Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская дыяспара камэнтуе візыт украінскага прэм''ера ў Беларусь


Валер Каліноўскі, Менск Прэм’ер-міністар Украіны Юры Еханураў, які сёньня пабываў з аднадзённым афіцыйным візытам у Беларусі, знайшоў час на сустрэчу з прадстаўнікамі украінскай дыяспары, якая прайшла ля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Менску. Што гавораць лідэры беларускіх украінцаў пра разьвіцьцё адносін Кіева і Менску, высьвятляў наш карэспандэнт.

Віктар Гутоўскі, старшыня грамадзкага аб’яднаньня ўкраінцаў Беларусі “Ватра”, лічыць сябе прыхільнікам новай украінскай улады, “аранжавай Украіны”, ды мяркуе, што дэмакратычныя хвалі з Украіны абавязкова дойдуць і да Беларусі.

(Гутоўскі: ) “Украіна абавязкова неяк паўплывае. Прыгадаем хаця б фізычныя законы дыфузіі. Тыя дзяржавы, якія знаходзяцца побач, яны заўсёды ўплываюць адна на другую, у культурных адносінах, у палітыцы, у эканамічных адносінах таксама.”

Спадар Гутоўскі мяркуе, што беларуска-ўкраінскія адносіны разьвіваюцца ў правільным кірунку, маючы на ўвазе рост эканамічнага супрацоўніцтва.

Вядомы беларускі палітык украінскага паходжаньня Станіслаў Гусак кажа, што ён цяжка перажыў апошнія падзеі ва Ўкраіне, зьвязаныя з адстаўкай ураду Юліі Цімашэнка, а таксама кантакты прэзыдэнта Юшчанкі зь Віктарам Януковічам, а прэм’ера Еханурава – зь Леанідам Кучмам. Гэтае разьвіцьцё падзеяў спадар Гусак назваў памылкай, як і спробы Віктара Юшчанкі ды Юрыя Еханурава навязаць больш шчыльныя сувязі зь беларускімі ўладамі:

(Гусак: ) “Я лічу, што гэта таксама памылка. Што да эканамічных адносін, то гэтая справа павінна быць аддадзеная прадпрымальнікам. Нашы прадпрымальнікі задушаныя, таму тут гэтыя пытаньні вырашае Лукашэнка… А чыста палітычна Юшчанка зробіць вялікую памылку, калі дапусьціць гэтую сустрэчу з Лукашэнкам. Я супраць такой сустрэчы”.

Станіслаў Гусак мяркуе, што спробы Віктара Юшчанкі выканаць нейкую пасярэдніцкую місію з мэтай пазытыўнага ўплыву на Аляксандра Лукашэнку выніку мець ня будуць, бо падобных прыкладаў было шмат.

Кіраўніца культурна-асьветнага таварыства “Обрій” Тацяна Бей кажа, што яе арганізацыя займаецца выключна культурнай дзейнасьцю, і мяркуе, што менавіта культура можа стаць сапраўдным мостам паміж Украінай і Беларусьсю, на які можа нанізвацца і палітыка, і прадпрымальніцтва. У такім мосьце павінны былі б быць зацікаўленыя і Украіна, і Беларусь.

(Бей: ) “Тое ж, што няма да гэтага часу рэтрансьлятару, і што нельга да гэтага часу глядзець украінскія тэлепраграмы тут, у Беларусі, гэта нядобра, з 1993 года мы за гэта змагаемся і заўсёды ставім на ўсіх сустрэчах гэтае пытаньне”.

Тацяна Бей кажа, што важнай праблемай для украінскіх суполак у Беларусі застаецца брак офісных памяшканьняў і недахоп матэрыяльнай падтрымкі іх дзейнасьці з боку украінскіх і беларускіх уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG