТАКОЕ ПТУШЫНЫ ГРЫП?

Птушыны грып – інфэкцыйная хвароба птушак, выкліканая некалькімі штамамі віруса грыпу. Хвароба выяўленая ў 1878 годзе ў Італіі. Натуральны носьбіт – пералётныя вадаплаўныя птушкі, якія маюць высокую адпорнасьць да інфэкцыі. Найбольш успрымальныя да хваробы свойскія птушкі. Хвароба пашыраецца праз птушыны памёт і сельскагаспадарчае абсталяваньне – транспарт, адзеньне. Пашырэньню віруса спрыяе таксама міжнародны гандаль жывымі птушкамі.

ШТО ЗДАРАЕЦЦА З ЗАРАЖАНАЙ ПТУШКАЙ?

Сымптомы могуць быць самыя розныя – ад лёгкай нядужасьці да заразнай сьмяротнай немачы і фатальных эпідэміяў. Заразная форма хваробы пачынаецца раптоўна і ў пераважнай большасьці выпадкаў канчаецца сьмерцю. Дзякуючы генэтычнай мутацыі рызыкоўнасьць віруса можа павысіцца вельмі хутка.

ЧЫМ НЕБЯСЬПЕЧНЫ ПТУШЫНЫ ГРЫП ДЛЯ ЛЮДЗЕЙ?

Пакуль што птушыны грып не ўяўляе сур’ёзнай пагрозы для людзей – вірусам звычайна заражаюцца толькі птушкі і сьвіньні. Аднак былі зарэгістраваныя выпадкі заражэньня людзей у Віетнаме, Таіляндзе, Камбоджы і Інданэзіі, праўда, ўсе гэтыя выпадкі зьвязаныя зь непасрэдным кантактам зь мёртвымі або хворымі птушкамі. Адзіны магчымы выпадак заражэньня чалавека чалавекам зафіксаваны летась у Таіляндзе. Вакцыны, якая аберагла б людзей ад заражэньня штамам H5N1, няма, аднак ёсьць лекі для лячэньня хваробы.

ЧАМУ ЗАНЕПАКОЕНЫЯ НАВУКОЎЦЫ?

Калі штамам H5N1 віруса птушынага грыпу заражаліся людзі, назіралася высокая сьмяротнасьць – з 112 выпадкаў захворваньня 57 закончыліся сьмерцю. Непакой выклікае тое, што ў выніку мутацыі штам можа набыць здольнасьць перадавацца ад чалавека чалавеку. Калі гэта здарыцца, вынікам можа быць пандэмія – накшталт “гішпанкі” 1918-1919 гадоў, якая забрала ад 20 да 40 мільёнаў жыцьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG